Сакрэтны ўказ прэзідэнта зрабіў сваю справу: сёлета на 1 красавіка беларускія медыі жартавалі як ніколі дружна. Загад жа зверху быў накіраваны на тое, каб абвергнуць у вачах заходнікаў стэрэатып аб поўным заціску свабоды выказвання ў “апошняй дыктатуры Еўропы”.
Стоп, годзе містыфікаваць! Пасыпаю галаву попелам: папярэдні абзац ёсць аўтарскім розыгрышам кшталту тых, якімі традыцыйна пярэсцяць на Дзень дурня айчынныя ды замежныя СМІ.
Лепей тлумачыць дурнеўстойліва
Смех смехам, але і сапраўды гэтым разам медыйных прыколаў было так багата, што Naviny.by нават зрабілі іх аператыўны агляд, а на nn.by склалі рэйтынг.
Дарэчы, позна ўвечары 1 красавіка “Наша ніва” мусіла патлумачыць, якія з публікацый дня на яе ўласным сайце былі жартамі. Паспяшаюся дадаць, што НН у гэты дзень выглядала не найгорай. Але па вялікім рахунку — калі медыі пастфактум мусяць разжоўваць, што вось тут трэба было смяяцца, то гэта, на мой погляд, “нізачот”.
З аднаго боку, маецца даўняя традыцыя медыйных жартаў на 1 красавіка. І заўжды можна ёю прыкрыцца, а таго, хто моршчыцца ад навалы хохмаў, абвясціць асобай без пачуцця гумару. З іншага боку, у мяне асабіста з кожным годам мацнее ўражанне, што пачуцця гумару (ці, ва ўсякім разе, пачуцця меры) часцяком бракуе менавіта тым, хто бярэцца хахміць паводле разнарадкі на Дзень дурня.
Дарэчы, калі ўжо браць гісторыю, то багата і прыкладаў, калі ў выніку недарэчных жартаў рэдакцыі займелі зусім нежартоўныя непрыемнасці. Так, у 1874 годзе “Нью-Йорк геральд” паведаміла, што з цэнтральнага заапарку на волю вырваліся небяспечныя драпежнікі і іх ахвярамі сталі ўжо 49 чалавек. Такім арыгінальным чынам рэдакцыя хацела прыцягнуць увагу да нядбайнага ўтрымання жывёл. У выніку горад ахапіла паніка, бо мала хто дачытваў вялізны тэкст да самага хваста, дзе зазначалася, што гэта толькі імаверны сцэнар.
Можа, таму зараз у Штатах існуе парадак, што медыі ў кожным разе мусяць “дурнеўстойліва” тлумачыць: гэта жарт.
Гумар мусіць лёгка чытацца
А найлепей, канечне, калі гумар ці сатыра самі па сабе лёгка прачытваюцца. Бадай што, да такіх прыкладаў можна аднесці свежую першакрасавіцкую публікацыю Naviny.by пра тое, што Лукашэнку на выбарах-2015 будзе супрацьстаяць кандыдат-невідзімка (дарэчы, са сцёбным відэа, што нагадвае экранізацыю класічнага твору Герберта Уэлса).
Ва ўсякім разе, атрымалася мацней, чым ў “Товарища.online”, які выдаў за адзінага апазіцыйнага кандыдата рэальную фігуру — блогера Яўгена Ліпковіча. Бо пры сённяшніх тэмпах распаду традыцыйнай апазіцыі можа і насамрэч атрымацца так, што пад выбары-2015 застануцца два варыянты: або Ліпковіч, або жонка Нікалюка.
Тыя ж “Навіны.Бай” далі “навіну” пад загалоўкам “У ЗША 25 кандыдатаў у прэзідэнты могуць вызваліць з турмы (відэа)”, заснаваную на рэальнай перліне ад Аляксандра Лукашэнкі. Здаецца, тут у сцёб адразу мусіць уехаць кожны. Зрэшты, калі задумацца, то чорт яго ведае. Не выключаю, што хтосьці з той публікі, якая слепа верыць беларускаму тэлебачанню, дасюль упэўнены, што Абама трымае ў турме плойму сваіх канкурэнтаў.
Карацей, заўжды лепей лішні раз узважыць, перш чым запускаць першакрасавіцкую “качку”. І лепей апрыёры арыентавацца на не самых вялікіх гумарыстаў з ліку чытачоў. А таксама крытычна ацэньваць сваё пачуццё гумару. Мінулы дзень 1 красавіка засведчыў, што некаторым калегам яно відавочна здраджвае.
Сеціва разносіць лухту як праўду
Звыш таго, варта зазначыць, што рэаліі сеціўнай эпохі накладаюць асаблівую адказнасць на медыйных жартаўнікоў.
Па-першае, у інтэрнэце шалёна тыражуецца любая сенсацыя, і тыя, хто падсеў на маланкавы канвеерны капіпаст, часта проста не паспяваюць прасекчы, што маюць справу з прыколам. Яны могуць на аўтамаце замяніць загаловак, скараціць частку тэксту — і жарт пойдзе далей гуляць ужо як цалкам сур’ёзная навіна.
