ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Як “нячэсны” Цыганкоў ПЭН узарваў

Кейс “Цыганкоў супраць ПЭНа” (ці наадварот?) адметны для мяне тым, што беларускі МЗС любіць называць падвойнымі стандартамі. Вальнадумныя літаратары, якія ўчора зацята абаранялі права карыкатурыстаў сцябацца з рэлігійных святыняў, сёння дзяўбуць журналіста за тое, што калупнуў такую звышсакральную рэч, як прэс-рэліз Беларускага ПЭН-цэнтра. Фундаменталісты нервова кураць убаку.

Адразу падкрэслю: гэты мой тэкст не мае на мэце даследаваць, дыскрымінуюцца ці не ў нас рускамоўныя літаратары. Я — найперш пра медыйныя аспекты скандалу. Калі хочаце, пра місію журналіста і СМІ, якая скрозь ёсць дыскамфортнай для тых, хто трапляе ў фокус.

Адкуль вылезла чортава “дыскрымінацыя”

Нагадаю: дэтанатарам сеціўнай дыскусіі з зашкальваннем эмоцый стаў матэрыял Віталя Цыганкова “Беларускі ПЭН-цэнтар будзе змагацца з “дыскрымінацыяй” расейскамоўных пісьменьнікаў”, выстаўлены на сайце “Радыё Свабода” ўвечары 8 сакавіка.

Грунтуючыся на прэс-рэлізе пра агульны сход арганізацыі, журналіст акцэнтаваў увагу на тэзе, што Беларускі ПЭН-цэнтр “звяртае увагу на пэўную дыскрымінацыю” рускамоўных аўтараў, і даў меркаванні чатырох публічных асоб датычна гэтай праблемы.

Прычым старшыня арганізацыі Андрэй Хадановіч у каментары па гарачых слядах падкрэсліў: “Па-мойму, у нашым прэс-рэлізе сказана ўсё максымальна празрыста, я падтрымліваю выказаныя там словы”.

Пастфактум жа сітуацыя была абмалявана іначай: маўляў, прэс-рэліз складаў малады супрацоўнік, кіраўнік ПЭНа тэксту нібыта не бачыў. Ва ўсякім разе, праз два дні той самы Хадановіч публічна выбачыўся “за недарэчна ўжытае ў пэнаўскім прэс-рэлізе слова “дыскрымінацыя”.

Тым часам жарсці у літаратурнай (дый не толькі) грамадзе ўжо бушавалі, прычым асобныя пасіянары найболей далі дыхту… Цыганкову.

Зрэшты, Ціхан Чарнякевіч, які і рабіў той злашчасны прэс-рэліз, пазней зазначыў ў блогу на “Радыё Свабода”, што хаця “замест “дыскрымінацыі” мог быць (і напэўна, мусіў быць) іншы тэрмін”, “сутнасьці зьявы гэта б не адмяняла”.

Іначай кажучы, цёркі між рознымі плынямі літаратараў дэ-факта маюць месца. І слоўца не зусім ужо на роўным месцы з’явілася.

Гэтыя крыважэрныя журналюгі

Канцэнтрат жа прэтэнзій да журналіста (і за адным разам — да “Радыё Свабода”, дзе ён працуе) утрымліваецца ў матэрыяле літаратаркі Марыі Мартысевіч “Чаму коцікі лепшыя” у “Беларусском журнале”.

“Перастаньце раздзьмуваць скандалы на роўным месцы”, — заклікае аўтарка. Журналісту закідаецца нават тое, што “нягледзячы на свята” (маецца на ўвазе свята 8 Сакавіка, пад якое Цыганкоў, дарэчы, паводле гендарнай прыкметы не падпадае), той “не паленаваўся сесці за кампутар” ды абтэлефанаваць экспертаў, каб атрымаць каментары па тэме: ці сапраўды ў нас дыскрымінуюцца рускамоўныя пісьменнікі?

Матывы аўтарка трактуе так: журналісту, які рэгулярна “накідвае на вентылятар”, “зноў захацелася ў цэнтр увагі”, і вось ён вырашыў зрабіць гэта, “разжываючыся трафікам на чужых агаворках”. У фэйсбуку ж яна дадала, што Цыганкоў “тут спрацаваў, канешне, як папарацы, які падпільнаваў п’яную зорку, калі тая выходзіла з бару”.

Не, усё ж нездарма пісьменнікаў назвалі некалі інжынерамі чалавечых душ: аўтарка бачыць наскрозь усе памкненні чорнай душы Цыганкова!

