Вы здесь

Непераможныя

Нэрвова-драматычная манера падачы матэрыялаў, “навіны” з архіваў, адмысловае візуальнае аздабленне і іміджавая рэклама з “пераможным” ухілам – гэтыя і іншыя асаблівасці тэлевізійных вечаровых навінаў зафіксавалі маніторцы Mediakritika.by, якія ў траўні 2015 года правялі адмысловае тэматычнае даследванне.

 

Перамога – важны ідэалагічны рэсурс у Беларусі і гэтая акалічнасць пэўным чынам паўплывала на фармат перадсвяточнай і святочнай працы тэлеканалаў. У першую чаргу адмысловыя трансфармацыі закранулі дзяржаўныя тэлеканалы – “Беларусь 1” і ОНТ:

Дызайн. І “Беларусь 1”, і ОНТ распрацавалі адмысловыя візуальныя рашэнні да юбілею. З 7 траўня на вядоўцах і журналістах дзяржаўных тэлеканалаў з’явіўся афіцыйны беларускі сімвал перамогі - чырвона-зялёная стужка з кветкай яблыні. “Панарама” (“Беларусь 1”) з 7 па 9 траўня выходзіла з адмысловым святочным афармленнем – як лагатыпа канала, так і тэматычнымі застаўкамі адпаведных сюжэтаў. “Пераможны”лагатып з’явіўся 9 траўня і на ОНТ.

Дыскурс. На дзяржаўных тэлеканалах адбываецца тэматычная актуалізацыя стандартнага прапагандысцкага слоўніка: “Великая Победа”, ”“каждый третий”, “ужасы фашизма”, “отстояли страну”, “мечта о мирной жизни и воля к победе”, “такая победа есть не у каждого народа”, “переписать историю”, “мирное сегодня”, “поколение победителей”, “слова благодарности”, “помним и гордимся”, память о героическом подвиге советского народа в Великой Отечественной войне будет жить в веках”, “зверства нацистов не знали границ” і г.д.

Усе пазначаныя канструкты рэгулярна агучваліся і журналістамі, і вядучымі (часам у падвойным рэжыме – як у падводцы, так і ў сюжэце). Аналагічны мэсыдж агучвалі і прамоўцы: ветэраны, “народ”, чыноўнікі і, нарэшце, сам Лукашэнка. Кананічная версія падзеяў транслявалася без варыяцыяў: народ (“поколение победителей”) перамог страшнага ворага, абараніў сваю свабоду і падараваў нашчадкам “нашу Великую Победу”, за якую зараз асабіста адказны прэзыдэнт. А таксама кожны з нас.

Эмоцыі. Навінавыя выпускі святочнага тыдня маркіраваныя празмернай эмацыйнасцю ў падачы інфармацыі. Гэтаму спрыяе як экспрэсіўная лексіка, так і інтанацыі вядоўцаў і карэспандэнтаў. Найбольш яскрава гэта праявілася на “Беларусь 1” у “Панараме” ад 09.05.2015 (прыклад нервова-драматычнай манеры падачы матэрыялаў вядоўцам) і праграме “Главный эфир” ад 10.05.2015 (прыклад пафаснага вырашэння тэмы – вядучыя на парадзе з віншаваннямі ў пачатку, візуальны дайджэст з асноўнымі момантамі святкавання 9 траўня ў сярэдзіне і салют ў фінале праграмы).

 

Табліца тэматычных матэрыялаў (колькасць сюжэтаў)    
  Матэрыялы  “Беларусь 1” ОНТ “Белсат” Заўвагі
1 Агульная колькасць матэрыялаў вечаровага эфіру на тэлеканалах 142 74 67  
2 Матэрыялы, наўпрост датычныя тэмы перамогі 71 (з 142)- 50% 38 (з 74) - 51% 17 (з 67) - 25% Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах
  Матэрыялы на іншыя тэмы, што ўтрымліваюць згадкі (падсюжэты) пра перамогу 17 (з 142) - 12% 14 (з 74) - 19% 5 (з 67) - 8% Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах
  Агульная колькасць матэрыялаў на тэму перамогі (наўпроставых і са згадкамі (падсюжэтамі)   88 (з 142) - 62%  52 (з 74) - 70% 22 (з 67) -33% Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах
3 Іншыя матэрыялы  54 (з 142) - 38% 22 (з 74) - 30% 45 (з 67) - 67% Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах

