Вы здесь

“Прафесійную журналістыку не заменіш словамі на плоце”

Интервью

Праца рэдакцыі рытмічная – ад нумара да нумара. Графік і расклад. Рэдактарам і журналістам не заўсёды стае часу “падняць галаву” і ўбачыць сваё месца ў перспектыве часу. Падумаць стратэгічна няма калі, бо для любой беларускай незалежнай газеты кожны нумар – перамога.

Тым часам, тэхналогіі і грамадскія трансфармацыі наступаюць. Што яны нясуць? Кажуць, што кібер-прастора вось-вось паглыне традыцыйныя медыя-формы…

На думку Вячаслава Хадасоўскага, стваральніка і галоўнага рэдактара газеты “Белорусы и рынок”, ніякія перамены не зменяць сутнасці журналісцкай працы, а друкаваная прэса па-ранейшаму будзе актуальнай і не страціць камерцыйнай прывабнасці. “Бо інтэрнэт-выданні самі па сабе не прыносяць прыбытку, – гаворыць Хадасоўскі. – Я не кажу, што так будзе заўсёды, але бліжэйшыя 10-15 год будзе менавіта так.”

“Белорусы и рынок” (“Белорусский рынок” 1990-2005 гг.), – першае незалежнае аналітычнае выданне, якое ўжо больш за 20 гадоў мае сваё трывалае месца на нашым медыя-рынку. У інтэрв’ю Вячаслаў Хадасоўскі дзеліцца думкамі пра будучыню друкаванай прэсы, прадказвае падвышэнне кошту на СМІ і гаворыць пра небяспеку расійскага інвестара для нашага медыя-рынка.

– Аўдыторыя, якую здольны ахапіць інтэрнэт, непараўнальна большая за аўдыторыю газет і часопісаў. Час друкаванай прэсы сыходзіць?

Наклады друкаванай прэсы ў свеце зніжаюцца прыкладана на 10% у год. Гэта выразная тэндэнцыя, якая, хутчэй за ўсё, захаваецца ў будучыні. Магутныя медыйныя карпарацыі ў Злучаных Штатах і Заходняй Еўропе ўжо некалькі дзесяцігоддзяў намацваюць новыя накірункі працы. Яны шукаюць аптымальныя шляхі “манетызацыі кантэнту” – гэта ключавы панятак сёння, які азначае пераўтварэнне кантэнту, які прадукуюць прафесійныя журналісты, у форму, зручную для продажу. Мы не ведаем, што з’явіцца заўтра. Магчыма, вынайдуць электронную паперу, якая пераверне рынак друкаваных медыя, і аматары прагназаваць зноў скажуць, што “ўсё астатняе памрэ”.

Відавочна, што будучыня – за інфармацыйнымі тэхналогіямі. Інтэрнэт-медыя больш аператыўныя, зручныя ў доступе. Яны больш прывабныя для некаторых сацыяльных пластоў, асабліва моладзі. Але папулярнасць медыя-сайтаў у інтэрнэце значна меншая, чым забаўляльных альбо паштовых сервісаў. Таму не трэба блытаць наведвальнасць інтэрнэту з аўдыторыяй медыяў.

– Якому віду СМІ аддаюць перавагу рэкламадаўцы?

Адзін з сусветных лідараў у выдавецкай справе неяк сказаў мне пры размове: “Мы ўжо 15 год рыдлёўкай закідваем грошы ў інтэрнэт, а аддачы няма”. Рэкламадаўцы “кармілі” і будуць “карміць” print-выданні. Так, змяняюцца прапорцыі, нейкая частка рэкламы пераходзіць у сеціва. Але ў цэлым (калі толькі гаворка не ідзе пра YouTube ці Facebook), інтэрнэт-выданні сілкуюцца за кошт друкаваных.

Інтэрнэт-выданні самі па сабе не прыносяць прыбытку. Я не кажу, што так будзе заўсёды, але бліжэйшыя 10-15 год будзе менавіта так. Далей, я мяркую, больш выразна выявіцца тэндэнцыя змены кантэнту і вобліку друкаваных СМІ ў бок адаптацыі для планшэтаў і смартфонаў. Такія ж змены чакаюць і электронныя СМІ, тэлебачанне.

– Што будзе ў бліжэйшы час адбывацца з друкаванымі выданнямі?

Каб захаваць сваё месца на рынку, print-выданне павінна мець поўную інтэрнэт-версію, дадатак для планшэта/смартфона, плюс ствараць відэа-гісторыі. Адным словам, сучасная газета павінна стаць прадуктам канвергентнай рэдакцыі.

