ОБ АВТОРЕ

Журналист, обозреватель, специалист в области Public Relations.

Окончил биофак БГУ. Карьеру журналиста начал в 1995 году в журнале «Дело». Cотрудничал с «Белорусской деловой газетой» до ее закрытия, газетой «Московский комсомолец в Белоруссии», «Бизнес-леди», «Финансовый директор», «Детективной газетой», порталом BEL.BIZ, информационным агетством «Интерфакс».

Был собкором в Беларуси российского информагентства Stringer. Занимал должность заместителя директора радиостанции «Сталіца».

Работал PR-менеджером в «Международной финансовой корпорации» (IFC).

С весны 2010 года – собственный корреспондент в Беларуси российского федерального издания «Газета.Ru».

С января 2013 года – снова работает в БДГ (теперь под брендом «БДГ Деловая газета»).

Вы здесь

Аляксандр Класкоўскі: Журналіст мусіць быць па-над схваткай

Интервью

У самым разгары чарговая кампанія па выбарах прэзідэнта – і гэта, як і належыць, зрабілася найбольш актыўна асвятляемай палітычнай падзеяй года. Прэзідэнцкая кампанія – гэта заўсёды спякотны час для палітычных журналістаў і аглядальнікаў. Спякотны ды небяспечны, калі ўспомніць, якімі драматычнымі падзеямі суправаджаліся ўсе выбары прэзідэнта ў гісторыі Беларусі.

Пра тое, якія існуюць правілы асвятлення выбараў і якія ёсць асаблівасці асвятлення менавіта гэтай выбарчай кампаніі, мы вырашылі пацікавіцца ў тых, хто апускаецца ў гэтыя пытанні глыбей за іншых – у беларускіх палітычных журналістаў і аглядальнікаў. Сёння пра свае прафесійныя падыходы распавядае кіраўнік аналітычных праектаў БелаПАН Аляксандр Класкоўскі.

- З пункту гледжання працы палітычнага журналіста, палітычнага аглядальніка, цяперашнія прэзідэнцкія выбары – чым яны адрозніваюцца ад выбараў 2010 году?

- Апрыёры ўсе казалі, што гэтыя выбары нецікавыя, але і тут з’явіліся пэўныя інтрыгі, напрыклад вось гэты дэтэктыўны сюжэт з маркоўным сокам для Віктара Цярэшчанкі. Безумоўна, праблема тут не ў маркоўным соку, а ў пытанні, чаму раптам гэты персанаж, якога ўважалі за спарынг-партнёра, аказаўся недарэчы ва ўладным сцэнары.

Карацей, тут узнікае цікавая такая тэма для аналітыкі. Напрыклад, што сістэма сама сябе выкрыла, бо, магчыма, гэты адсотак сапраўдных подпісаў за Цярэшчанку – здаецца, 5% ці 6%, – і ёсць працэнт праўдзівасці на беларускіх выбарах. І іншыя кандыдаты праскокваюць з прыблізна такой жа якасцю подпісаў, проста адны ўпісваюцца ў гэты сцэнар, а іншыя – не.

І, дарэчы, тут зноў абуджаецца пытанне выбараў 2010 года – ці ўсе тыя людзі, якія цяпер кідаюць камяні ў Караткевіч, самі сабралі тады подпісы. Між іншым, гэтая дружная атака на Караткевіч, у якой парадаксальным чынам аб’ядналася вечна раз’яднаная беларуская апазіцыя, — гэта таксама падстава для аналізу.

Калі вывесці за дужкі ўсе гэтыя ярлыкі, хто там агент, а хто не агент, я, напрыклад, тут бачу момант рэўнасці – а раптам вось гэтая стратэгія Дмітрыева насамрэч акажацца больш паспяховай, чым прыгожая радыкальная стратэгія, якая ўжо 20 гадоў не дае ніякага плёну.

Карацей, калі капаць глыбей і не задавальняцца толькі верхнім слоем, таннымі сенсацыямі, то ёсць шмат падставаў для роздуму, для аналітычных матэрыялаў.

І я б не казаў, што нічога ў беларускай сітуацыі не мяняецца, толькі, маўляў, глыбей ды глыбей нас усіх засмоктвае гэтая балотная твань. Я, напрыклад, бачу сімптомы нейкіх новых працэсаў і мяркую, што самае цікавае пачнецца пасля 11 кастрычніка.

- Ці сфармулявалі вы самі для сябе нейкія правілы, якіх варта прытрымлівацца пры асвятленні гэтых выбараў?

- Я б не вылучаў штучна менавіта гэтыя выбары. Увогуле, калі трошкі ўтрыраваць, то я мяркую, што ў журналіста павінны быць аднолькавыя правілы, піша ён пра выбары ці пра вывазку гною на палеткі. То бок калі ён дае інфармацыю па гэтым пытанні, то гэта мусіць быць аб’ектыўная інфармацыя; калі ён піша аналітыку, то гэта мусіць быць узважаная, аргументаваная аналітыка. І гэта тычыцца любой тэматыкі.

Ну, і ўсё ж-такі, напэўна, адна з высноў – гэта тое, што ў пэўнай ступені журналіст (калі казаць пра асвятленне выбараў) мусіць быць па-над схваткай. Таму што калі ты ангажаваны, то гэта адчувае чытач, і ты сам як прафесіянал, я мяркую, на гэтым страчваеш.

- Пасля ўсіх тых падзей, што суправаджалі палітычную кампанію 2010 года, якія высновы, урокі вы зрабілі для сябе?

