Адназначна вызначыць, да чаго адносяцца творы Нобелеўскага лаўрэата Святланы Алексіевіч – літаратуры ці журналістыкі – практычна немагчыма. Галоўнае ў іх – не форма, а змест.
Аб гэтым гаварылі ўдзельнікі сустрэчы, што адбылася ў пятніцу ў Мінску. Шведскія і беларускія журналісты некалькі гадзін абмяркоўвалі творчасць публіцыстаў Святланы Алексіевіч і Рышарда Капусцінскага, чые творы паўсталі на перапляценні культур Беларусі, Украіны і Польшчы.
Мерапрыемства арганізавала міжнародная дыскусійная панэль Global Bar, заснаваная ў Швецыі. І гэта быў сапраўдны бар: кожны мог пачаставацца беларускім півам і рознымі прысмакамі, пакуль слухаў выступы замежных гасцей, а потым выказаць уласнае меркаванне па пытаннях, што абмяркоўваліся.
Гасцямі і галоўнымі ўдзельнікамі дыскусіі сталі шведскія журналісты Давід Ісаксон (David Isaksson) і Сафія Хэйнэ (Sophie Heine), а таксама шведска-сербскі журналіст і пісьменнік Прэдраг Драгосавач (Predrag Dragosavac).
Перад пачаткам адкрытага абмеркавання творчасці Святланы Алексіевіч і Рышарда Капусцінскага кожны госць распавёў пра сваё знаёмства з аўтарамі: асабістае ці праз тэксты.
Давід Ісаксон быў знаёмы не толькі з артыкуламі і кнігамі Капусцінскага, але і з ім самім. “Калі я сёння шпацыраваў па Мінску, убачыў вавёрак, і яны нагадалі мне Рышарда. Я ўвесь час хацеў паспець за ім”, - падзяліўся Ісаксон.
Госць перакананы, што нам трэба памятаць пра Капусцінскага, бо ён, нягледзячы на складаныя тэмы сваіх тэкстаў (Капусцінскі працаваў як ваенны карэспандэнт у Афрыцы, Лацінскай Амерыцы і Азіі), ніколі не быў дэпрэсіўным, заўжы імкнуўся бачыць станоўчае і пазітыўнае. “Нават у кнігах, прысвечаных грамадзянскай вайне ў Афрыцы! Яго кнігі варта чытаць, бо Капусцінскі пісаў пра рэчы, якія мы не ведаем, ці аб якіх мы папросту забыліся”, - дадаў шведскі журналіст.
Святлана Алексіевіч сцерла межы паміж журналістыкай і літаратурай
Пераходзячы да творчасці Нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч, Сафія Хэйнэ адзначыла: “Яе творчасць адрозніваецца тым, што аўтарка сцерла межы паміж літаратурай і журналістыкай, таму яе перамога была вельмі пазітыўна ўспрынятая людзьмі”.
Журналістка прызналася, што вельмі любіць творы Алексіевіч: “Я жыла ў Маскве падчас Саюзу. Гэта былі вельмі цікавыя часы. Таму мне асабліва цікава чытаць кнігі Алексіевіч. Я люблю не толькі змест яе твораў, але і форму. Яна вельмі цікава працуе з людзьмі”.
На пытанне Давіда Ісаксона, ці здольная выжыць літаратурная журналістыка, якой займалася Алексіевіч, у сучасных медыях, прысутныя адказалі станоўча, аднак адзначылі відавочнае: у газетах, ды онлайне сёння істотным фактарам стала аператыўнасць, таму важна захаваць такія гісторыі, якія стваралі Капусцінскі і Алексіевіч.
Прэдраг Драгосавач, працягваючы тэму, адзначыў, што Рышард Капусцінскі зрабіў прадказанне адносна сённяшняга часу. Ён размяжоўваў тэлежурналістаў і тых, хто піша для друкаваных СМІ. Першыя робяць хуткія навіны, а газетчыкі больш факусуюцца на змесце: “Мы зараз засяроджаныя на аператыўнасці, нам не стае часу разабрацца ў сутнасці навін і падзей. Ці сталі мы лепей разумець свет у той час, як сталі атрымліваць усё больш і больш інфармацыі?..”
Давід Ісаксон падтрымаў калегу: “Як шмат мы ведаем пра іншыя месцы, нягледзячы на тое, што інфармацыі ў інтэрнэце дастаткова? Я сустрэў учора знаёмых з Францыі. Яны нічога не ведалі пра Мінск! Я падумаў: а што я ведаю пра Францыю? Амаль нічога. Нам здаецца, што мы ведаем шмат, але насамрэч у многіх з нас вельмі павярховыя веды пра многія месцы. Калі мы хочам ведаць больш, трэба адысці ад журналістыкі і паглыбіцца ў добрую літаратуру, такую, якую стварылі Капусцінскі і Алексіевіч”.
