Пасля першых штрафаў за віцебскую "фотасесію з птушкамі і клеткамі" адна даўняя знаёмая ашарашыла мяне пытаннем: "Дык куды трэба падаваць заяўкі на групавое фотаграфаванне?"
Абсурднае па-сутнасці пытанне было зададзена ўсур'ёз: спадарыня займаецца арганізацыяй вяселляў, а якое ж вяселле – без фотаздымкаў на памяць…Пачынаю тлумачыць: паводле заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, такімі лічацца сход, мітынг, шэсце, пікет, вось на іх і трэба падаваць заяўкі ў раённыя адміністрацыі.
"На правядзенне фотасесій заяўкі падаваць нікуды не трэба", - кажу сваёй знаёмай. І адчуваю: не верыць! Гаворыць: "А можа, усё-ткі падаць заяўку, каб потым не засудзілі за несанкцыянаванае пікетаванне, як вас?"
Як было ў нас. Гісторыя пра фотаграфаванне на фоне графіці шырока разышлася па інтэрнэце, таму падрабязна пераказваць не буду. А калі каротка, то так. У Віцебску шмат маладых мастакоў, што не дзіўна з улікам наяўнасці мастацка-графічнага факультэту ва ўніверсітэце імя П.Машэрава і навучання дызайну ў тэхналагічным універсітэце. А спаміж гэтых мастакоў вельмі шмат графітыстаў, і таму многія будынкі ў горадзе ўпрыгожаныя разнастайнымі малюнкамі. Зрэшты, ці "ўпрыгожаныя" яны, ці "сапсаваныя" – гэта справа густу. Але графіці на будынку зачыненага на рэканструкцыю раённага дома культуры падабаецца многім: на ўзроўні другога паверха намаляваны тры жалезныя клеткі і тры птушкі, першая – унутры клеткі, другая – прарываецца скрозь краты, трэцяя – вылятае на волю. Такі малюнак. Якая тут метафара або алегорыя, кожны жыхар Віцебска мяркуе сам. Запытацца няма ў каго: імя мастака невядомае.
Некалькі чалавек вырашылі развіць ідэю невядомага графітыста. Выразалі клеткі з паперы, зрабілі з газеты птушак-арыгамі, узялі іх у рукі…Дарослыя, здавалася б, людзі. Але нам было весела і цікава. Мы таксама адчувалі сябе творцамі. І фатаграфаваліся.
Фотаздымкі з'явіліся ў "Фэйсбук" і на некалькіх інтэрнэт-сайтах.
Гэта стала галоўным аргументам для міліцыі: з абласнога міліцэйскага ўпраўлення даслалі рапарт, што нашы дзеянні маюць "прыкметы правапарушэння". І начальнік аддзела аховы і прафілактыкі міліцыі Чыгуначнага райаддзелу маёр Аляксандр Рыбакоў вырашыў, што мы "выражалі грамадскія і палітычныя інтарэсы". Запісаў гэта ў пратакол і пяць разоў паўтарыў на судовых працэсах, абвінаваціўшы ўдзельнікаў фотасесіі ў несанкцыянаваным пікетаванні.
Вынік – пяць штрафаў за парушэнне заканадаўства аб масавых акцыях. "Салідарнасць" ужо падлічыла, што нашы фотаздымкі – ужо самыя дарагія ў гісторыі беларускага правасуддзя, бо "каштуюць" амаль паўтары тысячы даляраў штрафаў. Але яны маюць перспектыву стацца і яшчэ даражэйшымі! Два верагодных штрафа яшчэ наперадзе, бо ў міліцыі налічылі 7 удзельнікаў: чацвера журналістаў, дзве грамадскія актывісткі, праваабаронца і шэраговы віцебскі мінак, які прыстаў да нас выпадкова – убачыў, што людзі фатаграфуюцца, ды вырашыў далучыцца…
Аргументы пра тое, што "гэта было прыгожа", "гэта быў мастацкі акт – перформанс" і "мы проста фатаграфаваліся" суд ігнараваў. Маёр Рыбакоў настойваў, што "правапарушальнікі" сабраліся ў пэўны час у пэўным месцы дзеля супольнае мэты – а значыць "праводзілі пікетаванне". Да таго ж трымалі ў руках хоць не плакаты і транспаранты, але "рэквізіт", паводле вызначэння спадара Рыбакова.
