ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Загалоўкі: пяць тыповых грахоў

Ремесло

Я ўжо гадоў дзесяць не чытаю газет і гадоў сем не адкрываю сайты ў пошуках інфы. Фактычна стаў чытачом загалоўкаў у RSS-рыдэры. Пры гэтым пстрыкаеш хіба на адзін з 20-30. Астатнія або не чапляюць, або, наадварот, выклікаюць алергію і таму адбіваюць жаданне ныраць у тэкст.

Канцэнтрат загалоўкаў у рыдэры адразу абмалёўвае аблічча выдання, характарызуе густ рэдакцыі (ці адсутнасць апошняга). Паспрабую зрабіць лятучую класіфікацыю тыповых заганаў загаловачнага стылю на свежых прыкладах з айчыннай анлайнавай прэсы.

 

Крыклівасць

Натуральна, прэса не можа без моманту драматызацыі. Зрабіць акцэнт на галоўным, закінуць кручок з прынадай, на якую павядзецца чытач, — гэта можна і трэба рабіць. Але важна мець пачуццё меры.

“Масавыя арышты эколагаў у Мінску”, — стрэліў 26 красавіка, у дзень “Чарнобыльскага шляху”, UDF.BY. Насамрэч мела месца затрыманне некалькіх актывістаў на тры гадзіны. Палітычны матыў лёгка чытаецца, але фармальна міліцыя не выйшла за межы закону. Ва ўсякім разе, “масавыя арышты эколагаў” — відавочная нацяжка.

Аднак жа палітыка некаторых змагарных рэсурсаў зводзіцца дэ-факта да такіх вось загалоўкаў-нацяжак. З дрымотнага калгаснага аўтарытарызму (які сам па сабе не надта прывабны) усімі праўдамі і няпраўдамі лепяць “крывавы рэжым”.

А вось вам звычайны побыт. “Шок: кватэра ў Мінску каштуе даражэй, чым на Канарах”, — паведамляе “Белорусский партизан”. Між тым вынесенае ў загаловак параўнанне б’е па мазгах і без гэтай таннай бразготкі “шок”. Нашто сайту, які прэтэндуе на статус грамадска-палітычнага СМІ, прыпадабняцца да жоўтых рэсурсаў?

“Маладыя беларускі забіваюць сваіх дзяцей” — такую крыважэрную карціну малюе ej.by. Чатыры выпадкі за паўгода — канечне, нямала, і ўсё ж абагульненне занадта моцнае, на мой густ — за мяжой фолу.

І нават “Тралейбус, у якім будуць ладзіць перастрэлкі…” на TUT.BY — нацяжка. Бо перастрэлка — калі цаляюць адзін у аднаго. А тут гаворка пра цір на колах, дзе смаляць, дзякуй богу, толькі па мішэнях.

 

Няўцямнасць

“Свабода лепшая за абмежаванні”, “Стратэгічная какафонія”, “Бойцеся данайцаў, што дары прыносяць” — пра што гэта? Не ўедзеш, пакуль не прачытаеш тэкст. Аднак жа карыстальніку, што праглядае загалоўкі ў фармаце RSS, няма калі ныраць кожны раз у тэкставыя глыбіні, ён працягвае сэрфінг і спыняецца на выразных, красамоўных загалоўках. Але ўжо іншага выдання.

У выніку грунтоўныя, прафесійныя матэрыялы на сайце тыднёвіка “Белорусы и рынок” (а ўсе прыклады папярэдняга абзаца ўзятыя адтуль, і гэты невыразны шэраг можна працягваць) рызыкуюць застацца непрачытанымі менавіта праз тое, што іх не навучыліся “прадаваць” у анлайнавым асяроддзі. Гэта тыповая хіба рэдакцый, што грунтуюцца на традыцыйным афлайнавым выданні і для якіх сайт псіхалагічна застаецца толькі дадаткам да папяровай версіі.

Прыкладам ментальнай перабудовы тут можа служыць канвергентная рэдакцыя “Нашай нівы”. Калектыў найстарэйшай беларускай газеты ў свой час адвязаўся ад прымату папяровай версіі і ператварыў сайт у паўнавартасны, арыгінальны праект, аўтаномны і ў той жа час шчыльна знітаваны — найперш духам, стылем, поглядам — з афлайнавай базай.

Загалоўкі nn.by імпануюць выразнасцю без мудрагелістасці, смачнай жывой мовай. Нават калі гаворка — банальна пра надвор’е: “Моцны вецер нарабіў бяды ў Гомельскай вобласці”. Гэта вам не перадраныя са зводак сіноптыкаў мёртвыя казённыя канструкцыі кшталту “пройдуць ападкі ў выглядзе…” ды “захаваеццца няўстойлівы характар надвор’я…”

Рэдакцыі ж “Белорусов и рынка”, як і іншым, што пастфактум выстаўляюць на сайт публікацыі з выпушчанага нумара, варта мяняць загалоўкі, заточваючы іх пад вэб. А яшчэ лепей — ад пачатку рабіць болей дынамічныя, драйвавыя загалоўкі і ў самой газеце.

