Вы здесь

“Медыякрытыка” запускае новы праект – “Гісторыя беларускага самвыдату”

1987-1992 гады – гады Перабудовы, нацыянальнага Адраджэння ды аднаўлення беларускай незалежнасці. Шмат што з таго перыяду захавалася ў памяці, многае забылася – усё ж прайшло чвэрць стагоддзя. Але засталіся шматлікія артэфакты, і сярод іх – выдатная калекцыя самвыдату таго перыяду.

Самвыдат – адна з самых выбітных з’яваў часоў перабудовы. Яшчэ да таго, як камуністычная партыя афіцыйна страціла манаполію на праўду, па ўсім СССР пачалі стварацца тысячы ды тысячы разнастайных незалежных выданняў – газет ды часопісаў – якія рабіліся на чыстым энтузіязме, цалкам або напалову падпольна, насуперак дзяржаве, КПСС ды КДБ.

У Беларусі таго часу практычна ўвесь самвыдат быў нацыянальна-арыентаваны, прыблізна на 90% рабіўся на беларускай мове. Але ж колькі было такіх выданняў? Няма сэнсу шукаць адказы ў архівах Нацыянальнай бібліятэкі – там іх няма. Шмат хто, напэўна, памятае такія газеты, як “Навіны БНФ”, “Свабода” ды “Студэнцкая думка”. Але ж насамрэч самвыдатаўскіх праектаў было нашмат болей. Хто сёння можа ўзгадаць газеты “Беларускі калекцыянер”, “Рэанімова”, “Гоман”, “Зважай”, “Чарнобыльскі вожык”, “Charuhwa swabody”, “Рубон”, “Супольнасьць”, “Беларуская сьвятыня”, “Менскі веснік” ды іншыя? Але ж яны былі. Болей за тое – яны ёсць. Іх асобнікі (натуральна, далёка не ўсе) захаваліся ў асабістых архівах. Адзін з такіх сабраў наш аўтар Дзяніс Лаўнікевіч

З сакавіка Mediakritika.by распачынае новы праект: “Гісторыя беларускага самвыдату”. Кожны тыдзень мы будзем сканаваць ды публікаваць адно з унікальных самвыдатаўскіх выданняў перыяду 1987-1992 гадоў. Апроч сканаў там таксама будзе расповед пра выданне, а па магчымасці – гутаркі з тымі людзьмі, якія яго рабілі.

Па заканчэнні праекту, увесь багаты самвыдатаўскі архіў аўтар плануе перадаць Таварыству беларускай мовы імя Францішка Скарыны. А пакуль сачыце за навінамі на нашым сайце.

Оценить материал:
0
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в:

Опрос