Ён, дарэчы, так і не змог адказаць на пытанне, з якімі яшчэ прадметамі нельга фатаграфавацца, каб гэта не палічылі за пікет. Затое выказаў уласнае меркаванне, якое яўна супярэчыць заканадаўству: можна ладзіць фотасесіі і любыя іншыя акцыі, абы фотаздымкі не трапілі ў інтэрнэт. Не трапілі – значыць, "не лічыцца". Калі ж трапілі, то рыхтуйцеся да адміністрацыйнай адказнасці за несанкцыянаванае масавае мерапрыемства.
А вось суддзя Чыгуначнага райсуду Алена Цыганкова слова "мерапрыемства" падкрэслена не ўжывала. Бо раз за разам паўтарала іншае пытанне: "Ці звярталіся вы па дазвол на групавое фатаграфаванне?" Чым уводзіла "правапарушальнікаў" і прысутных на працэсе ў поўны ступар. Ну хіба давядзеш суддзі, якая мусіць абапірацца на патрабаванні заканадаўства, што ні ў адным законе такіх патрабаванняў няма! І што на знак салідарнасці, каб прадэманстраваць абсурднасць абвінавачанняў, замежныя калегі-журналісты паўтарылі нашы дзеянні ў Брусэлі: сфатаграфаваліся з папяровымі клеткамі і газетнымі птушкамі. І яшчэ з плакацікамі "Хіба гэта злачынства?" Ясна, што нікога за гэтане аштрафавалі.
"Гэта ж свабодная Еўропа! Там вам не тут," – пісалі мне ў каментарыях на старонцы ў Фэйсбук. І раілі, што трэба рабіць, каб і ў нас фотаграфаванне не ператваралася ў "пікетаванне". Праблема ёсць, мы не першыя ў шэразе аштрафаваных. А Віцебск, як я ўжо казала, – гэта горад мастакоў, тут на кожным кроку графіці, дзе ні сфатаграфуйся. І вяселлі здымаюць, і Новы год набліжаецца – таксама сезон "групавых фотасесій"…
Самая частая парада – гэта закідаць раённыя адміністрацыі заяўкамі "Прашу дазволу сфатаграфавацца". Каб атрымаць дзесяткі адказаў, што такі дазвол не патрэбны, чым давесці сітуацыю да поўнага абсурду.
Але абсурду ў ёй – і так няма куды далей! Дык ці варта памнажаць гэты абсурд, дакладна ведаючы, што дазвол на фотаграфаванне ў агульнадаступным, не "засакрэчаным" месцы - нонсенс? Ці варта траціць час і сілы на дзеянні з абсалютна прадказальным вынікам? Ды з улікам таго, што пры вялікім жаданні, а тым больш на загад начальства "маёр рыбакоў" заўжды гатовы праявіць экстрасэнсорныя здольнасці і выкласці на судзе, якія канкрэтна крамольныя "інтарэсы" або "меркаванні" хацелі выразіць людзі на групавым фотаздымку!
Што рабіць з такімі "экстрасэнсамі", я не ведаю.
Думаю пра гэта, спрабуючы адкінуць эмоцыі і настроіцца на канструктыўныя разважанні.
Таму зноў складаю з газеты птушку-арыгамі. Кажуць, гэта дапамагае.
І спадзяюся, яшчэ спатрэбіцца.
Алена Сцяпанава адмыслова для Mediakritika.by
Фотасесія віцебскіх калег напярэдадні 5 лістапада (фота з суполкі "Нашы ў горадзе")


 
 
		