Але сутнасць журналістыкі, нягледзячы на новыя носьбіты, не змяняецца. Прафесійную журналістыку не заменіш напісаннем словаў на плоце.

– У які бок зменіцца кошт такога “новага беларускага СМІ”?

У эканоміцы нічога не таннее. З большай ангажаванасцю тэхналогій у СМІ адпаведна будзе падвышацца і кошт. І рэклама будзе даражэй. Новыя медыя патрабуюць дакладнага маркетынгавага разліку продажу кантэнту. Роля маркетынгу ў нашай працы з часам будзе толькі павялічвацца. Ад рэдакцыі гэта запатрабуе вялікіх сродкаў, – напрыклад, для таго, каб набываць праграмы для планшэтаў. Гэта доўгатэрміновыя інвестыцыі. Я бачыў рэдакцыі, якія працуюць у гэтым накірунку ўжо некалькі год, але пакуль праца выходзіць ім у страты.

Неабходныя для рэдакцый змены вельмі дарагія. У эфір можна выпусціць многае, але ўзнікае пытанне якасці. Калі выданне хоча канкураваць, непрафесійная журналістыка недапушчальная.

– Як тэхналагічныя трансфармацыі закрануць беларускую медыя-прастору?

Мы толькі на пачатку шляху. У нас, за выключэннем 2-3 выпадкаў, няма інвестыцый у СМІ. Можна толькі марыць, што з’явіцца інвестар і сродкі, якія дазволяць рэалізаваць схему працы новага канвергентнага СМІ.

У Беларусі ўвогуле праблема з інвестарамі, тым больш - з інвестарамі для СМІ. Існуюць драконаўскія законы. СМІ ў нашых умовах з’яўляюцца нерэнтабельнымі. Ніводная рэдакцыя не зарабляе. У лепшым выпадку газеты працуюць “у нуль”. І нашай газеты гэта таксама тычыцца. Хаця я лічу, што Беларусь уяўляе сабой вельмі вялікі інтарэс для інвестараў – у нас 10 млн. насельніцтва і няма ніводнай нармальнай газеты.

– Якога інвестара можа зацікавіць наш рынак?

Заходнія капіталаўкладальнікі маюць канкрэтную мэту – атрыманне прыбытку. Яны зацікаўленыя ў стварэнні аўтарытэтнага, прафесійнага выдання, якое самастойна вызначала б рэдакцыйную палітыку.

З іншага боку, зараз праяўляюць інтарэс да Беларусі расійскія медыя-холдынгі. Гэта прынцыпова іншы інвестар. Яго крэда на беларускім медыя-рынку – гэта абарона інтарэсаў Расіі, і яны пра гэта адкрыта заяўляюць. Трапіць пад яго ўплыў будзе дастаткова лёгка, бо яны могуць прапанаваць заробак ў 3-4 разы болей. Кантэнт будзе жорстка кантралявацца. Гэта стане пагрозай для нацыянальнай журналістыкі.

– З якімі праблемамі сутыкаецца рэдакцыя беларускага эканамічнага выдання?

У нас вельмі закрытая сістэма эканомікі. Няма празрыстасці кампаній, не прынята публікаваць справаздачы. Ніхто не піша пра рэальны сектар эканомікі, дзе “круцяцца” велізарныя грошы і дзе занята наша асноўнае насельніцтва.

– Ваша выданне зарабляе праз інтэрнэт?

У нас ёсць платная падпіска праз інтэрнэт. Але калі проста “павесіць кнопачку на сайце” – прыбытку не будзе. Трэба працаваць далей, укладаць сродкі. Стварыць такі паток інфармацыі, які б прыносіў грошы. Як гэта зрабіць? Што можна прадаць? Эксперыменты ідуць па ўсім свеце і пакуль што яны не вельмі паспяховыя.

Адным словам, наперадзе вельмі шмат выклікаў, якія не зробяць нашае жыццё прасцейшым.

– Пры якіх умовах у Беларусі ўсе формы СМІ знойдуць сваё месца на рынку?

Па-першае, павінна змяніцца палітычная сітуацыя. Калі мы станем адкрытай краінай, пачнуць дзейнічаць законы рынку. Па-другое, патрэбныя нармальныя законы. Калі гэта адбудзецца, мы не будзем адрознівацца ад еўрапейскіх краін. Усе перспектывы ў Беларусі ёсць.

Марыя Савушкіна для baj.by, фота baj.by

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в:

Опрос