- У агульным плане трэба адыходзіць ад усялякіх схем у адлюстраванні, аналізе ўнутрыпалітычных працэсаў. Нават калі гэта такія прыгожыя, рамантычныя схемы. Таму што калі казаць пра беларускую палітычную журналістыку (недзяржаўную), то яна з 90-х гадоў заседзелася ў палоне спрошчанай парадыгмы, калі ўлада і апазіцыя – гэта нібыта такія гульцы з сувымернымі сіламі. І магчыма, маўляў, падчас гэтай кампаніі апазіцыя нарэшце збярэцца з сіламі ды пераможа. Я мяркую, што і сакралізацыя Плошчы, напэўна, ішла не на карысць.

Яшчэ адзін важны момант: трэба гаварыць і пра адказнасць апанентаў улады. Прынамсі, за тую ж Плошчу. Бо адна рэч – гэта брутальнасць уладаў, а іншая рэч – тое, што не дамовіліся, што не мелі адзінага плана і ў пэўнай ступені падставілі людзей пад дручкі.

- Як вам асабіста падаецца, сёлета мас-медыям цяжэй ці лягчэй камунікаваць з прадстаўнікамі ўлады?

- Сёння ўлада надзела на твар такую гумавую ўсмешку – найперш яна разлічана на Еўропу, на назіральнікаў АБСЕ, таму што сёння беларускія ўлады, бадай, як ніколі зацікаўленыя атрымаць больш-менш прымальную адзнаку ад Захаду па выніках гэтых выбараў. І, у прыватнасці, вось гэта сітуацыя, гэты кантэкст, – ён праецыруецца і на дачыненні са сваімі (унутрыбеларускімі) медыямі.

Я думаю, што ўвогуле трошкі-трошкі журналістам стала лягчэй працаваць. Што тычыцца спадарыні Ярмошынай, дык яе нават і зашмат у медыях. Як і некаторых іншых функцыянераў. Адна рэч, напрыклад, калі ў дзяржаўных СМІ – там гэта асэнсаваная палітыка: падмяняць сутнасць выбарчага працэсу як канкурэнцыі ідэй нейкімі фармальнымі захадамі арганізатараў выбараў.

Насамрэч гэта сэрвіс. ЦВК – гэта сэрвіс, гэта слугі, груба кажучы, якія мусяць быць, як і любыя слугі, максімальна непрыкметныя. А тут выходзіць спадарыня Ярмошына, і яна ўжо галоўны ньюсмейкер, яна ўсіх вучыць жыць, якія пытанні кандыдатам можна чапаць, а ў якія лепей не лезці... На мой погляд, гэтыя людзі – функцыянеры – яны мусяць ведаць сваё сціплае месца абслугі на выбарах. Таму калі недзяржаўныя медыі гіпертрафіруюць ролю ЦВК, фетышызуюць гэтыя выбарчыя этапы, нейкія каляндарныя рэчы, – я думаю, гэта няправільна.

Ад гэтага трэба адыходзіць. Цяжэй, безумоўна, пісаць пра персонаў, пра нейкія інтрыгі, ладзіць расследаванні – як “Еўрарадыё” наконт сапраўднасці подпісаў кандыдатаў. Гэта трэба ўпірацца рогам, гэта трэба пабегаць, гэта цяжэй. Так што мне здаецца, што тут у агульным плане трэба наадварот – каб было меней улады і функцыянераў у працэсе асвятлення выбарчай кампаніі.

І апошняе: улада адкрылася чыста імітацыйна. Нейкія прэс-канферэнцыі, рытуальныя ці піяраўскія заявы... Сама сістэма такая ж закрытая, яна гэтак жа старанна хавае ўсе свае шкілеты ў шафе.

- Што ў цяперашняй сітуацыі маглі б зрабіць беларускія СМІ, каб выбары прайшлі хаця б болей сумленна?

- Я думаю, што кожны мусіць займацца сваёй справай. Ёсць праваабаронцы, якія ладзяць сваю кампанію назірання, ёсць партыйнае назіранне за гэтымі выбарамі, і я супраць таго, каб медыі ўключаліся ў некія кампаніі, каб ім накідалі тыя ці іншыя ўтылітарныя палітычныя функцыі.

Я ў гэтым сэнсе вызнаю такі “каставы” падыход: мы мусім рабіць сваю справу – асвятляць, аналізаваць гэтую кампанію, ладзіць па магчымасці расследаванні. Сэнс журналістыкі – гэта галоснасць.

І я ў гэтым кантэксце найперш казаў бы пра рамкі дзейнасці СМІ ў Беларусі ўвогуле. Трэба, каб у нас было болей свабоды медыяў – тады яны будуць болей спрыяць нейкім эканамічным пераўтварэнням, болей празрыстым выбарам, духоўнаму развіццю грамадства і гэтак далей.

- Ці ёсць нешта такое, чаго катэгарычна не варта рабіць палітычнаму журналісту падчас гэтых выбараў?

- Зноў жа, я б не вылучаў толькі гэтыя выбары. Проста палітычны журналіст, як і любы журналіст, мусіць трымацца прафесійнай этыкі. Гэта проста і гэта адначасова складана.

Калі казаць пра палітычныя тэмы, то, натуральна, аўтар можа мець сваю пазіцыю. Але калі ён відавочна пачынае абслугоўваць нейкую палітычную сілу ці пэўных персон, гэта, на мой погляд, дэфармуе его як прафесіянала.

Оценить материал:
0
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в:

Опрос