Дарэчы, і літаратар Альгерд Бахарэвіч з нагоды гэтай гісторыі між іншым зазначыў у фэйсбуку: “...Відавочнае нечае жаданьне разьдзьмуць скандал на пустым месцы. Камусьці вельмі хочацца крыві і нянавісьці. Мо журналістам? У іх работа такая”.

Вядома, ну куды ўжо паганым крыважэрным журналюгам да вышэйшай пісьменніцкай расы!

А для каго тады пішуцца прэс-рэлізы?

З нагоды папрокаў, што журналюга, маўляў, прысцябаўся да слоўца, гісторык Аляксандр Пашкевіч іранічна зазначыў ў фэйсбуку (і гэтая рэпліка набрала дужа багата падабаек): “Заўсёды думаў, што прэс-рэлізы выключна для таго і пішуцца, каб журналісты звярнулі на нешта ўвагу і напісалі ўласныя матэрыялы”.

Сапраўды, прэс-рэлізы арыентаваны менавіта на спажыванне медыямі і апрыёры ўспрымаюцца ў рэдакцыях як верыфікаваная інфармацыя. І калі я, напрыклад, бяру для нейкага хвосткага каментару цытату з прэзідэнцкага сайта, то не тэлефаную ў ягоную прэс-службу ўдакладніць, ці ў цвярозым розуме быў той, хто выстаўляў тэкст у публічны доступ і ці бачыў гэты матэрыял Лукашэнка.

Карацей, калі ўжо абнародавалі нейкую карпаратыўную інфу на сайце — адказвайце за базар. І параўноўваць журналіста, які скарыстаўся афіцыйнай крыніцай, з папарацы, каторы падглядае ў замочную шчыліну, ну ніяк не выпадае. Тое, што ў выпадку ПЭН-цэнтра тэкст аказаўся сыры, не завізаваны начальствам ды і ўвогуле далёкі ад канонаў прэс-рэліза, — гэта вашы праблемы, ваша дылетанцтва, ваш унутраны бардак.

Дарэчы, пад эгідай БАЖа і некаторых іншых арганізацый ужо не першы год ладзяцца адмысловыя трэнінгі для тых, хто працуе ў прэс-службах розных арганізацый. Карысная рэч. Раманы, эсэ — гэта, вядома, крута, але ж не варта грэбаваць і азбукай “нізкіх” жанраў кшталту таго ж прэс-рэліза.

Між іншым, паводле абноўленага закона аб СМІ ўсе інфармацыйныя сайты разглядаюцца менавіта як СМІ. З усімі рэпрэсіўнымі наступствамі. Іначай кажучы, Мінінфарм можа заблакаваць за любы ляп.

Я не думаю, вядома, што чыноўнікі стануць так ужо паляваць на сайт ПЭНа. Але хачу падкрэсліць, што і вольным літаратарам самая пара вучыцца адказваць за кожнае слова, як даўно прывыклі адказваць журналісты. Без скідкі на багемную вольніцу.

Вы ўяўляеце сабе, каб рэдактар Сярэдзіч даводзіў міністарцы Ананіч: не давайце папярэджання “Народнай волі”, бо гэта практыкант надрукаваў артыкул, а я не бачыў. Ды ён бы застрэліўся, дапусціўшы такую ганьбу.

Вам патрэбна панылае лайно?

Што ж да кейса “Цыганкоў супраць ПЭНа”, то выкочваць прад’явы да журналіста варта выключна паводле таго, ці дакладна ён падаў факты, ці датрымаў прынцып асвятлення тэмы з розных бакоў, этычныя стандарты. І тут, бадай, камар дзюбы не падаткне.

Калі ж эмацыйная літаратарка папракае журналіста тым, што “дзякуючы ягонаму бліскучаму матэрыялу Сяргей Дубавец выходзіць з ПЭНа”, то ўзнікае наіўнае пытанне: а што, у Дубаўца сваёй галавы няма?

Дарэчы, на сённяшні дзень рашэнне пра выхад з арганізацыі прынялі ужо і Алесь Аркуш, і, паводле яго слоў, Вінцэсь Мудроў. Прычым Аркуш выказаў да кіраўніцтва ПЭНа цэлы веер прэтэнзій: маўляў, “ён ператварыўся ў нейкую кармушку, арганізацыю, дзе проста дзеляць гуманітарку, а не змагаюцца за пісьменнікаў”, “з членамі арганізацыі ніхто не раіцца” і г.д.

