Працэс пайшоў: Мінінфарм, ужыўшы новыя паўнамоцтвы, заблакаваў два сайты, што ўтрымлівалі “вульгарную і табуяваную лексіку”.
Нагадаю, што права абмяжоўваць доступ да вэб-рэсурсаў ведамства атрымала згодна з папраўкамі ў закон аб СМІ, якія акурат і прыраўнялі сайты да гэтых самых СМІ. Абноўлены закон дзейнічае з 1 студзеня.
Чыноўнікі матывуюць рашэнне тым, што памянёная лексіка здольная нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі, у прыватнасці грамадскай маралі.
І паспрабуй тут запярэч: ты што, мат апраўдваеш, убрыкні цябе камар?
Логіка сістэмы: трэба паказваць пільнасць
Дарэчы, сам я акурат не трываю выразаў, ад якіх вянуць вушы. Пры тым што рос сярод простага люду, стараюся ўтрымлівацца ад “трах-тарарах” нават у сітуацыях а-ля малатком па пальцах.
Яшчэ болей, і вульгарызмаў не люблю: нават слоўца, якім часта называюць дыскусію у фэйсбуку, карабаціць эстэтычны густ аўтара гэтых радкоў. Вось такі я, блін, далікатны.
Тым не меней, першыя заявы і дзеянні Мінінфарма ў святле абноўленага закона пры ўсім высакародстве дэклараваных мэтаў спараджаюць трывожныя прадчуванні.
Можна зразумець, чаму заблакаваныя сайты чыноўнікі не называюць: іначай пасля такой рэкламы народ ламануўся б праз ананімайзеры ды іншую халеру, на якую адміністрацыйны дручок знайсці цяжка.
Таксама можна меркаваць, што рэсурсы не мэйнстрымныя, іначай абмежаванне доступу многія б заўважылі адразу.
Дык нашто траціць на тыя маргінальныя сайты порах? Магчыма, яны сапраўды цалкам брыдкія, але ж такіх у сеціве — незлічоная колькасць. Дык ці не ёсць гэта нейкай размінкай, падрыхтоўкай грамадскай думкі да таго, што бан становіцца будзённай прыкметай нашай рэчаіснасці? А мо гэта дэманстрацыя, што ведамства не дрэмле: вось, распачалі маніторынг, майце на ўвазе, што ўсё і ўсе пад кантролем.
Зазначу, што не схільны дэманізаваць службоўцаў: маўляў, сядзяць недзе спрэс такія сабе інфармацыйныя садзюгі, якіх хлебам не кармі, а дай кагосьці забаніць. Магчыма, каму-кольвек было б прасцей не адказваць за змест байнэту — так спаць спакайней.
Але калі ўжо абавязак ускладзены, то логіка сістэмы вымагае дэманстраваць пільнасць ды імпэт. Каб чаго не праміргаць і не атрымаць па шапцы. (Дарэчы, можна ўявіць сабе, наколькі пікантна выглядае занятак чыноўнікаў, якім даручана маніторыць рэсурсы на прадмет парнаграфіі.)
І блакаванне двух сайтаў за мат можа праз нейкі час падацца толькі кветачкамі.
Дзе межы табу?
Дарэчы, выклікае пытанні сваёй размытасцю сама фармулёўка пра “вульгарную і табуяваную лексіку”. Прычым гэта розныя рэчы.
Тады ўжо трэба, як гэта зрабіў у нашых усходніх суседзяў Раскамнагляд, выдаць хаця б сарамлівыя, але вычарпальныя для кемлівых тлумачэнні са скаротамі, што пад мацернымі маюцца на ўвазе чатыры словы “х..., п..., е..., б...” ды вытворныя ад іх.
Зрэшты, нават табуяваная (абсцэнная) лексіка ўжываецца ў мастацкай літататуры як выяўленчы сродак. І гэта ўжо пытанне густу, дарэчнасці. Калі чуеш лаянку на вуліцы, яна торгае, калі страчаеш у дыялогах герояў Віктара Марціновіча — успрымаеш як дакладнае адлюстраванне нашых суровых культурных рэалій.
Дык што, калі на сайце з’явіцца, напрыклад, рэцэнзія на раман Марціновіча з нейкімі смачнымі цытатамі, рэсурс будуць глушыць?
Што ж да вульгарызмаў, то яны з адпаведнымі стылістычнымі пазнакамі фігуруюць у акадэмічных слоўніках (напрыклад, у “Тлумачальным слоўніку беларускай літаратурнай мовы” — “сволач”, сцерва” і да т.п.). І таксама могуць сустракацца ў медыйных тэкстах — дзеля характарыстыкі дзейных асоб, публіцыстычнай экспрэсіі.
Зноў жа, іх ужыванне — пытанне густу, кантэксту, і я — за пачуццё меры. Але ставіць вульгарызмы на адну роўніцу з матам — цалкам непісьменна.
Калі такі падыход давесці да абсурду, то сайт можна заблакаваць нават за цытаванне высокіх дзяржаўных асоб (згадаем хрэстаматыйныя ўжо выразы пра палітыка-“казла”, “вашывых блох”, “адмарозкаў”, нарэшце — турэмнага паходжання слоўца “нахіліць”).
Скажаце, утрырую, прапаную фантастычны трылер? Але досвед расійскіх вэб-СМІ паказвае, што да сайта могуць прысцябацца (закрэслена)… прычапіцца на цалкам высмактаных з пальца падставах.
