Агульная выснова чарговага маніторынгу Mediakritika.by – у цэнтр увагі дзяржаўных тэлеканалаў, нарэшце, трапілі людзі. І калі раней яны былі ў навінах толькі масоўкай, то зараз яны трапілі ў цэнтр увагі і самі стварылі актуальную павестку дня. Але адбылося гэта толькі ў адмыслова створаных рубрыках. Так у навінавых выпусках на «Беларусь 1» з'явіліся рубрыкі “Людей волнует” і “Надо разобраться”.
Тэлеканал ОНТ даваў голас народу ў сувязі з “гарачымі лініямі” чынавенства, рэпрэзентуючы апошніх, як ратавальнікаў і памагатых: “Общение длилось два часа, и за это время люди рассказали о наболевшем. Каждое обращение участники «прямой линии» внимательно изучили. Ответы многим дозвонившимся дали тут же на месте. Жителей, кому не смогли помочь сегодня, проинформируют о принятом решении персонально. Практика выездных телефонных линий Госконтроля продолжится” (ОНТ, 18.02.2015).
Але “праблематызацыя” такога кшталту выглядала дэкаратыўнай: агучаныя людзьмі праблемы (дрэнныя дарогі, адсутнасць транспарту, жытло і г.д.) маюць сыстэмны характар - “Проблеме скоро 10 лет, но ее никто не решает” (“Беларусь 1”, 19.02), “И всё вроде по закону, но, как говорят, не по-человечески” (ОНТ, 18.02). Пры гэтым, умяшальніцтва медыяў фактычна ніяк не ўплывае на развязанне праблемы: “Возможно, рейсовый автобус когда-то и приедет за своими пассажирами. Во всяком случае, бумажное расписание на остановке уже появилось” (“Беларусь 1”, 20.02.2015); “Когда в Сигневичи придёт цивилизация – никто не знает” (ОНТ, 19.02.2015).
Па сутнасці, дзяржаўнае тэлебачанне працавала ў фармаце падвойнай імітацыі – пытанні паўсталі нібыта сёння, улада іх вырашыць нібыта заўтра.
На “Белсаце” палітычныя акценты і прыярытэты засталіся нязменнымі: вайна в Украіне асвятлялася з праўкраінскіх і антырасейскіх пазыцый, беларуская ўлада разглядалася ў крытычна-іранічным стылі. Пры гэтым, апазіцыя ў якасці заўважнай фігуры не прысутнічае ў навінах ніводнага з трох телеканалаў.
Што тычыцца прафесійных журналісцкіх стандартаў, то на агледзеным тыдні маніторцы Mediakritika.by традыцыйна зафіксавалі парушэнні балансу думак, паўнаты, аддзялення фактаў ад меркаванняў, даставернасці, дакладнасці і аператыўнасці ў падачы інфармацыі.
“Тройка лідэраў” у параўнанні з вынікамі папярэдніх маніторынгаў выглядае без сюрпрызаў: у матэрыялах усіх тэлеканалаў прыкладна ў аднолькавай ступені назіраліся брак балансу думак, хібы з паўнатой і даставернасцю інфармацыі, што ішла ў эфір.
Стандарт даставернасці інфармацыі парушаўся ў 73% матэрыялаў тэлеканала “Белсат”, 70% ОНТ і 69% “Беларусь 1”. Стандарт балансу думак праігнараваны ў 72% сюжэтаў тэлеканалаў “Беларусь 1” і “Белсат”. Тэлеканал ОНТ выпусціў ў эфір 69% сюжэтаў з такого кшталту хібамі.
74% - менавіта такая колькасць сюжэтаў, у якіх назіраюцца хібы з паўнатой інфармацыі, трапілі да гледачоў тэлеканала “Беларусь 1”. На ОНТ гэтая лічба склала – 61%, на “Белсаце” - 58%.
Зводная табліца парушэнняў стандартаў у выпусках навінаў на тэлеканалах «Беларусь 1», ОНТ і «Белсат»
| Парушэнне стандартаў | «Беларусь 1» | ОНТ | «Белсат» | Заўвагі | |
| 1. | Матэрыялы з прыкметамі замоўленасці альбо цэнзуры | 70%52 (з 74) | 63%33 (з 54) | 31%18 (з 59) | Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах |
| 1.1. Матэрыялы з прыкметамі палітычнай замоўленасці (альбо цэнзуры) | 42 | 30 | 7 | Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры | |
| 1.1.1. Негатыўныя, без балансу думак матэрыялы пра беларускую ўладу | 0 | 0 | 7 | Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры | |
| 1.1.2. Пазітыўныя, без балансу думак матэрыялы пра беларускую ўладу | 42 | 30 | 0 | Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры | |
| 1.1.3. Негатыўныя, без балансу думак матэрыялы пра беларускую апазіцыю | 0 | 0 | 0 | Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры | |
| 1.1.4. Пазітыўныя, без балансу думак матэрыялы пра беларускую апазіцыю | 0 | 0 | 0 | Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры | |
| 1.2. Матэрыялы з прыкметамі карпаратыўнай замоўленасці ці рэкламы | 8 | 2 | 1 | Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры | |
| 1.3. Замоўныя матэрыялы на тэмы замежжа | 6 | 11 | 9 | Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры | |
| 2. | Матэрыялы з парушэннямі стандарту балансу думак | 72%53 (з 74) | 69%37 (з 54) | 71%42 (з 59) | Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах |
| 3. | Матэрыялы з парушэннямі стандарту паўнаты інфармацыі | 74%55 (з 74) | 61%33 (з 54) | 58%34 (з 59) | Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах |
| 4. | Матэрыялы з парушэннямі стандарту аддзялення фактаў ад думак | 57%42 (з 74) | 61%33 (з 54) | 46%27 (з 59) | Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах |
| 5. | Матэрыялы з парушэннямі стандарту верагоднасці інфармацыі | 69%52 (з 74) | 70%38 (з 54) | 73%43 (з 59) | Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах |
| 6. | Матэрыялы з парушэннямі стандарту дакладнасці падачы інфармацыі | 39%29 (з 74) | 56%30 (з 54) | 34%20 (з 59) | Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах |
| 7. | Матэрыялы з парушэннямі стандарту аператыўнасці інфармацыі | 24%18 (з 74) | 11%6 (з 54) | 37%22 (з 59) | Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах |
Аб’ектамі маніторынгу сталіся 187 сюжэтаў[1], якія выйшлі ў эфір выніковых вечаровых выпускаў навінаў з панядзелка па пятніцу на дзяржаўных тэлеканалах «Беларусь 1» і ОНТ, а таксама недзяржаўным тэлеканале «Белсат».
Штомесяц метадам выпадковай выбаркі прызначаецца адзін тыдзень, цягам якога будзе праводзіцца маніторынг. Прадстаўленыя вынікі тычацца вечаровых навінаў, што былі ў эфіры з 16 па 20 лютага 2015 года. За гэты час у праграме “Панарама” (“Беларусь 1”) выйшла 74 матэрыялаў, у “Наших новостях” (ОНТ) – 54, у “Аб’ектыве” (“Белсат”) – 59.
Поўны тэкст маніторынгу тэленавінаў на тыдні з 16 па 20 лютага 2015 года
Метадалогія маніторынгу вечаровых навінаў
[1] За адзінку бралася паведамленне, якое мела пэўна вызначаны пачатак і заканчэнне. Выключэнне складалі дайджэст міжнародных навінаў “За рубежом” і эканамічная праграма “В курсе” (тэлеканал “Беларусь 1), якія складаліся з некалькіх кароткіх паведамленняў – яны лічыліся за адзін матэрыял.