Па-другое, навіны сёння чытаюць на розных платформах; шмат хто, у тым ліку і аўтар гэтых радкоў — пераважна у RSS. Іначай кажучы, праглядаеш толькі загалоўкі. І загаловак кшталту таго, з якім выйшаў прыкол на TUT.BY, — “У Беларусі з’явіцца купюра наміналам 500 тысяч рублёў” — у RSS-рыдэры можа ўспрымацца як цалкам сур’ёзны. Тым болей што гэта ідзе ў фінансавай, а не гумарыстычнай рубрыцы, і гэту плынь чытаюць пераважна дзелавыя людзі. Ну а да неабходнасці ўсё буйнейшых купюр на поўным сур’ёзе штурхае праклятая беларуская інфляцыя, на гэты конт старшыню Нацбанка Надзею Ермакову журналісты дапытвалі ўжо не аднойчы. Дык смяяцца ці плакаць?
Па-трэцяе, сёння многія журналісты, даследчыкі назапашваюць звесткі для сваіх артыкулаў у тым ліку і праз “Гугл” ды “Яндэкс”. І вось ўявіце сабе, што нейкі замежны аўтар, збіраючы інфу пра беларускія рэаліі, будзе натыкацца на першакрасавіцкія прыколы. Не ведаючы тутэйшых нюансаў, небарака цалкам можа расцаніць як сур’ёзную інфу многія дасціпныя з гледзішча нашых рэдакцый жарцікі.
І калі ў зробленым падкрэслена сурёзна леташнім матэрыяле “Салідарнасці” пра міфічнага брата-блізнюка Анатоля Лябедзькі яшчэ ратуе сітуацыю апошні радок “P.S. Зважайце на дату публікацыі” (хаця і ён можа выпасці з поля зроку), то у многіх выпадках такіх маркераў няма. Фэйкавую ж публікацыю могуць вывудзіць цераз пошукавік у любы дзень, не абавязкова 1 красавіка, калі ўсе напружана чакаюць падвоху, — і прыняць за чыстую манету.
Ну а ўрадавая “Рэспубліка” сёлета і ўвогуле ўвайшла ў аналы, надрукаваўшы свой шэдэўр пра сабаку-мільянера напярэдадні Дня смеху (жалезная логіка: у панядзелак жа газета не выходзіць!).
Давайце крэатывіць штодня!
Нарэшце, варта браць пад увагу тое, што многія рэаліі сённяшняй Беларусі з яе экзатычнай для ХХІ стагоддзя, рэліктавай палітычнай сістэмай самі па сабе гратэскавыя. І калі 1 красавіка бачыш загаловак, што КДБ перадаў таму ж Лябедзьку 10 тысяч долараў, то імавернасць “жарт/праўда” — прыблізна 50:50. А я, напрыклад, спачатку ўважыў за першакрасавіцкі сцёб загаловак “Да Саюзнай дзяржавы прыглядаюцца многія краіны, заявіў кіраўнік беларускага МЗС”.
З іншага боку, калі экстравагантны Жэрар Дэпардзьё прыязджаў у госці да мардвы і Рамзана Кадырава, то цалкам мог бы завітаць (а мо яшчэ і завітае, во тады абаржэмся!) і да Лукашэнкі. Таму першакрасавіцкі жарт на гэты конт, як на мой густ, дык зусім не коціць. Дарэчы, над Дэпардзьё ў гэты дзень не пацяшаліся толькі лянівыя расійскія рэсурсы, што лішні раз сведчыць пра стэрэатыпнасць натужлівага гумару паводле календара.
Ну і, нарэшце, знайшліся ў Байнэце рэсурсы, што выдалі абсалютна недарэчныя жартачкі наконт мошчаў Чавеса ды муміі Скарыны. Не буду размазваць маралітэ, спадзяюся, што дагоняць самі.
Па мне ж, калі коратка, дык чымсьці дурны гумар, лепей ніякага. І каляндарны падыход, гэты від кампанейшчыны, на мой погляд, не найлепшы спосаб ствараць крэатыў з гумарыстычнай прыправай. Шмат натужлівасці, штучнасці, бракуе натуральнага шарму. Злеплены пад Дзень дурняў медыйны прадукт часта нагадвае нізкапробныя тэлевізійныя скетч-шоў са штучнымі раскатамі рогату за кадрам для папкорнавай публікі.
Тым часам, зірніце, у нас амаль што вымерлі фельетоны, памфлеты, гумарэскі, увогуле вельмі мала штодзённых матэрыялаў, якія б іскрыліся іроніяй, білі трапнай сатырай (замест яе — абразы, ярлыкі). Давайце найперш рабіць дасціпнымі, насычаць тонкай гульнёй сэнсаў, аздабляць іскрынкамі гумару свае будзённыя тэксты.