Сафія Хэйнэ ў працяг тэмы адзначыла, што над кнігай пра Чарнобыль Алексіевіч працавала больш за дваццаць год. Відавочна, такі доўгі час для працы над творам можа сабе дазволіць толькі пісьменнік, у якога не гараць тэрміны.
На пытанне Давіда, як мы вызначем літаратуру, адзін з удзельнікаў дыскусіі адзначыў, што літаратура асацыюецца для яго з нечым мастацкім, творам, у якім павінен быць сюжэт. Іншы прысутны адказаў, што літаратура – гэта тое, што актуальнае значна даўжэй за газетны артыкул, які жыве да выхаду наступнага нумару.
Давід Ісаксон падсумаваў першую частку насычанай гутаркі: “Якасная журналістыка – таксама літаратура”.
Алексіевіч паказала, што няма розніцы: пісьменнік ты ці журналіст
На думку Прэдрагара Драгосавача спробы размежаваць журналістыку і літаратуру былі заўжды: “Трумэн Капотэ вывеў тэрмін дакументальная літаратура. Вынікі сваіх расследванняў ён публікаваў у часопісе. Гэта былі літаратурныя творы, але не літаратура ў чыстым вылядзе, бо ў аснове тэкстаў былі дакументальныя падзеі”.
Гэтым жа займаліся і Капусцінскі з Алексіевіч, даследуючы розныя сферы жыцця.
“Я сам журналіст. І я ўдзячны Святлане Алексіевіч, што яна атрымала Нобелеўскую прэмію і паказала, што няма розніцы, пісьменнік ты ці журналіст. Калі пішаш добра”, - падкрэсліў выступоўца.
Калі гутарка зайшла пра аб’ектыўнасць пададзенай інфармацыі ў так званай дакументальнай літаратуры, Давід Ісаксон выказаў меркаванне, што часам журналісты трапляюць у сітуацыі, у якіх немагчыма застацца раўнадушным. “Фактаў будзе мала, але нас, чытачоў, у такіх сітуацыях цікавяць менавіта эмоцыі відавочцы падзей. Калі тэксты закранаюць нашыя сэрцы і ўздымаюць пытанні кшталту каштоўнасці нашага жыцця. Такія эмацыянальныя гісторыі могуць ператварыцца ў літаратуру, друкавацца ў часопісах, а потым быць сабранымі ў кнігу”.
Прэдраг Драгосавач дадаў, што трэба размяжоўваць рамяство і мастацтва. “Калі чалавек укладаецца ў тэкст, шмат працуе над ім, то ён стварае твор мастацтва і не істотна, у якой форме”.
Вяртаючыся да творчасці Святланы Алексіевіч госці адзначылі, што яна сваімі творамі распавяла пра тую рэчаіснасць, якая была невядомай і нават незразумелай для замежнікаў. “Я як шведскі пісьменнік чытаю яе кнігу і спрабую ўявіць, як можна жыць у свеце савецкага саюза, для мяне гэта – іншы сусвет! Дзякуючы кнізе “Час сэканд хэнд” я змог зразумець, як вам жылося ў тыя час. Праз сітуацыі, думкі людзей і дэталі”, - падзяліўся Давід.
Напрыканцы сустрэчы звярнуліся да тэмы перадузятасці журналістаў.
Прэдраг Драгосавач: “У тым, што мы чытаем у прэсе, часта вельмі шмат перадузятасці і стэрэатыпаў. Рышар Капусцінскі ў сваіх тэкстах не мысліў стэрэатыпамі, ён распавядаў пра чалавека, пісаў праўду, што мне вельмі падабаецца. Вельмі істотна не быць суддзямі ў сваіх тэкстах. Важна, каб журналіст умеў адысці ўбок і паказаць карціну цалкам, адмовіўшыся ад сваіх звыклых метадаў працы. Для мяне гэта з’яўяляецца істотным паказыкам прафесіяналізму”.
Праз усю сустрэчу чырвонай ніткай працягвалася простая думка: неістотна, як ты сам сабе вызначаеш: пісьменнікам, публіцыстам ці журналістам. Неістотна нават, як вызначае цябе грамадства. Калі ты пішаш грунтоўныя тэксты, што закранаюць душу, адклікаюцца ў іншых і дапамагаюць крышку лепей зразумець гэты свет.


