“Журналістку Радыё Свабода вінавацяць у “давядзеньні да самагубства”. Калі ўбачыў гэты загаловак на сайце беларускай службы “Радыё Свабода”, у галаве найперш мільганула: няўжо кагосьці з тутэйшых калег “замялі” следам за Аляксандрам Алесіным?
З тэксту высветлілася, аднак, што гаворка ідзе пра супрацоўніцу азербайджанскай службы Хадзіджу Ісмаілаву, якая ад 6 снежня ўтрымліваецца ў следчым ізалятары ў Кюрдаханах.
Не скажу, што навіна ад гэтага стала болей прыемнай, але ж, натуральна, геаграфія тут мае істотнае значэнне. Сюжэт адразу набывае іншую рамку. Бо паводле змаўчання падзея ўспрымаецца як мясцовая.
Калі прэзідэнт загінуў, пішыце, дзе
Чаму ж калегі (дарэчы, матэрыял пад тым самым загалоўкам прадубляваў сайт БАЖ) праігнаравалі геаграфічную опцыю ці не надалі ёй значэння?
Не бяруся меркаваць пра гэты канкрэтны выпадак, аднак часта медыі выкарыстоўваюць такі прыём, каб выклікаць павышаную ўвагу да публікацыі. Натуральна, што значна вастрэй успрымаецца здарэнне, якое адбылося недзе побач, у тваім рэгіёне ці тваёй краіне.
Але з гледзішча прафесійнай этыкі гэта некарэктны прыём.
Расійскі медыйны эксперт Аляксандр Амзін у “140 правілах інтэрнэт-журналіста” пад № 4 дае наступнае правіла: “Не інтрыгуйце, удакладняйце. Загаловак “Прэзідэнт загінуў” не мае права на жыццё ў расійскім выданні, калі вядзецца пра прэзідэнта Зімбабве”.
Натуральна, тое ж тычыцца і выдання беларускага.
Пад № 5 жа ў Амзіна наступнае правіла: “Увогуле не прыносьце карэктнасць загалоўка ў ахвяру хвосткасці”.
На якім маршруце арудуюць маньякі?
Тым часам на беларускіх вэб-рэсурсах мы бачым, напрыклад (сайт “Еўрарадыё”): Дзве сястры адбіліся рамянём ад сэксуальных вычварэнцаў (відэа)
Канечне ж, і тут паводле змаўчання большасць чытачоў успрымае падзею як блізкую. Кшталту: блін, на якім жа гэта маршруце ў нас так арудуюць абарзелыя гвалтаўнікі? Аказваецца, тое адбылося ў Індыі.
У сваю чаргу, Udf.by паведамляе: Парня убили во время предложения руки и сердца своей девушке
Калі ж выйсці на сайт БЕЛТА, адкуль ўзятая інфа, то адразу даведаешся, што трагедыя разыгралася аж у Новасібірску. Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва, аддамо належнае, акуратна вынесла геаграфію ў загаловак.
Зрэшты і БЕЛТА грашыць утойваннем геаграфіі, калі гаворка ідзе пра гучныя злачынствы недзе ў чорта на рагах. Вось два прыклады:
Мужчина сварился заживо вследствие прорыва трубы отопления
Мужчина в ходе ссоры с хозяйкой дома взорвал гранату, в результате два ребенка погибли
Першая гісторыя мела месца ў Якуцку, другая — у Карачаева-Чаркесіі. Застаецца гадаць, што стаіць за такой загаловачнай палітыкай. Ці тое даніна бульваршчыне, ці, можа, своеасаблівая паліткарэктнасць: не хочуць акцэнтаваць, што ўсе гэтыя жахі робяцца ў “братняй Расіі”, з якой мы нібыта інтэгруемся.
У выпадках такога маскавання геаграфіі мы бачым “элемент штучнай драматызацыі, калі чытачу хочуць паказаць, нібыта ўсё адбываецца побач і можа паўплываць на яго жыццё”, адзначыў у каментары для Mediakritika.by медыйны эксперт Паўлюк Быкоўскі.
На яго думку, гэта дэзарыентуе аўдыторыю СМІ, значная частка якой прабягае толькі загалоўкі ды ліды, і сведчыць пра зніжэнне прафесійнай планкі, бо фактычны падман “робіцца наўмысна, каб быў клік, пераход”.
Зрэшты, падкрэслівае эксперт, частка рэкламадаўцаў ужо навучылася адрозніваць так званы смеццевы трафік (калі нехта вядзецца, пстрыкае мышкай, але, расчараваны, сыходзіць з сайта праз 12 секунд) — і не хоча размяшчаць рэкламу на такіх рэсурсах.
А расу будзем цыркулем вызначаць?
А вось вам адваротны прыклад — як некаторыя медыі акцэнтавалі ўвагу на замежнай ці этнічнай опцыі.
