Аб сваім вызваленні Марціновіч паведаміў на асабістай старонцы ў Facebook.
"У мяне было 2 гады і яшчэ 1,5 месяца, каб прыдумаць арыгінальны допіс на гэтае месца. Але неяк не склалася, пацягнула на філасофію", — напісаў журналіст.
Ён падзякаваў "тысячам беларусаў", якія падтрымлівалі яго ў няволі, аказвалі дапамогу яму і іншым палітвязням або "хаця бы ў душы перажывалі за нас".
«Я хачу сказаць ВЕ-ЛІ-ЗАР-НЫ дзякуй тысячам беларусаў, якія падтрымлівалі мяне, дапамагалі мне ці іншым палітвязням альбо хаця б у душы перажывалі за нас. Гуртом шмат што лягчэй)
Пастараюся адпісаць ці адзваніцца кожнаму, ад каго атрымліваў вестачкі. Я толькі пераканаўся, што прыстойных, сумленных беларусаў, сапраўдных патрыётаў нашай краіны ў разы больш, чым я мог сабе ўявіць у самых смелых фантазіях».
Раней, 18 жніўня, выйшаў на волю кіраўнік аддзела рэкламы і маркетынгу "Нашай Нівы" Андрэй Скурко.
Скурко і Марціновіч былі затрыманыя 8 ліпеня 2021 года. Іх судзілі па надуманай крымінальнай справе і далі 2,5 гады зняволення.
З улікам тэрміна, адбытага ў СІЗА, Скурко правёў за кратамі 2 гады, 1 месяц і 11 дзён.