Маніторцы Mediakritika.by падсумавалі вынікі чарговага даследвання вечаровых навінаў, якія трапілі ў эфір у сакавіку бягучага года. Агульная выснова – галоўным актарам навінаў застаецца глава дзяржавы, але на агледзеным тыдні шмат навінаў было прысвечана і дзейнасці Камітэта Дзяржкантролю.
Пры гэтым, у эфіры тэлеканала ОНТ было зафіксавана 65% матэрыялаў з прыкметамі замоўленасці (або цэнзуры). На “Беларусь 1” адпаведна – 61%, на “Белсаце”- 40% (адсотак вылічваецца ад агульнай колькасці матэрыялаў, што трапілі ў эфір за ўвесь тыдзень).
Сюжэты з прыкметамі палітычнай замоўленасці, што выйшлі ў эфір дзяржаўных тэлеканалам на тыдні маніторынга, можна акрэсліць адным словам: патэрналізм.
У дадзеным выпадку гаворка ідзе як “паркетныя” матэрыялы з непасрэдным удзелам Аляксандра Лукашэнкі, так і сюжэты на сацыяльныя тэмы, асноўны мэсыдж якіх - “народ нічога ня можа без чыноўнікаў” (або – варыяцыя – скарга вышэйшаму начальству як сродак развязання праблем з ніжэйшым начальствам).
Пры гэтым, улада рэпрэзентуецца на кантрасце з праблемнымі суседзямі. Сюжэт з закрыццём украінскага “Дельтабанку” стаў нагодай падкрэсліць перавагі беларускай мадэлі: “Белорусским вкладчикам государство гарантирует 100-процентный возврат всех депозитов. Ничего не изменится и для получателей кредитов. В Украине же перспективы пока выглядят намного хуже” (ОНТ, 20.03.2015).
На сустрэчы з прадпрымальнікамі Аляксандр Лукашэнка выступаў адначасова як “бацька-дабрадзей” і інстанцыяй, што пракантралюе пераход прадпрымальнікаў да “цывілізаваных” формаў вядзення бізнесу: “Сегодня государство в очередной раз пошло на уступки, но со следующего года все точно должны заработать по-новому и больше отступлений не будет”, “Прямое общение с властью периодически прерывается аплодисментами. Лучшей оценки взвешенным решениям даже представить невозможно” (“Беларусь 1”, 17.03.2015).
Шмат увагі на агледзеным тыдні журналісты надалі сустрэчы Лукашэнкі ў Астане з Нурсултанам Назарбаевым і Уладзімірам Пуціным . Пры гэтым адобва дзяржаўныя тэлеканалы сінхронна звярнуліся да тэмы прэзідэнцкіх выбараў, адправіўшы гледачам аднолькавы мэсыдж:
“Для официальной Астаны, как и для Минска, этот год политически непростой: на 26 апреля здесь назначены президентские выборы. […] Впрочем, и Нурсултан Назарбаев, и Александр Лукашенко – аксакалы среди политиков СНГ. Такие консолидирующие фигуры в непростое экономическое и геополитическое время. В регионе это хорошо понимают” (“Беларусь 1”, 19.03.2015)
“В этом году и в Беларуси и в Казахстане президентские выборы. […] Впрочем, Беларусь и Казахстан объединяет один бесспорный факт: и у Лукашенко и у Назарбаева пока нет видимых конкурентов, которые хотя бы отдаленно приблизились к этим политическим тяжеловесам по рейтингу” (ОНТ, 19.03.2015).
Тэлеканал “Белсат” чакана асвятляў сустрэчы ў Астане з нагоды новага міждзяржаўнага хаўруса іншым чынам: удзельнікі былі названыя “несвятой троіцай”, а Лукашэнка з Назабаевым – “марыянеткамі Крамля” (усё – “Белсат”, 20.03.2015). Антырасейскасць, праўкраінскасць і праеўрапейскасць застаюцца асноўнымі ракурсамі ў якіх вырашаюцца сюжэты “Белсата”, што тычацца знешняй палітыкі ці справаў замежжа.