Амаль што адначасна БЕЛТА і Tut.by выставілі інфармацыю пра адну і тую ж крымінальную справу. Пры гэтым дзяржаўнае агенцтва дало наступны загаловак:
Владелец брестского казино похитил у иностранных банков более Вr1 млрд
А вось самы буйны беларускі партал вырашыў падкрэсліць нацыянальнасць абвінавачанага ў злачынстве:
Армянин чуть не купил казино в Могилеве по чужой карточке
Між тым у тэксце той самы чалавек называецца “беларускім бізнесоўцам армянскага паходжання”. То бок, трэба разумець, аўтары ўдакладнілі, што ён мае наша грамадзянства.
Пра “беларускага бізнесоўца армянскага паходжання” цвердзіць і “Еўрарадыё”, якое, аднак, дало загаловак:
Замежнік ледзь не купіў казіно ў Магілёве па чужой картцы
Натуральна, сюжэт, у якім фігуруе чалавек “чужой крыві”, каторы дурыць даверлівых беларусаў, скупляе тутэйшую уласнасць, болей пікантны. Але наколькі этычная такая падача?
Увогуле сёння на Захадзе пераважае паняцце грамадзянскай, або палітычнай нацыі, калі нацыянальнасць атаясамліваецца з грамадзянствам. У нас на гэты конт пакуль што горача дыскутуюць, вылучаючы ў такім падыходзе як плюсы, так і мінусы.
Зрэшты, нагадвае Паўлюк Быкоўскі, у беларускім пашпарце няма графы “нацыянальнасць”. Падкрэсліванне ж нацыянальнасці злачынцы, на думку эксперта, “мяжуе з распальваннем міжнацыянальнай варажнечы”.
Дарэчы, калі адпаведнай графы няма, то як на практыцы вызначаць нацыянальнасць? На вока? З цыркулем? І навошта?
Згадваецца, як сёлета некаторыя СМІ вынеслі ў загалоўкі, што у Беларусі пакаралі смерцю цыгана. У іншых выпадках, калі выконваліся аналагічныя прысуды, этнічныя карані расстраляных не згадваліся, а тут вось — падкрэслілі. Так бы мовіць, спрацавалі на імідж пэўнага народа.
Увогуле ж сярод бізнесоўцаў, спартоўцаў і нават чыноўнікаў высокага рангу ў нашай краіне ёсць людзі рознага этнічнага паходжання. Але ж мы не даем загалоўкі кшталту: беларускі габрэй (татарын, азербайджанец) атрымаў такую і такую пасаду (перамог на чэмпіянаце свету і г.д.). Згадзіцеся, дзікавата гучыць, патыхае нейкім падзелам на гатункі, калі не сказаць — расізмам.
Зазначу, што згаданыя вышэй публікацыі пра камп’ютарнага злодзея ёсць мінімальнай пераробкай прэс-рэліза, змешчанага на сайце Упраўлення Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці.
Трэба сказаць, што органы, якія змагаюцца са злачыннасцю, у сваіх зводках нярэдка грашаць падкрэсліваннем нацыянальнасці падазраваных (якіх апрыёры называюць злачынцамі), калі яна, з іх гледзішча, экзатычная. І тут медыям не варта ісці на повадзе.
Зрэшты, дзеля справядлівасці адзначу, што ў канкрэтным прэс-рэлізе абвінавачаны фігуруе толькі як “38-гадовы нараджэнец г. Ерэвана”. І хто вам сказаў, што гэта абавязкова армянін?
Але калі і так, то нашто выносіць этнічнае паходжанне ў загаловак, падмацоўваючы тым самым абывацельскія забабоны, у гэтым выпадку — датычна “асобаў каўказскай нацыянальнасці”?
У Гандурасе дык у Гандурасе
Варта дадаць: было б глупствам ва ўгоду абсалютызаванай паліткарэктнасці накладаць табу на згадку этнічных каранёў. Як без гэтага напішаш, напрыклад, пра фестываль нацыянальных культур?
Ці вось: палітычныя каментатары не аднойчы зважалі на тое, што ў атачэнні беларускага афіцыйнага лідара, маўляў, занадта шмат выхадцаў з-за межаў Беларусі.
Таксама апошнім часам у звязку з шэрагам кадравых рашэнняў аналітыкі загаманілі пра тое, што Аляксандр Лукашэнка, магчыма, спрабуе трохі выправіць гэты дысбаланс у сітуацыі “пасля Крыма”.
І такі палітычны аналіз цалкам мае права на існаванне, тут няма ніякага падагравання міжнацыянальнай варажнечы. Як, напрыклад, і ў матэрыяле пра легіянераў, што гуляюць за беларускія клубы.
Аднак у кожным разе варта добра ўзважваць, перш чым выпінаць чыесьці этнічныя карані, асабліва ў негатыўным кантэксце.
А вось калі нехта некага зарэзаў, прыкладам, у Гандурасе, а вы друкуеце гэта на беларускім рэсурсе, то, калі ласка, пазначайце ў загалоўку дурнеўстойліва: Гандурас.


