Вы здесь

Смяротная аб’ектывацыя на ТБ

В фокусе

На дзяржаўны тэлеканале СТВ нядаўна мужчыны абмеркавалі жанчын у лепшых традыцыях аб’ектывацыі. Кажуць, мы павінны быць сціплымі і стройнымі і не павінны быць упэўненымі ў сабе, бо ўпэўненасць у сабе лепш пасуе мужчынам, а стройнасць – гэта паказчык клопату пра сябе і таго, што жанчына мога працягваць род.

Аб’ектывацыя жанчын – з’ява дагэтуль нярэдкая, і яна даўно ўжо не здзіўляе, але працягвае абураць. У Беларусі з яе эпідэміяй хатняга гвалту і спісам забароненых для жанчын прафесій стаўленне да нас як да прадметаў, што павінны выконваць пўныя функцыі – звычайная справа. І гэтыя функцыі дужа прадказальныя – нараджаць дзяцей і забяспечваць камфорт мужчына. Канцэптуальна ўсё ў адпаведнасці з дамастроем, хіба што з папраўкамі на цяперашнія каноны прыгажосці.

І праблема не проста ў тым, што аб’ектывацыя абражае жанчын і сімвалічна ставіць нас на адзін узровень з нежывымі прадметамі. Такое прыніжэнне дагэтуль шмат хто лічыць спрэчным, кажа, што не так усё адназначна і ўвогуле, а раптам жанчына сама хоча быць прыгожай цацкай, а не чалавекам з правамі і магчымасцямі.

У гэтым тэксце я не буду нават іранізаваць над тым, наколькі (не)развіты эмацыйны інтэлект у людзей, якія шчыра вераць, што камусьці хочацца свабоды, а камусьці добра і ў рабстве. Не, я проста нагадаю, наколькі смяротнай на самой справе можа быць аб’ектывацыя.

З тым, што чалавек у норме хоча жыць і не хоча паміраць, я спадзяюся, мы ўсе можам пагадзіцца.

 

Дэпрэсія

90% усіх самазабойстваў у свеце звязаныя з псіхалагічнымі разладамі, і часцей за ўсё – з дэпрэсіяй. А яшчэ СААЗ называе дэпрэсію адной з асноўных прычын інваліднасці ў свеце. Жанчыны сутыкаюцца з гэтай хваробай у два разы часцей за мужчын, і адной з прычын з’яўляецца аб’ектывацыя, якая разам з абясцэньваннем і нерэалістычнымі чаканнямі з боку грамадства можа прыводзіць да заніжанай самаацэнкі, трывожнасці і адчаю.

Невядома, ці з’яўляецца аб’ектывацыя ключавым фактарам жаночай дэпрэсіі і ці ўваходзіць яна ў топ-тры гэтых фактараў, але адмаўляць яе ролю ў цэлым было б вельмі наіўна і нават абсурдна. Справа ў тым, што з аб’ектывацыяй наўпрост звязаныя і іншыя фактары – напрыклад, празмерная стома ад хатніх справаў і доглядам за дзяцьмі, бо шмат хто дагэтуль лічыць, што жанчына – гэта не тое каб чалавек, а істота, створаная для клопату пра іншых. І што мужчына пасля 8-гадзіннага працоўнага дня дужа стомлены, і таму ён уночы мусіць спаць, а жанчына дома з немаўлём нічога не робіць, таму і ўночы яна мусіць яго карміць, мяняць памперсы і проста супакойваць.

І гэта не проста абстрактнае несправядлівае стаўленне да размеркавання абавязкаў у сям’і – гэта сапраўдная дэгуманізацыя жанчыны, якая ёсць наступствам у тым ліку і аб’ектывацыі, якая так лёгка агучваецца на дзяржаўным тэлебачанні. Жанчына ж мусіць нараджаць, быць няўпэўненай у сабе і худой.

 

Разлады харчовых паводзінаў

Імкненне навязаць жанчынам, што мы павінны выглядаць пэўным чынам і ўпісвацца ў нейкія каноны прыгажосці, рыводзіць да разладу харчовых паводзінаў, якія, як і дэпрэсія, могуць быць смяротнымі. Даследаванне, што было праведзена ў Бостанскім паўночна-ўсходнім універсітэце ЗША, паказала, што жанчыны, якія працяглы час хварэюць на анарэксію, маюць у сем разоў больш высокую рызыку заўчаснай смерці, чым здаровыя жанчыны ва ўзросце 16-30 гадоў.

Ідэя пра тое, што абстрактная стройнасць ёсць паказчыкам клопату пра сябе, зя’ўляецца ненавуковай і дужа шкоднай, бо вымушае дзяўчат і жанчын кардынальна змяншаць колькасць ежы і/ці мардаваць сябе ў спартовай залі, імкнучыся не да лепшага здароўя, а да знешняга выгляду, які будзе адпавядаць пэўным стэрэатыпам і, гледзячы на які, іншыя людзі скажуць “так, яна клапаціцца пра сябе”.

Смяротнасць ад анарэксіі перавышае нават смяротнасць ад дэпрэсіі і часцей за ўсё аказваецца звязанай з праблемамі з сэрцам, страўнікава-кішэчным трактам альбо эндакрыннай сістэмай. Няўпэўненасць у сабе і, як вынік, нелюбоў да сябе, - гэта вечныя спадарожнікі разладаў харчовых паводзінаў, і проста недапушчальна, каб дарослыя мужчыны на дзяржаўным тэлебачанні цалкам сур’ёзна казалі, што жанчыны не мусяць быць упэўненымі ў сабе, і каб ніхто не асадзіў гэтых мужчын у адказ.

Але хто ж там пойдзе супраць лініі партыі?...

 

Наста ЗАХАРЭВІЧ адмыслова для Mediakritika.by

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в:

Опрос