Увогуле, асноўны фармат, што безальтэрнатыўна панаваў у эфіры тэлеканала “Беларусь 1” 9 і 10 траўня, можна ўмоўна акрэсліць як “не-навіны”: інфармацыйныя актуаліі саступалі месца нібыта архіўным дадзеным без спасылкі на крыніцы (праект “Письма войны” на “Беларусь 1”), рэпартажам з месцаў пра несупыннае святкаванне, відэазамалёўкам “са свята”, эмацыйным разважанням,  суб’ектыўным абагульненням ды патасным высновам: “Этим вечером, с уверенностью можно сказать, Минск рано не уснет. Уже совсем скоро небо над столицей раскрасят залпы праздничного салюта. Вновь прозвучит победное «ура», в котором, спустя 70 лет, в унисон сольются голоса героев той войны и нового поколения белорусов, поколения, ради которого совершались подвиги и ради которого ценой миллионов жизней была завоевана победа. Победа, которая есть не у каждого народа” (“Беларусь 1”, 09.05.2015).

Вядоўцы ды аўтары фактычна працавалі ў рэжыме эмацыйнага праграмавання глядача: “И, глядя сегодня на то, как праздновали этот день в Минске и как продолжают праздновать, сомнений не остается: мы безмерно благодарны! Мы помним! И мы гордимся!” (“Беларусь 1”, 09.05.2015).

“Победа сегодняшняя и победа грядущая - главный информационный повод в эти предпраздничные дни. Сегодня, когда до юбилейного 70-го дня в летописи мирных десятилетий обратный отсчет идет уже не на дни, а на часы, все, что связано с подвигом в годы военного лихолетья и достижениями мирной жизни, словно сливается воедино, наполняя традиции новым смыслом” (“Беларусь 1”, 07.05.2015). Менавіта гэтая фраза вядоўцы найбольш поўна адлюстроўвае змястоўную палітыку дзяржаўных тэлеканалаў на святочны ўікэнд. 9 траўня абодва дзяржканала асвятлялі толькі тэму святкавання перамогі - у Беларусі і свеце (на “Беларусь 1” нетэматычнымі былі толькі два анонсы пра візыт кіраўніка Кітая). 10 траўня перамога заставался адной з двух асноўнай тэмаў тыдня (другая - візыт Сі Цзіньпіна) - у тым ліку і па адведзеным на тэму эфірным часе.

Пры гэтым падача навінаў на “Беларусь 1” і ОНТ адрознівалася: “Беларусь 1” пераўтварыла святочныя навіны ў прапагандысцкае шоў, тэлеканал ОНТ фармальна і структурна прытрымліваўся прынцыпаў інфармацыйнай праграмы.

Як і іншая грамадска- і ідэалагічная значная тэма, перамога наклала адбітак і на працягласць навінавых праграм дзяржаўных тэлеканалаў. Калі ОНТ афіцыйна (у праграме перадач) падоўжыў 9 траўня выпуск “Наших новостей” з 30 да 50 хвілінаў, то тэлеканал “Беларусь 1” хранічна перабіраў час, не зважаючы на расклад вяшчання. З 6 праграмаў “Панарама” ніводная не ўклалася ў заяўленыя 45 хвілінаў - дадатковы эфірны час склаў ад 2 да 35 хв. “Главный эфир” замест 55 хв. ішоў 1 г. 29 хв.

  Табліца тэматычных матэрыялаў (эфірны час)      
  Матэрыялы   “Беларусь 1” ОНТ “Белсат” Заўвагі
1 Агульная колькасць матэрыялаў вечаровага эфіру на тэлеканалах 6 г. 18 хв. 4 г. 12 хв. 2г. 24 хв.  
2 Матэрыялы, наўпрост датычныя тэмы перамогі 3 г. 32 хв. - 56% 2 ч. 31 хв. - 60% 0 г.33 хв. - 23% Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах
  Матэрыялы на іншыя тэмы, што ўтрымліваюць згадкі (падсюжэты) пра перамогу 19 хв. - 5% 9 хв. - 3% 1 хв. - 0,7% Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах
  Матэрыялы, датычныя тэмы перамогі  3 г. 51 хв. - 61%  2 г. 39 хв. - 63% 0 г. 34 хв. - 24% Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах
3 Іншыя матэрыялы 2 г. 27 хв. - 39% 1 г. 13 хв. - 37% 1 г. 50 хв. - 76% Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах

