Нагадаем, 26 ліпеня Гродзенскі абласны суд вынес прыгавор журналісту і грамадскаму дзеячу Паўлу Мажэйку і былой адвакатцы Юліі Юргілевіч.
Суддзя Максім Філатаў прысудзіў Паўлу 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Юліі — 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Менавіта столькі запрасіў пракурор Дзмітрый Сініла.
Паўла і Юлію судзілі паводле ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, учыненае паўторна групай асоб па папярэдняй змове. Іх абвінавацілі ў перадачы звестак тэлеканалу «Белсат» у лютым–сакавіку 2022 года, што расцанілі як «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці».
3 лістапада 2021 года беларускія ўлады прызналі тэлеканал «Белсат» «экстрэмісцкім фармаваннем».
У справе няма ніякіх прамых доказаў віны, а такія жорсткія тэрміны былі прысуджаныя на падставе двух званкоў па тэлефоне.