Зноў натрапіў ў загалоўку папулярнага рэсурсу на гэтыя Нью-Васюкі — і вырашыў, што тэма наспела. Адкуль вобраз? Чую дружнае: з “Дванаццаці крэслаў”. А вось і селі ў галёш, даражэнькія! У рамане Ільфа і Пятрова ніякіх Нью-Васюкоў няма.
Цытую арыгінал, выступ “гросмайстра” Бендэра перад аматарамі шахмат з правінцыйнага гарадка: “Васюки переименовываются в Нью-Москву, Москва — в Старые Васюки. Ленинградцы и харьковчане скрежещут зубами, но ничего не могут поделать. Нью-Москва становится элегантнейшим центром Европы, а скоро и всего мира”.
Хочацца скрыгатаць зубамі і ад Нью-Васюкоў, каторых цяпер у загалоўках ды тэкстах — як сабак нярэзаных.
Вы часта пішаце пра атамную вайну?
Такім чынам, некалі нехта з журналісцкай браціі, занадта паспадзяваўшыся на памяць, даў маху (ці, кажучы навукова, утварыў кантамінацыю) — і пайшло-паехала: Нью-Васюкі. Малпаванне замацавала, увекавечыла ляп. Як пісаў паэт Пушкін, “мы ленивы и нелюбопытны”. Перагортваць першакрыніцы ўлом.
Асабліва жахлівая канцэнтрацыя штампаваных псеўдаметафар чамусьці характэрная для спартовых выданняў ды рубрык. Тыповы зацяганы вобраз з прэтэнзіяй на літаратурнасць — гэта калі баскетбалістаў называюць гуліверамі. Але — увага! — тады ўсіх навокал варта ўважаць за ліліпутаў. Свіфтаўскі герой быў звычайнага росту, а веліканам выглядаў толькі ў вачах карлікаў з выдуманай краіны. Таму спартоўцаў, чый рост сапраўды значна вышэйшы за сярэдні, называць гуліверамі ну ніяк не выпадае.
Не ўсе журналісты ведаюць, што насамрэч няма такой краіны — Галандыя. Часта жыхароў Індыі называюць індусамі. Спрэс сустракаеш — “у эпіцэнтры падзей”, “у эпіцэнтры ўвагі”. Ва ўяўленні такіх аўтараў слоўца “эпіцэнтр”, мусіць, ёсць прыкметай вучонасці, эрудыцыі, не тое што проста “цэнтр”. А сэнс укладаюць такі: гэта самы-самы цэнтр, найдакладнейшая сярэдзіна.
Але варта зазірнуць у слоўнік, каб пераканацца: эпіцэнтр — гэта перпендыкулярная праекцыя цэнтра падземнай (падводнай) або надземнай падзеі (найчасцей землятрусу, атамнага выбуху) на паверхню Зямлі. Таму пісаць “эпіцэнтр падзеі”, калі вядзецца пра якую-небудзь сустрэчу Лукашэнкі з героямі “Дажынак”, абсурдна: яны ж не ў бункеры і не на аблоках сустракаліся, і там нічога не трэслася.
Карацей, калі ваш рэпартаж не пра землятрус (якіх у нас амаль што не бывае, дзякуй богу) і не пра ядзерную вайну (выбачайце за чорны гумар), то выкіньце гэты “эпіцэнтр” з галавы і не смяшыце сапраўды адукаваных людзей.
Тэрмометры даўно без слупкоў, а гадзіннікі без стрэлак
Я прывёў прыклады штампаў-ляпаў, але заштампаваны, перагружаны клішаванымі выразамі медыйны тэкст кепскі і сам па сабе, нават калі фармальна ўсе сэнсы дакладныя. Пры гэтым, кладучы руку на сэрца, трэба прызнаць, што зусім без стандартных фармулёвак медыйнаму працаўніку, бадай, не абысціся. Асабліва ў канвеернай інфармацыйнай журналістыцы.
Хаця і тут можна затармазіць ды падумаць: ці абавязкова ўжываць двухслоўную канструкцыю “браць удзел”, калі можна сказаць адным словам, прычым дзеясловам, які заўжды надае дынамікі, — “удзельнічаць”?
А чаму нельга замест шматслоўнага “у ходзе правядзення нарады” скарыстаць карацейшае “на нарадзе”? “Мэта правядзення мерапрыемства” не пацярпіць аніякага сэнсавага ўрону, калі выкінуць сярэдняе слова. Выкараняйце парасткі канцылярыту, як пустазелле! З гэтага гледзішча заўжды карысна пастфактум прабегчы ды падчысціць толькі што скончаны тэкст.
Спакуса канструяваць матэрыял са штампаў для журналіста моцная таму, што дазваляе эканоміць час і не перанапружваць мазгі. Але ў крытычнага чытача выклікае іронію выраз “жорстка збіты” — хіба бываюць мякка збітыя? Або “старажылы не памятаюць такой працяглай зімы” — а можа, яны ўвогуле ўжо слаба памятаюць?
Адзін з прыёмаў псеўдастылістыкі, што ідзе з савецкага часу, — пазбягаць паўтору слоў цераз выкарыстанне квазіметафар кшталту “чорнае золата”, “людзі ў белых халатах”, “дружына” у сэнсе “хакейная каманда”, “слупок тэрмометра падымецца/апусціцца” замест “тэмпература складзе”. Хаця даўно ўжо і тэрмометры без слупкоў, і гадзіннікі без стрэлак. А ўсе гэтыя “агняборцы” ды “вартавыя правапарадку” проста выклікаюць зубны боль.