Мне ўжо даводзілася пісаць, як той самы Раскамнагляд пасля прыняцця ў Расіі адмысловага закона супраць нецэнзуршчыны ў медыях забараніў тры публікацыі “Ленты.Ру”. Пры тым што яны былі не першай свежасці, даўно самі па сабе патанулі ў архівах. І заўважце, які кантэкст: у адным выпадку прэтэнзіі выклікала гутарка з філолагам аб паходжанні рускага мату, у другім — відэа з месца падзення чалябінскага метэарыта, у трэцім — публікацыя аб пратэстнай акцыі пад дэвізам “Ідзіце на *** са сваёй рэгістрацыяй”.
Барацьба са шкоднікамі на просьбу працоўных
Карацей, зараз лепей пісаць хіба што пра акцыі пад лозунгам кшталту “Что-то не так!”.
Зрэшты, і гэта можа не ўратаваць рэсурс. Бо абноўлены закон аб СМІ даў у рукі ўладам зброю масавага знішчэння — магчымасць блакаваць сайты, калі іх змесціва здольнае зрабіць “шкоду нацыянальным інтарэсам”.
Пры беларускай жа палітычнай спецыфіцы шкоднай можа быць прызнана фактычна любая крытыка дзейнай улады. Бо тыя, хто наверсе, схільныя, як паказвае досвед, атаясамліваць нацыянальныя інтарэсы з пытаннем захавання свайго статус-кво. Вякаеш пра нейкую ратацыю кіроўных эліт — значыць, з гледзішча гаспадароў важных кабінетаў замахваешся на дзяржаўны лад. У бан такую сволач (закрэслена) дэструктыўны элемент!
А тут яшчэ акурат падаспела і даследаванне “Медыясфера Беларусі” Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнцкай адміністрацыі, паводле якога блізу 75% беларусаў выказваюцца за рэгуляванне інфармацыйных плыняў у інтэрнэце, а палова — за блакаванне сайтаў апазіцыйных палітычных сіл.
І ўжо зусім не фантастычнай падаецца перспектыва, калі байнэт пачнуць цэнзураваць “на шматлікія просьбы працоўных” (ветэранаў, шматдзетных маці, сяброў БРСМ і г.д. — патрэбнае падкрэсліць).
Прычым пад апазіцыйнымі ў нас чыноўнікі звычайна маюць на ўвазе не партыйныя сайты, а проста незалежныя інфармацыйныя рэсурсы. Пад іх блакаванне зараз элементарна можна падвесці тую ж расплывістую базу — “шкода нацыянальным інтарэсам”.
Дарэчы, міністр інфармацыі Лілія Ананіч падчас нядаўняй анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА паведаміла: пільныя грамадзяне ўжо сігналізуюць у ведамства, што “не заўсёды рэдакцыйная палітыка пэўных рэсурсаў укладваецца не толькі ў межы заканадаўства, але і адпавядае нацыянальным інтарэсам”.
Як бачыце, фармулёвачка ўжо на ўзбраенні.
Зараз лагічна забаніць і фэйсбук
Яшчэ спадарыня Ананіч заявіла, што міністэрства прааналізуе, ці трэба было асобным айчынным медыям перадрукоўваць на знак салідарнасці малюнкі з Charlie Hebdo. У звязку з гэтым яна згадала гісторыю, калі “адно з беларускіх СМІ апублікавала карыкатуры на прарока Мухамеда, і была вельмі жорсткая адэкватная рэакцыя дзяржавы”.
Маецца на ўвазе гісторыя мінулага дзесяцігоддзя з газетай “Згода”. І прыклад сапраўды надта ж красамоўны, бо ў тым сюжэце менавіта палітычная матывацыя ўладаў бачная няўзброеным вокам. А інтрыга закруцілася акурат перад прэзідэнцкімі выбарамі 2006 года.
“Я так разумею, што гаворка ідзе пра газету гэтага адмарозка, дзе былі надрукаваны карыкатуры”, — кінуў тады з высокай трыбуны Аляксандр Лукашэнка. Ён назваў публікацыю “правакацыяй супраць дзяржавы”.
“Згода” ж, нагадаю, была выданнем БСДП (Грамада), якую на той час узначальваў востры на язык канкурэнт Лукашэнкі на выбарах Аляксандр Казулін.
Хуценька было інспіравана абурэнне з вуснаў прадстаўнікоў мусульманскай грамады Беларусі. Пастфактум адзін з лідараў абшчыны прызнаўся, што тое выданне (раней ужо выкінутае з сістэмы распаўсюду) яму падсунулі чыноўнікі: маўляў, трэба адрэагаваць.
У выніку “Згоду” закрылі, а рэдактар Аляксандр Здвіжкоў атрымаў тры гады зняволення.
І карыкатуры, як выглядае, былі ў гэтым сюжэце толькі зачэпкай. Выданне трапіла ў жорны палітычнай разборкі.
Тым часам набліжаюцца новыя выбары. Раней перад імі пачыналі масава вязаць апазіцыянераў, складаючы пратаколы паводле трафарэта: “…ругался матом, размахивал руками, на замечания не реагировал”.
Зараз пад раздачу могуць патрапіць і неўпадабаныя сайты — за вульгарную лексіку ці іншую “шкоду нацыянальным інтарэсам”.
Дарэчы, цяпер любы блог, любы акаунт у сацыяльнай сетцы можа разглядацца як СМІ. Глядзіце, каб якія-небудзь пільныя ветэраны не запатрабавалі забаніць фэйсбук, дзе таксама фрывольна пішуць розныя адмарозкі (закрэслена) крытыкі ўлады.
Што ж да айчынных чыноўнікаў з іх новымі паўнамоцтвамі паводле закона аб СМІ, то, як казаў Марк Твэн, для чалавека, што трымае ў руках малаток, любая праблема падобная на цвік.
Загоняць па самую плешку.