Сюжэты з прыкметамі карпаратыўнай замоўленасці былі зафіксаваныя на гэтым тыдні толькі на дзяржканалах: для “Беларусь 1” была характэрная самарэклама (праект “Я могу”, “Славянскі базар”), ОНТ даваў сюжэты з элементамі прыхаванай рэкламы (курсы для пенсіянераў ад МТС, інтэграваны ў сюжэт пра парашут да Вінчы расповед пра мікрараён “Новая Баравая”, што будуецца ў Мінску – абодва сюжэты ад 18.03.2015).
На тыдні маніторынгу на трох тэлеканалах зафіксаваныя парушэнні ўсіх прафесійных стандартаў: балансу думак, паўнаты, аддзялення фактаў ад меркаванняў, даставернасці, дакладнасці і аператыўнасці ў падачы інфармацыі.
Стандарт даставернасці інфармацыі за вызначаны часавы прамежак парушаўся найбольш: ў 81% матэрыялаў тэлеканала “Белсат”, 76% “Беларусь 1” і 72% ОНТ вызначаныя згаданыя хібы.
Адсутнасць пазначэння канкрэтных крыніцаў інфармацыі і іх дэперсаніфікацыя застаюцца асноўнымі парушэннямі стандарта даставернасці інфармацыі на ўсіх трох тэлеканалах. Такая падача інфармацыі не дае магчымасці спраўдзіць ці аспрэчыць агучаныя факты. Глядачы замест інфармацыі атрымліваюць эмацыйна-мастацкую версію падзеяў.
Улада, як і раней, застаецца, галоўным прамоўцам на дзяржаўных тэлеканалах. “Народ” прысутнічае ў досыць абмежаваным амплуа:
- лаяльныя (рэзананс ад сустрэчы Лукашэнкі з прадпрымальнікамі (“Беларусь 1”, ОНТ, 18.03.2015), казахстанцы пра Беларусь (“Беларусь 1”, 19.03.2015);
- пакутліва-праблемныя (украінскія кліенты “Дэльтабанка” (ОНТ, 20.03.2015), людзі, што маюць праблемы з засяленнем у новую кватэру (“Беларусь 1”, 18 і 20.03.2015);
- дзівакі ды “незвычайныя” (удзельнікі шоў “Я могу” на “Беларусь 1”, 18 і 20.03.2015)
Эксперты на дзяржаўных каналах фактычна адсутнічаюць як з’ява. Менавіта ў такім статусе на “Беларусь 1” і ОНТ за ўвесь тыдзень з’явіліся аднойчы: у сюжэтах пасля сустрэчы Лукашэнкі з прадпрымальнікамі (“Беларусь 1” і ОНТ, 18.03.2015). Пры гэтым, усе яны рэпрэзэнтавалі (пра)дзяржаўныя структуры.
На “Белсаце” назіраецца іншая карціна: шмат экспертаў і шмат “народа”. З экспертами захоўваецца тая ж праблема: вузкае кола прамаўляючых (адзін і той жа эксперт можа зьявіцца двойчы за тыдзень). Пры гэтым спецыфіка рэпрэзэнтацыі народа на “Белсате” у ягонай неперсафікаванасці і другаснасьці што да падзеяў – індывідум не робіцца героем рэпартажу, адзінае каментатарам ці “народным экспертам” (vox populi можа быць праведзены з любой нагоды).
Таксама для “Белсата” характэрная мінімальная прысутнасць прамаўляючых прадстаўнікоў улады (усіх узроўняў). Праблему доступу да чыноўнікаў тэлеканал намагаецца вырашыць здымкамі агенцыі “Белта” (у выпадку з афіцыйнай хронікай), схаванай камерай (каментар прадстаўніцы Цэнтра карэкцыйна-развівальнага навучання быў маркіраваны на такі спосаб – “Белсат”, 19.03.2015) або трансляцыяй адмовы прэс-сакратара беларускага МЗС размаўляць з тэлеканалам (“Белсат”, 17.03.2015).
Стандарт аддзялення фактаў ад думак праігнараваны ў 67% матэрыялаў тэлеканалаў ОНТ і “Белсат”. На “Беларусь 1” іх было зафіксавана 49%.
