Вы здесь

Меркаванне. Хопіць адбіраць суб’ектнасць у палітвязняў

Апошнія тры гады перад беларускай журналісцкай супольнасцю паўстаюць усё новыя і новыя этычныя пытанні. Ці можна рабіць героя матэрыяла ананімным, калі сам чалавек хоча, каб імя ўказвалася, але гэта можа прывесці да затрымання?

Ці можна перадрукоўваць вядомыя фатаздымкі пратэстаў 2020 года, не хаваючы твары людзей? Ці можна пісаць пра палітзняволенага чалавека, калі родныя супраць публічнасці?

З рознымі выклікамі мы спраўляемся па-рознаму, але ёсць адна праблема, з якой ніяк не можам даць рады – мы зноў і зноў пазбаўляем палітвязняў суб’ектнасці і права на асабістае жыццё.

Мы ставімся да іх як найгоршыя папарацы да галівудскіх зорак – апублічваем вельмі інтымныя рэчы, спасылаючыся на грамадскі інтарэс і грамадскую важнасць, але зусім не задумваючыся, як да такой публічнасці ставяцца самі палітвязні.

Яшчэ тыдзень таму я пісала б гэты тэкст у значна больш мяккай форме. Але цяпер, калі СМІ разнеслі навіну пра смерць маці зняволенага палітыка Андрэя Дзмітрыева, а некаторыя яшчэ і дадаткова ўдакладнілі, што сам Дзмітрыеў пра трагедыю яшчэ не ведае... Гэта вельмі тлустая чырвоная лінія, за якую дакладна нельга было заходзіць.

Драмы і трагедыі палітзняволеных – гэта не проста матэрыял для ілюстрацыі жахаў, якія ўчыняе рэжым Лукашэнкі. Гэта не проста статыстыка і не проста крыніца для нашай штодзённай дозы адрэналіну.

Рэжым адбірае ў палітвязняў права голасу і права выбару, дык чаму мы робім тое ж самае? Мы ж так абураемся, калі прапагандысты публікуюць звесткі асабістага жыцця затрыманых і фатаграфуюць іхнія сэкс-цацкі. Але як так склалася, што пры гэтым мы лічым нормай выстаўляць на публіку іншыя асабістыя рэчы і з’явы?

Відавочна, што некаторыя палітвязні загадзя паведамілі калегам ці родным, што ў выпадку зняволення яны хочуць, каб гэта і гэта рабілася публічна. Людзі, якія шмат гадоў займаліся журналістыкай ці праваабаронай, маглі рыхтавацца да арышту і пакідаць падрабязныя інструкцыі на розныя выпадкі. Апублічваць, напрыклад, лісты ад такіх палітвязняў – годная справа, і гэта акурат ёсць вяртаннем чалавеку суб’ектнасці і права на голас.

Але ёсць тэрыторыя, на якую заходзіць катэгарычна нельга, калі нам на палітзняволеных не пляваць. І можна, безумоўна, абвінаваціць мяне ў тым, што я, кажучы пра апублічванне смерці маці Андрэя Дзмітрыева, сама працягваю яе апублічванне, але я не ведаю іншых спосабаў, як звяртаць на гэта ўвагу. Бо тое, што адбылося – гэта жорстка, беспардонна і папросту недапушчальна.

Я ўсё шукаю і шукаю, але ніяк не магу знайсці прычыну, чаму калегам і каляжанкам спатрэбілася тэрмінова напісаць пра гэтую смерць, не дачакаўшыся, хоць бы пакуль родныя адправяць Дзмітрыеву тэлеграму. А ў ідэале – даведаўшыся праз адваката, ці не супраць палітык, каб гэтая інфармацыя пайшла ў СМІ.

Так, у гэтай інфармацыі ёсць грамадскі інтарэс, але ці можна ў такой сітуацыі ставіць яго вышэй за пачуцці чалавека, які згубіў маці, знаходзячыся ў зняволенні, і які, хутчэй за ўсё, не зможа з ёй развітацца? Будзем шчырымі, для публікі гэтая навіна – чарговае «+1» да жахлівых наступстваў палітычных рэпрэсій у Беларусі.

Публіка хутка забудзецца і будзе блытацца, у каго, хто і калі памёр. А Андрэй Дзмітрыеў згубіў маці і нічога ўвогуле не можа ў гэтай сітуацыі кантраляваць. Навошта мы сваімі рукамі пагаршаем гэтую сітуацыю, мне зусім няясна.

Але так быць не павінна. Палітвязні – гэта найперш людзі. І толькі потым – сімвалы, матывацыйныя спікеры і нашае натхненне.

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в:

Опрос