Прапагандысты на СТВ расказваюць, як Беларусь (а менавіта, рэжым Лукашэнкі) рэалізуе зялёную павестку. Але сюжэт пра экалогію і кліматычны крызіс аказаўся надта падобным да перамоваў Ніка і Майка.
Лукашэнкаўская прапаганда становіцца ўсё больш абсурднай, і ў тым ліку гэта тычыцца экалагічных тэм. То чыноўнік заяўляе, што ў Беларусі (чамусьці разам з Расіяй) мусіць быць свая экалагічная павестка, адрозная ад заходняй, то вось супрацоўнік прапагандысцкага дзяржаўнага тэлеканала прысвячае цэлы сюжэт таму, як увесь свет памірае ад кліматычнага крызісу, а Лукашэнка яго ратуе.
Пра моцнага арэшка гэтым разам нічога не сказалі, але «прэзідэнцкі расклад аказаўся ў яблычак. І не толькі па азімых і ячменях, але і па меліярацыі» (прым. рэд.: прэзідэнтам у сюжэце называюць Адяксандра Лукашэнку).
І праўда: куды ж беларусам і беларускам без такога раскладу! Дарэчы, у чым ягоная сутнасць, тлумачыць не сталі. Гэта «простым людзям» ведаць неабавязкова. Ім (нам) трэба толькі ўліваць у вушы, што без Лукашэнкі свет адначасова змерзне, спячэцца і разваліцца на кавалкі. А наколькі абсурднымі будуць аргументы – не надта важна. Крытычнае мысленне – гэта апошняе, на што разлічвае прапаганда.
У адным сюжэце спалучаецца заява Гігіна «Мы называем рэчы сваімі імёнамі» і расповеды журналіста пра урбаністычныя беларускія цуды:
«У цэнтры горадабудаўніцтва ў Беларусі – не шматпавярховікі для бізнеса, шопінга, і развагаў, а прыродная інфраструктура».
«Нават у самых ажыўленых месцах сталіцы беларус не адасоблены каменнымі джунглямі ад прыроды».
Вельмі хочацца спытаць, ці ў адным з намі пакоі знаходзіцца гэтае горадабудаўніцтва і ці пра адзін і той жа Менск мы думаем. Я пражыла ў гэтым горадзе 11 гадоў і запомніла яго як кепскі прыклад гарадскога будаўніцтва – шмат дзе Менск выбудаваны такім чынам, каб добра глядзеўся з верталёта, але для пашаходаў гэта вельмі нязручна.
А яшчэ я веру, што аднойчы чыноўнікі ў Беларусі ўсвядомяць, што вялізныя газоны – гэта не добрыя зялёныя зоны. І што кветкі на клумбах не абавязкова мусяць расці як пад лінейку. І што ў горадзе можна і варта высаджваць палявыя расліны.
Аднойчы гэта адбудзецца, але не сёння. Сёння мы слухаем байкі пра балоты Палесся, якія «напітваюць чыстым паветрам жыхароў Германіі і Францыі. Іх прамысловыя карпарацыі забруджваюць, а мы – ачышчаем».
Не падумайце, калі ласка, што я хоць неяк хачу недаацаніць беларускія балоты! Гэта вялізны прыродны скарб, і яны вартыя найлепшых кампліментаў і найлепшага клопату.
Але нават нашыя балоты не могуць зрабіць так, каб ачышчанае паветра з іх адразу перакідвалася на тэрыторыю Германіі і Францыі, абмінаючы Польшчу і не кранаючы ні Чэхію, ні Бельгію з Нідэрландамі. Але такія дробязі як законы фізікі не хвалююць беларускіх прапагандыстаў.
Іх увогуле не хвалюе здаровы сэнс. Вось як яны апісваюць нядаўні моцны снегапад: «Прырода не следуе рукатворным канцэпцыям, канвенцыям і мемарандумам, але яна, быццам у падзяку за шчырую прамову прэзідэнта на саміце па клімаце, паказала сябе ва ўсёй прыгажосці – як было раней. Такога снегападу гэтыя мясціны даўно не бачылі».
Галоўнае – не пераблытаць: калі экстрымальныя пагодныя з’явы адбываюцца ў ЕС – гэта катастрофа і наступствы бесчалавечай заходняй палітыкі, а калі ў Беларусі – дык гэта падзяка Аляксандру Лукашэнку ад прыроды.
Наста ЗАХАРЭВІЧ адмыслова для Mediakritika.by