Недарэчнымі, як эмблема “Мерседэса” на “Жыгулях”, выглядаюць спробы падаць тутэйшых вертыкальнікаў “мэрамі” ды “губернатарамі”. Мэраў, да вашага ведама, абіраюць!
Ад загрузлага ў штампах журналіста чытач атрымлівае медыйны прадукт, падобны на турэмную кашу: есці можна, але асалоды ніякай. І рэдка стрэнеш у нашай прэсе матэрыял, падобны на твор кухара-віртуоза. Мо і таму яшчэ, што і за гумавую медыйную кашу, і за вытанчаную інтэлектуальную страву аўтарам часта плацяць аднолькава сціплы ганарар?
Яшчэ адну прычыну бачу ў тым, што ўпаў прэстыж журналісцкай адукацыі. У новых медыях багата, умоўна кажучы, тэхнароў і бракуе гуманітараў, у тым ліку і сярод рэдактараў. У эпоху, калі ў журналістыцы ўзрасла роля тэхналогій, дэвайсаў, “фізікі” пацяснілі ў рэдакцыях “лірыкаў”. Але калі рэдактар не разумее, што стыль артыкула мусіць адрознівацца ад стылю мануала па Windows, то гэта відавочна не на карысць літаратурнаму боку журналістыкі.
Дадам, што варта адрозніваць штампы і фразеалагізмы. Ідыёмы таксама ходкія, але гэта той залаты запас мовы, які не дэвальвуецца. Наадварот, яны здольныя ўпрыгожыць любы артыкул.
Як пазбавіцца ад моўнай каросты?
Штампы кепскія не толькі з эстэтычнага гледзішча. Часта яны становяцца прыладамі маніпуляцыі свядомасцю, некарэктнай палемікі. Напрыклад, фраза кшталту “Сёння любому сумленнаму чалавеку зразумела, што ісці на выбары азначае гуляць па правілах рэжыму” апрыёры запісвае ў несумленныя тых, у каго іншы погляд.
Як праўладныя, так і недзяржаўныя СМІ грашаць штампамі, ужыванне якіх ператварае журналістыку ў прапаганду. Не стае аргументаў (або яны не на тваю карысць) — аўтар лепіць штамп-ярлык кшталту: так могуць сцвярджаць або дурні, або правакатары. І калі вы нязгодныя, выбірайце адно з двух, іншага не дадзена.
Журналіст практычна заўжды ў цэйтноце, і часцяком штампы выскокваюць не наўмысна, а проста на аўтамаце. Рэдактар таксама ў цэйтноце, ды і не яго гэта справа — перапісваць дубовы тэкст вытанчаным стылем. Тут абы відавочныя памылкі вычысціць.
Але калі ты не цынічны халодны рамеснік і хочаш, каб тэксты пульсавалі, дыхалі, іскрыліся энергетыкай — стаў сабе ў мазгах гэтакі антыштампавы фільтр. Кшталту тых антыспамавых фільтраў, што адсякаюць смецце ў паштовых кліентах.
А калі ўжо закарцела скарыстаць нейкі ходкі вобраз — не палянуйся пагугліць, зазірнуць у даведнік, слоўнік, зверыцца з першакрыніцай. Не трапляй на вуду Нью-Васюкоў.
Дарэчы, кнігі Ільфа і Пятрова былі напісаны настолькі арыгінальным, нестандартным стылем, што журналісты дарэшты разабралі іх на будматэрыял для сваіх тэкстаў. І рэпарцёры крымінальнай хронікі ўжо кожнага зладзюжку называюць сучасным Астапам Бендэрам, а палітычныя аглядальнікі з нагоды кожнага звароту апазіцыі да Бруселя лепяць загалоўкі кшталту “Заграница нам поможет?”.
Так свежыя фразы і вобразы сталі панылымі штампамі. Увогуле, многія штампы былі колісь творчымі знаходкамі. Але потым зашмальцаваліся, як грашовыя купюры, што прайшлі цераз шмат рук.
Дарэчы, Ільф і Пятроў самі кпілі з трафарэтнасці газетнай мовы: памятаеце, як Бендэр прадаў журналісту Ухудшанскаму “Урачысты камплект” для складання тэкстаў з гатовых блокаў? “Восточная Магистраль — это железный конь, который, взметая стальным скоком пески прошлого, вершит поступь истории…”.
Але сур’ёзна: як пазбавіцца ад моўнай каросты? Калі не прыдумляецца нешта надта арыгінальнае, то найлепшае выйсце — сказаць сваімі словамі. Проста, без танных вербальных бразготак. Не “запасы бурштынавага напою вычарпаліся”, а — “піва скончылася”. Пішыце, як гавораць у жыцці нармальныя людзі.
Дадатак
10 самых агідных журналістскіх штампаў паводле версіі часопіса GQ
1. Ни для кого не секрет.
2. Вершина айсберга.
3. Все цвета радуги.
4. Разобраться в хитросплетениях.
5. Растут как грибы после дождя.
6. Воссоздать атмосферу.
7. Легко помещается в кармане брюк.
8. Но вот парадокс.
9. Извините за каламбур.
10. По праву считается.


