Вы здесь

Меркаванне. Чаму ў медыя так шмат непавагі да жанчын

Усё цячэ, усё змяняецца, але прынізлівае стаўленне да жанчын нікуды не знікае.

Нядаўна на Нашай Ніве выйшаў тэкст “Чаму сярод беларусак так шмат моцных жанчын і па якіх прычынах ім бывае складана знайсці партнёра?”. У ідэальным свеце гэта мог бы быць тэкст пра тое, якія беларускі смелыя і мэтанакіраваныя, як не баяцца адстойваць сябе і быць нязручнымі, і як на гэта рэагуе патрыярхальны свет.

Але ў рэальнасці атрымаўся вельмі мізагінны – напоўнены непрыманнем і пагарды да жанчын – артыкул.

Асноўныя тэзісы ў ім такія:

  1. Моцныя жанчыны – хібныя, і з імі ўсё не так
  2. Моцным жанчынам трэба змяніцца, каб мець рамантычныя стасункі.

Пры гэтым пад словамі “моцныя жанчыны” што толькі не маецца на ўвазе – гэта і жанчыны, што жывуць з трансгенерацыйнай траўмай і “замарозіліся” ў цяжкай сітуацыі, жывуць у пазіцыі “жаўнера”; і жанчыны, якія выцясняюць усе свае эмоцыі і пачуцці; і жанчыны, на якіх у дзяцінстве сварыліся за кепскія адзнакі, і яны яшчэ дзяўчатамі настройвалі сябе быць супервумэн; і жанчыны, якія ў рамантычных стасунках становяцца залежнымі; і жанчыны, што баяцца рамантычных стасункаў; і нават тыранічныя маці. Усё гэта – моцныя жанчыны, і ўсіх іх, як бачна, трэба ў той ці іншай ступені лукаваць і выпраўляць.

Ішло, што называецца, 21 стагоддзе, свет нарэшце прызнае, што ад недаацэненасці жаночага патэнцыялу губляе шмат грошай, і што ўвогуле няправільна гэта - абмяжоўваць людзей у магчымасцях выключна за пэўны набор геніталій і храмасом. А мы ў і далей чытаем у СМІ, што моцная жанчына – яна няправільная, і ўсё з ёй не так.

Як кажуць, гэтую б энэргію, ды ў патрэбны бок.

Фото: apa.az

У Беларусі не сціхала эпідэмія хатняга гвалту, а ў цяперашніх умовах жанчыны яшчэ менш абароненыя, бо па зразумелых прычынах даверу да міліцыі і дзяржструктур яшчэ менш, чым было раней. Але ў незалежным беларускім СМІ мы чамусьці чытаем, што пазіцыя “лепш быць адной, затое мне будзе добра” – гэта таксама нейкая жаночая хібнасць. Напэўна, лепш быць з тым, хто цябе прыніжае, не цэніць альбо нават б’е і гвалціць, абы не быць адной? Ды гэтае вялікае шчасце і дасягненне, што жанчыны могуць заставацца без рамантычных стасункаў і быць пры гэтым шчаслівымі! Псіхолаг у артыкуле кажа, што такая ўстаноўка – неадаптыўная да сучаснага жыцця, вось толькі ў рэальнасці ўсё наадварот.

Неадаптыўнай з’яўляецца ідэя, што жанчына мусіць любой цаной быць у стасунках. У мінулым гэта было актуальным, калі жанчыны былі пазбаўлены базавых правоў, і шлюб для іх быў фактычна адзінай магчымасцю выжыць і не быць выключанай з супольнасці. Але ўсё змянілася, і стасункі цяпер – не неабходнасць, а опцыя для тых, каму гэта важна. А адмова ад стасункаў (як увогуле, так і з канкрэтным чалавекам) – жыццёвы выбар, які можа мець безліч прычын, але ўсе яны так ці інакш звязаныя з гатоўнасцю браць адказнасць за ўласнае жыццё.

Увогуле, на гэты тэкст, поўны пагарды да жанчыны, можна было б не звяртаць увагу, калі б ён быў проста нейкім глупствам, а не адлюстроўваў вельмі сумныя тэндэнцыі, якія застаюцца ў беларускім грамадстве, і якія не знікнуць чароўным чынам следам за рэжымам Лукашэнкі.