Як адзначалася ў папярэдніх маніторынгах, праблемы з адпаведнасцю гэтаму стандарту маюць матэрыялы на ўсіх трох тэлеканалах. Журналісты часта даюць ацэнкі, тлумачаць падзеі і робяць высновы, падмяняючы сабой экспертаў. Трансляцыя меркавання як універсаліі, без спасылак на крыніцы пазбаўляе сюжэт варыятыўнасці інтэрпрэтацыяў і працуе ў фармаце праграмавання свядомасьці глядача.
Зводная табліца парушэнняў стандартаў у выпусках навінаў на тэлеканалах «Беларусь 1», ОНТ і «Белсат»
| Парушэнне стандартаў | «Беларусь 1» | ОНТ | «Белсат» | Заўвагі | |
| 1. | Матэрыялы з прыкметамі замоўленасці альбо цэнзуры | 61%45 (з 74) | 65%30 (з 46) | 40%23 (з 58) | Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах |
| 1.1. Матэрыялы з прыкметамі палітычнай замоўленасці (альбо цэнзуры) | 37 | 27 | 13 | Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры | |
| 1.1.1. Негатыўныя, без балансу думак матэрыялы пра беларускую ўладу | 0 | 0 | 13 | Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры | |
| 1.1.2. Пазітыўныя, без балансу думак матэрыялы пра беларускую ўладу | 37 | 27 | 0 | Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры | |
| 1.1.3. Негатыўныя, без балансу думак матэрыялы пра беларускую апазіцыю | 0 | 0 | 0 | Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры | |
| 1.1.4. Пазітыўныя, без балансу думак матэрыялы пра беларускую апазіцыю | 0 | 0 | 0 | Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры | |
| 1.2. Матэрыялы з прыкметамі карпаратыўнай замоўленасці ці рэкламы | 6* | 3* | 0* | Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры | |
| 1.3. Замоўныя матэрыялы на тэмы замежжа | 11 | 9* | 12 | Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры | |
| 2. | Матэрыялы з парушэннямі стандарту балансу думак | 5843 (з 74) | 7635(з 46) | 72%42 (з 58) | Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах |
| 3. | Матэрыялы з парушэннямі стандарту паўнаты інфармацыі | 46%33 (з 74) | 63%29 (з 46) | 53%31 (з 58) | Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах |
| 4. | Матэрыялы з парушэннямі стандарту аддзялення фактаў ад думак | 49%36 (з 74) | 67%31 (з 46) | 67%39 (з 58) | Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах |
| 5. | Матэрыялы з парушэннямі стандарту верагоднасці інфармацыі | 76%56 (з 74) | 72%33 (з 46) | 81%47 (з 58) | Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах |
| 6. | Матэрыялы з парушэннямі стандарту дакладнасці падачы інфармацыі | 32%24 (з 74) | 50%23 (з 46) | 35%20 (з 58) | Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах |
| 7. | Матэрыялы з парушэннямі стандарту аператыўнасці інфармацыі | 32%24 (з 74) | 17%8 (з 46) | 43%25(з 58) | Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах |
Поўны тэкст маніторынгу вечаровых навінаў з 16 па 20 сакавіка 2015 года
Метадалогія маніторынгу вечаровых навінаў
Аб’ектамі маніторынгу сталіся 182 сюжэта[1], якія выйшлі ў эфір выніковых вечаровых выпускаў навінаў з панядзелка па пятніцу на дзяржаўных тэлеканалах «Беларусь 1» і ОНТ, а таксама недзяржаўным тэлеканале «Белсат».
Штомесяц метадам выпадковай выбаркі прызначаецца адзін тыдзень, цягам якога будзе праводзіцца маніторынг. Прадстаўленыя вынікі тычацца вечаровых навінаў, што былі ў эфіры з 16 па 20 сакавіка 2015 года. За гэты час у праграме “Панарама” (“Беларусь 1”) выйшла 77 матэрыялаў, у “Наших новостях” (ОНТ) – 47, у “Аб’ектыве” (“Белсат”) – 58.
[1] За адзінку бралася паведамленне, якое мела пэўна вызначаны пачатак і заканчэнне. Выключэнне складалі дайджэст міжнародных навінаў “За рубежом” і эканамічная праграма “В курсе” (тэлеканал “Беларусь 1), якія складаліся з некалькіх кароткіх паведамленняў – яны лічыліся за адзін матэрыял.