Адпаведныя тэматычныя змены закранулі і “Белсат”: 9 траўня з 7 сюжэтаў скарочанага суботняга выпуска 5 наўпрост тычыліся перамогі, 2 мелі згадкі пра яе. У той жа час варта адзначыць, што адмысловых “святочных” змястоўных ды канцэптуальных зменаў на незалежным тэлеканале не адбылося: “Белсат”, як і раней, распавядаў пра дзяржаўныя святы ды ініцыятывы ў з’едлівай крытычна-саркастычнай манеры:  “Зрэшты, не ўпершыню кіраўнік Беларусі вяртаецца з Масквы фактычна зь нічым. Пасля сакавіцкай сустрэчы з Пуціным ён прыехаў з ордэнам Аляксандра Неўскага, але без крэдыту. Як кажуць у Беларусі, дулю з'еўшы. Гэтым жа разам з'еў салдацкае кашы” (“Белсат”, 08.05.2015).

Сярод сюжэтаў на тэму перамогі былі і матэрыялы з прыкметамі карпаратыўнай замоўленасці: на абодвух дзяржканалаў з’явілася іміджавая рэклама “Еўраопта” – крама віншуе прадуктовымі наборамі кожнага ветэрана (“Беларусь 1”, 07.05.201; ОНТ, 08.05.2015). Таксама тэлеканалы выкарысталі ў якасці самапрамоцыі – ОНТ ўзгадала пра сваю дзейнасць у Брэсцкай крэпасці напярэдадні свята (ОНТ, 06.05.2015), “Беларусь 1” прарэкламавала свае ваенныя тэлепраекты (“Беларусь 1”, 05.05.2015). На “Белсаце” тэматычных матэрыялаў з пракметамі карпаратыўнай замоўленасці не зафіксавана.

Адмысловай рысай праўладных матэрыялаў апынулася спалучэнне прапагандысцкай міфалогіі “ўсенароднага ўздыму” (“наша Победа”) з традыцыйным для дзяржаўных каналаў інфармацыйным фарматам “чыноўнікі працуюць – народ ухваляе”. У суме гэта стварала эфект “кіраванага сьвята”, падрыхтаванага зверху для ўдзячных масавых спажыўцоў. Асноўным актарам святочных сюжэтаў атрымаўся не “народ” (у сюжэтах прысутны ў ролі статыстаў), а ўлада ды праўладныя арганізацыі, што ўзнагароджвалі, прамаўлялі на паседжаннях, праводзілі “акции памяти” і клапаціліся пра дабрабыт ветэранаў.

Адзначаная асіметрычнасць святочнай актыўнасці часткова міксавалася праз стварэнне эфекту “татальнага сьвята”: “нашу Победу”, паводле дзяржаўных тэлеканалаў, адзначалі таксама былыя суседзі па СССР (сюжэты з Грузіі, Украіны, Казахстана - “Беларусь 1”), Еўропа (ОНТ і “Беларусь 1”, на ОНТ таксама і пра святкаванні ў ЗША), матэрыялы пра спектакль сэрбскай рэжысэркі на “Беларусь 1”), спартоўцы, альпіністы, ўдзельнікі выставы СМІ, студэнты, супрацоўнікі чыгункі ды артысты оперы і балету.

Замоўныя матэрыялы на тэму замежжа у кантэксце перамогі мелі свае нюансы. Усе тры телеканалы асвятлялі падзеі, звязаныя са святкаваннем 8 і/ці 9 траўня ў Еўропе (і ЗША – на ОНТ), Расіі і Ўкраіне (таксама на “Беларусь 1” былі сюжэты пра святкаванні ў іншых краінах былога СССР).

Дзяржаўныя каналы “еўрапейскі след” падавалі па-рознаму. З аднаго боку, еўрапейскіх ўрачыстасці з нагоды перамогі ўпісваліся ў мясцовы кантэкст і дыскурс “татальнага свята”: “Одна на всех. Годовщину победы отмечают во всем мире” (ОНТ, 09.05.2015);

“В мероприятиях приняла участие королева Елизавета Вторая, и она очень хорошо помнит, чем жила Англия тогда. 70 лет назад ей было 19” (“Беларусь 1”, 09.05.2015);

 “Для многих латвийцев этот праздник поистине всенародный” (ОНТ, 09.05.2015).