 

Двукоссі

“Складскія запасы “рассмокчуцца” па загадзе Ладуцькі” — паведамляе “Хартыя”. Ну, па-першае, болей па-беларуску — “на загад”. Па-другое, слоўнікі тлумачаць: адно са значэнняў слова “рассмактацца” — паступова знікнуць. Так кажуць не толькі пра пухліну, але і пра той самы тавар на складзе. Двукоссе абсалютна лішняе.

Тое ж самае можна сказаць і пра загаловак на “БП” “Электрычка “пратараніла” перон у Мінску”. Яна ж сапраўды ўрэзалася. Адно што калі быць да канца дакладным, варта зазначыць: пратараніць — гэта прабіць наскрозь. Тут да гэтага не дайшло. Тараніла, але не пратараніла.

Эпідэмія двукоссяў становіцца пагражальнай. Аўтарам і рэдактарам чамусьці (мо таму, што па вушы загрузлі ў канцылярыце?) усё часцей падаецца дзіка свежай метафарай тое, што даўно ўвайшло ў моўны побыт як трывалае значэнне слова (або як фразеалагізм) і замацавана слоўнікамі.

“Урад падклаў беларусам чарговую “свінню”, — выкрывае UDF.BY, беручы частку ідыёмы ў клапатлівае двукоссе. Каб крый божа дурны чытач не падумаў, што Мясніковіч сапраўды прынёс тушу пад дзверы ягонай кватэры.

Я ўсё чакаю, калі нашы медыйныя крэатыўшчыкі пачнуць пісаць: “устае” сонца. Здаецца, вось-вось ідыятызм двукоссяў дойдзе і да гэтай рысы. Пытаецеся, чаго лаюся. А я не лаюся — цытую Міхаіла Святлова: “Двукоссе — для ідыётаў”.

 

Пытальнікі

Каюся, і сам грашу пытальнікамі, вось свежы прыклад: “Ці выпусціць Лукашэнка палітзняволеных на Вялікдзень?”. Тут, зрэшты, можна сказаць у апраўданне, што гэта палітычны прагноз. І ўвогуле ў нас той чалавек, што прымае рашэнні, надта ж непрадказальны.

Нярэдка айчынныя выданні лепяць пытальнікі ў загалоўках менавіта праз спецыфіку рэжыму — так бы мовіць, абарона ад дурняў. Але часта гэта ідзе проста ад ляноты: улом спраўджваць падазроную інфу. Пытальнік, калі што, дае падставу для адгаворкі: мы ж як версію падалі.

Так, нядаўна некаторыя рэсурсы далі з пытальнікамі зліў пра тое, што адзін прызначаны на пасаду вертыкальнік нібыта браў хабар прасамі. І толькі “Салідарнасць”, правёўшы расследаванне, прыйшла да высновы, што крымінальнікам быў аднафамілец.

Але раз за разам ляцяць у анлайне новыя качкі, замаскаваныя пад версіі. У выніку ў RSS-рыдэры канцэнтрацыя пытальных загалоўкаў іншым разам проста зашкальвае. Хаця па ідэі журналістыка мусіць даваць адказы. Пытанняў жа, як вядома, адзін дурань назадаваць можа столькі, што сто мудрацоў не адкажуць.

 

Непісьменнасць

Гэта ўвогуле бяда сучаснай вэб-журналістыкі. Карэктуры ў анлайнавых СМІ практычна няма, а самі аўтары болей спадзяюцца на тэкставы рэдактар, чым на даведнік Разэнталя (а хто гэта такі? — спытае яшчэ цябе юны цуд, які мяркуе, што ў медыйнай справе ўжо схапіў бога за бараду).

У загалоўку ж памылка, набраная буйным кеглем, асабліва рэжа вока. Праблема абцяжарваецца тым, што загалоўкі сёння часта лепяць пасаджаныя на сайт тэхнары, узгадаваныя на “языке падонкафф”.

Часта ж падводзіць элементарная паспешлівасць. “С Гомельской птицефабрики пытались украсть кража 269 кур и 690 яиц” — гэта яшчэ не самая эфектная перліна. Калегі, разумею шалёны тэмп, сам вечна ў цэйтноце, але ж хоць перачытвайце тое, што направілі!

Прымыкае да непісьменнасці і дубовы канцылярыт. “За брошенный на улице мусор будут наказывать побитием палками”, — паведамляе UDF.BY. Між іншым, цалкам у традыцыях гэтага рэсурсу загаловак не лакалізаваны: замежная навіна такім чынам некарэктна маскуецца пад мясцовую, каб падвысіць увагу. Але асаблівае замілаванне выклікае выродлівы слоўны выверт з двума творнымі склонамі запар — “побитием палками”.

Зрэшты, мо не шкодзіла б гэтакім жа радыкальным чынам адвучаць і ад дубовых загалоўкаў?

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в:

Опрос