Як бачыце, праблемы выходзяць далёка за межы няўдалай фармулёўкі ў прэс-рэлізе. І матэрыял “Радыё Свабода”, верагодна, толькі каталізаваў той момант ісціны, які наспяваў даўно.

Так, можна сказаць, што журналіст раскалупаў больку. Але тут паведамлю страшную рэч: нармальная (не жоўтая, а менавіта нармальная) прэса заўжды да нечага дакалупваецца, палюе на сенсацыі, вышуквае анамаліі. Таму яе і чытаюць.

Калі ж гэтая функцыя адбіваецца ці атрафіруецца, то на выхадзе мы маем тое, што сеціўная публіка называе панылым лайном. Паглядзіце дзяржаўныя выданні.

І смешна папракаць Цыганкова, нашто ён выбраў з усяго парадку дня ПЭНа адно пытанне. На чорта была б тая незалежная прэса, калі б яна малаціла, як гэта робіць афіцыёз, справаздачы у духу “таксама быў закрануты шэраг праблем, намечаны захады што да іх вырашэння”?

Добрая журналістыка заўжды асіметрычная, акцэнтаваная і для кагосьці колкая. Рэдактары (і публіка) цэняць акурат уедлівых, чэпкіх, здольных на моцныя акцэнты журналістаў. І не трэба трактаваць іх як нізкіх істот, апантаных брыдкімі матывамі. Журналісты проста робяць сваю справу.

Не дыскрымінуйце журналістаў!

Тым жа, хто патрабуе ад СМІ нейкай стоадсоткавай аб’ектыўнасці, дыстыляванай паліткарэктнасці, нагадаю: журналістыка — розная. Гэта не толькі цалкам нейтральныя, як таго вымагае спецыфіка жанру, заметкі на стужку БелаПАН, але і, напрыклад, вострая, скрозь суб’ектыўная публіцыстыка Святланы Калінкінай.

У арсенале журналіста цалкам законнае месца займаюць і такія сродкі, як гіпербала, іронія, сарказм. Без іх медыйны кантэнт прэсны. Карацей, не толькі Бахарэвіч у сваіх эсэ мае права на тролінг, правакацыю. Так, трэба датрымліваць прафесійную этыку, але гэта не азначае працаваць, як той цырульнік: “Не беспокоит?”

Пісьменнікі ж, у сваю чаргу, людзі публічныя. І таму паводле азначэння болей, чым шараговы абывацель, адкрытыя для прэсы. Дзейнасць вашай арганізацыі — гэта не прыватны міжсабойчык. Таму не трэба станавіцца ў позу, калі з нейкай рэдакцыі дастаюць цябе на свята, падчас застолля, шпацыру ці ў лазні.

Журналісты паводле амплуа (а зусім не дзеля пагоні за трафікам ці жадання праславіцца) маюць права соваць нос у вашы справы, нават калі гэта стварае камусьці дыскамфорт. Як я напісаў колісь, журналіст мусіць быць “кепскім хлопцам”.

І калі браць наш кейс, то ну зусім не вінаваты аўтар, што справакаваў між іншым феерычны кірмаш фанабэрыі, калі для каго-кольвек з’явілася зручная падстава зрабіць эфектны жэст, зафантанаваць святой рыторыкай: мова, нацыя, лёс… У выніку востраканечнікі ды тупаканечнікі моўнага пытання зноў агалілі кардонныя мячы ды распачалі чарговую бойку за пусты мех, каторая ніяк не ўплывае на стан мовы ў рэале.

Дарэчы, майце на ўвазе: публіка падмячае ўсё: і што вы гаворыце, і нават як апранаецеся. У фэйсбуку між іншым закінулі: чаму на пасяджэнні элітарнай суполкі сядзяць у кедах ды джынсах?

Ну, як па мне, дык літаратурнай браціі не абавязкова касіць пад прэзідыум Саўміна паводле дрэс-коду. Але дакладна не пасуе паводзіць сябе акурат як чыноўнікі, каторым не пад нос “нячэсная” прэса: маўляў, не лезьце, не правакуйце, не дэстабілізуйце!

Гэта дурная мода, мавэтон — ледзь што, адразу абзываць прэсу жоўтай.

Яшчэ раз: журналісты проста робяць сваю справу. І не варта ўважаць іх за другі гатунак у параўнанні з вольнымі літаратарамі. Не дыскрымінуйце!

Оценить материал:
0
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в:

Опрос