Я ні разу не бачыла такога кшталту артыкула – тым больш інтэрв’ю з псіхолагам – пра мужчын. Ганебна выказвацца пра мужчын у цэлым не прынята і лічыцца дурным тонам. Паспрабуйце напісаць публічна, напрыклад, што мужчыны вінаватыя ў цяперашнім палітычным крызісе. Вас абвінавацяць у сэксізме, скажуць, што не ўсе мужчыны такія, і што ўвогуле вы нічога не зразумееце. Іншая справа, калі вы скажаце, што ў крызісе вінаватыя жанчыны, бо гэта яны (мы) пераважна займаюцца гадаваннем і выхаваннем дзяцей, а, значыць, адказваюць за ўсё, што гэтыя дзеці потым робяць у жыцці.

Фото: pibig.info

Увогуле, знявага жанчын у СМІ – справа дагэтуль звычайная. Яшчэ адзін яскравы прыклад – нядаўні тэкст на Зеркале “Меня просто поставили перед фактом, что мы разводимся”. История белоруса, от которого в Польше ушла жена после 18 лет брака». Увесь тэкст уяўляе сабой расповед актывіста пра тое, як ад яго сышла жонка, якая, як ён сам кажа, фактычна самастойна гадавала дзяцей, пакуль ён займаўся актывізмам. Пры гэтым ён называе яе “добрай каханкай, але кепскай жонкай”, а пра пачатак іх стасункаў кажа, што тады “пашкадаваў дзяўчынку, якая хацела пазбавіцца сваіх комплексаў, а потым закахаўся ў яе”.

Важна, што ва ўсім тэксце няма ніякіх расповедаў пра гвалт з боку жонкі (у такім выпадку быў бы зразумелы агульны тон артыкула), а ёсць проста вядро памыяў, вылітае на жанчыну на адным з буйнейшых беларускіх СМІ проста за тое, што яна захацела разводу. І вось мы чытаем, як бацька пяцерых дзяцей цалкам сур’ёзна скардзіцца, як яму цяжка пасля разводу, і якая кепская яго былая жонка, якая сама гадуе дваіх малодшых дзяцей.

Сам герой дужа пакутуе ад самоты, але з дзецьмі бачыцца толькі раз на тыдзень, калі водзіць іх у Макдоналдс, бо “мама трымае ў вожыкавых рукавічках, дык хай хоць са мной расслабяцца”.

Тобок фактычна мы маем гісторыю, дзе жанчына вырашыла, што прасцей без мужа ўвогуле, чым з такім мужам, на ёй ляжыць уся штодзённая арганізацыйная і эмацыйная праца, але чытаем мы толькі тое, як яе ненавідзіць былы муж.

А навошта нам увогуле гэтая гісторыя? У чым яе грамадзкая важнасць? Каб зрабіць яе карыснай, трэба разбіраць выказванні героя і тлумачыць, якія патрыярхальныя ўстаноўкі ён дэманструе, і чым яны шкодныя для грамадства. Але мы не маем не тое што падрабязнага разбору ягоных крыўдаў, але нават караценькага каментара псіхолага.

Вішанькай на торце гэтага свята мізагініі становіцца тое, што сам герой матэрыяла – псіхолаг па адукацыі. І ён і тут, і там выступае з нібыта экспертнай пазіцыі “як псіхолаг я бы даў сабе такую рэкамендацыю”, “па адукацыі Ілля псіхолаг, і гледзячы на тое, як развіваецца ягоны шлюб, разумеў, чым усё скончыцца”. Але ён тут, так бы мовіць, зацікаўленая асоба.

Ну, і апошняе пытанне: чаму ў гэтым тэксце няма пазіцыі жанчыны? Паўтаруся: калі была б гаворка пра сітуацыю хатняга гвалту, прасіць каментар чалавека, які праяўляе агрэсію, было б недарэчна. Але тут мы маем проста сямейную гісторыю – ажаніліся, жылі, не склалася, развяліся. Чаму мы бачым яе толькі з аднаго боку? Які ў гэтым сэнс?

Баюся, як і ў гісторыі з тэкстам пра моцных жанчын, сэнс адзін – заняць пазіцыю ўлады і ацэньваць жанчын проста, таму што ёсць такая магчымасць. А яшчэ я гатовая паспрачацца, што інтэрв’ю з актывістам Іллём рабілі па сяброўстве. Занадта падобна гэта ўсё да таго, што хтосьці вырашыў падтрымаць сябра, прынізіўшы публічна ягоную былую жонку.

 

Наста Захарэвіч адмыслова для Mediakritika.by

Оценить материал:
1
Средняя: 1 (1 оценка)
распечатать Обсудить в:

Опрос