“В небо над американской столицей взмыли 50 самолётов того времени, отмечая 70-летие нашей общей победы над фашизмом” (ОНТ, 09.05.2015).

З іншага - мелі месца выказванні накшталт гэтага (справаздача з нагоды выказванняў Лукашэнкі): “Да, уважения достойны союзники: страны антигитлеровской коалиции, активисты антифашистского Сопротивления и открытый в 44-м году второй фронт серьёзно помогли добить врага, но всё же ведущая роль – за Советским Союзом. Протяжённость советско-германского фронта в четыре раза превосходила все вместе взятые западные фронты” (ОНТ, 07.05.2015). Ці такога: “Сегодня, когда былые союзники по антигитлеровской коалиции начинают по-новому оценивать события 70-летней давности, память - это больше чем ностальгия. Это урок. Говорят даже об открытии нового фронта - информационного. И чтобы не проиграть здесь, важно помнить, как все было на самом деле. Например, о том, как Лондон и Париж недооценили угрозу в лице Гитлера, и, например, не заметили начала аннексии Чехословакии” (“Беларусь 1”, 09.05.2015).

       

9 траўня ў Расіі – асобны сюжэт як для дзяржканалаў, так і для тэлеканала “Белсат”.На дзяжканалах Расія выступала як апошняя ідэалагічная хаўрусніца Беларусі ў пытанні святкавання “Великой Победы”.

“В итоге получился символ того, что две страны – Беларусь и Россия – отмечать юбилей Великой Победы будут вместе, масштабно и торжественно” (ОНТ, 08.05.2015) - пра георгіеўска-чырвона-зялёную стужку з кветкай яблыні;

“Еще за неделю до праздника в минских гостиницах не осталось свободных мест. Впрочем, большинство - как раз из братской России” (“Беларусь 1”, 09.05.2015).

Асобна тлумачылася і адсутнасць на парадзе ў Маскве і кіраўніка Беларусі: “О том, что сам День Победы Александр Лукашенко проведет в Минске, своего российского коллегу он предупредил заранее. Беларусь, потерявшая в той страшной войне каждого третьего, имеет право отмечать день Победы своим парадом и со своим главнокомандующим. В Кремле к такому решению отнеслись с пониманием” (ОНТ, 10.05.2015).

Пры гэтым адмыслова падрэслівалася, што “была у Александра Лукашенко в пятницу в Москве и еще одна миссия. Особенная. В преддверии Дня Победы президент Беларуси возложил венок к Могиле Неизвестного Солдата. И это еще одно посвящение Великой Победе, которую ковали вместе предки тех, кто сегодня в Москве обсуждал общее будущее. Будущее экономическое и не только” (“Беларусь 1”, 08.05.2015).

Асноўны мэсыдж “Белсату” пры асвятленні юбілейных расійскіх мерапрыемстваў можна зразумець праз рытарычнае пытанне журналіста:  “Ці не губляецца ў патрыятычным угары сэнс свята - памяць пра перамогу ў самай крывавай вайне ў гісторыі чалавецтва?” (“Белсат”, 08.05.2015). Гэта цытата з сюжэта пра спецыфічныя формы святкавання ў Расіі, што выйшаў у эфір пад шыльдай “Шаленства перамогі”. Іншыя расейскія сюжэты сэнсава вырашаныя ў падобным ключы: падрыхтоўка да парада з узгадкай пра заглухлы танк (05.05.2015), флэш-моб да свята перамогі ў санкт-пецярбургскай калоніі (07.05.2015).

Яшчэ адна тэма – Украіна, якая з гэтага году адзначае і “еўрапейскае” 8 траўня, і постсавецкае 9 траўня. “Белсат” падаў інфармацыю пра святкаванні ў рубрыцы “Без каментара”. На “Беларусь 1” з’явіліся два кароткія паведамленні (8 і 9.05.2015) - відэашэраг з закадравым каментаром вядучага. У адным з іх (ад 08.05.2015) у камплекце да інфармацыі пра святкаванне ішла статыстыка ахвяраў вайны на Данбасе. Аналагічны прыём скарыстаў і тэлеканал ОНТ, які зрабіў па тэме два рэпартажы: 9 траўня – з месцы падзеяў, 10 траўня – для выніковай праграмы з каментарамі экспертаў.

Характэрныя цытаты:

Юбилей Победы мог бы объединить страну. Но пока политики, как в Киеве, так и на Донбассе, занимаясь ревизией истории, ищут все больше поводов для разногласий, чем путей к примирению” (ОНТ, 09.05.2015).

“9 мая отметили и первые лица Украины. Хотя в попытке поскорее отбросить все, что связано с советским прошлым, украинские власти подчеркивали – они празднуют День Победы не в Великой Отечественной, а во Второй мировой войне. Чтобы как в Европе. Новым символом праздника стал цветок мака, опять же позаимствованный у европейцев” (ОНТ, 10.05.2015);

Асобнае месца ў эфіры займаюць сюжэты з узгадкамі (падсюжэтамі) пра перамогу. Іх наяўнасць сведчыць пра яшчэ адну адметнасць святочнай інфармацыйнай плыні - экспансія палітычнага дыскурса (якім апрыёры для дзяржаўных медыя ёсць тэма перамогі) у непалітычныя сферы. Тэатр, балет, хакей, масавыя забегі, альпінізм, сеткавы гандаль, рэстаўрацыйна-камунальная дзейнасць у імя і гонар “Вялікай Перамогі” - праз  такую аранжыроўку інфармацыйныя паведамленні трансфармуюцца ў святочны агітацыйны рэсурс.

Напрыклад, інфармацыя пра тое, як беларуская альпіністка сарвалася падчас узыходжання на Эльбрус, рэзюмуецца такім чынам: “К счастью, инцидент закончился благополучно, и вскоре спортсменка сможет вернуться домой. А белорусские альпинисты тем временем выполнили главную задачу – водрузили на вершину копию знамени Победы и специальный колокол” (“Беларусь 1”, 06.05.2015).

Нагадваем, што для маніторынгу няважна, якія абставіны (прычыны) прывялі да згаданых парушэнняў у выпусках тэлевізійных навінаў: ці гэта цэнзура з боку ўладаў, ці самацэнзура журналістаў, ці нізкі прафесійны ўзровень. Сутнасць праблемы палягае ў тым, што глядач атрымлівае перадузятую інфармацыю, то бок створаную на карысць аднаго з бакоў. Да таго ж яго пазбаўляюць адэкватнага разумення падзеяў і працэсаў, што адбываюцца ў краіне.

Больш падрабязна вынікі зафіксаваныя ў табліцах

Поўны тэкст тэматычнага маніторынгу вечаровых навінаў з 4 па 10 траўня 2015 года

Метадалогія маніторынгу вечаровых навінаў

Маніторынг закрануў 283 матэрыялы[1], якія выйшлі ў эфір выніковых вечаровых выпускаў навінаў з панядзелка па нядзелю[2] на дзяржаўных тэлеканалах «Беларусь 1» і ОНТ і недзяржаўным тэлеканале «Белсат».

Гэтым разам маніторынг меў тэматычныя абмежаванні і быў сфакусаваны на матэрыялах, датычных тэмы перамогі – як у Вялікай Айчыннай, так і Другой сусветнай войнах. З гэтай нагоды былі абраныя адмысловыя часавыя межы: маніторынг трываў з 4 па 10 траўня 2015 года. Ён закрануў праграмы “Панарама” і “Галоўны эфір” (“Беларусь 1”), “Наши новости” і “Контуры” (ОНТ), “Аб’ектыў” (“Белсат”). Агульная кольнасць сюжэтаў на  “Беларусь 1” склала 142, на ОНТ – 74, на “Белсаце” – 67.

 

[1] Гэта агульная колькасць сюжэтаў, што выйшла ў эфір на тыдні маніторынгу. За адзінку бралася паведамленне, якое мела пэўна вызначаны пачатак і заканчэнне. Выключэнне складалі дайджэст міжнародных навінаў “За рубежом” і эканамічная праграма “В курсе” (телеканал “Беларусь 1), якія складаліся з некалькіх кароткіх паведамленняў  – яны лічыліся за адзін матэрыял.

[2] На тэлеканале “Белсат” у нядзелю праграмай не прадугледжаныя вечаровыя навіны, таму маніторынг закрануў выпускі “Аб’ектыва” з панядзелка па суботу.

 

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в:

Опрос