Вы здесь

Метадалогія маніторынгу вечаровых навінаў

Аб’ектамі маніторынгу з’яўляюцца выніковыя выпускі навінаў на тэлеканалах “Беларусь-1”, “Беларусь-2” і “Белсат”.

Штомесяц мэтадам выпадковай выбаркі абіраецца адзін тыдзень, цягам якога будзе праводзіцца маніторынг.

Маніторынг складаецца з трох частак:

1) маніторынгу матэрыялаў, што маюць прыкметы замоўленасьці, цэнзуры, альбо прапаганды

2) маніторынгу замоўчаных тэмаў у навінных выпусках;

3) маніторынгу адпаведнасці стандартам інфармацыйнай журналістыкі.

 1) Маніторынг матэрыялаў, што маюць прыкметы замоўленасьці альбо цэнзуры

Гэтая частка маніторынгу мае на мэце фіксацыю тэмаў, фактаў і меркаванняў, якія падаюцца  ў пэўным ракурсе характэрным для замоўленых альбо цэнзураваных матэрыялаў. Да такіх матэрыялаў мы адносім матэрыялы , якія асвятляюць важныя для грамадства тэмы, але падаюць іх з грубым парушэннем аднаго ці большай колькасьці стандартаў інфармацыйнай журналістыкі, у выніку чаго інфармацыя “працуе” на карысць аднаго з бокоў канфліктнай сытуацыі.

З дапамогай падобных парушэнняў ствараецца пазітыўны імдж ці, наадварот, негатыўны вобраз канкрэтных палітычных сілаў ці канкрэтных палітыкаў, устаноў, чыноўнікаў, бізнэсовых кампаніяў і бізнэсоўцаў і г.д..  Такія скажэнні інфармацыі на карысць якога-небудзь аднаго з бакоў ёсць вынікам наўмыснага парушэння такіх стандартаў інфармацыйнай журналістыкі як баланс думак, аддзяленне фактаў ад меркаванняў, дакладнасць і даставернасць інфармацыі, яе паўната.

У лік такіх матэрыялаў патрапляць:

  1. пазітыўныя матэрыялы пра дзейнасць дзяржаўных установаў ці канкрэтных службоўцаў, калі ў гэтых матэрыялах парушаны баланс думак. У такіх матэрыялах відавочна адсутнічае альбо толькі імітуецца пазыцыя пэўнай сацыяльнай групоўкі, інтарэсы якой закраная дзейнасць гэтай дзяржаўнай установы ці службоўца. Альбо адсутнічае пазыцыя палітыкаў ці бізнэсоўцаў, якія выказваюцца супраць такой дзейнасці, ці іхняя пазыцыя толькі імітуецца (то бок падаюцца эмацыйныя выказванні альбо выказванні не па сутнасьці справы);
  2.  так званыя “паркетныя” матэрыялы, якія складаюцца з вуснага паведамлення (альбо вуснага паведамлення з відэашэрагам) і сынхрону высокага службоўца ці палітыка, які выступае з пераважна дэкларатыўнымі заявамі, у якіх выкарыстоўваецца “пратакольная” лексыка («заявіў», «выказаў», «прыбыў», «ад’ехаў», «правялі перамовы» і г.д.). З падобных матэрыялаў вынікае, што ніякай праблемы (канфлікту) няма. У такіх матэрыялах мы ніколі не чуем пра тое, што  заявы палітыка неяк адбіваюцца на жыцці людзей, закранаюць іхныя інтарэсы, і тым больш ня чуем саміх гэтых людзей. Не чуем і думкі палітычных апанэнтаў, экспэртаў, якія могуць ацаніць іхнія заявы з пункту гледжання ўплыву на рэальнае жыццё людзей, з пункту гледжання выканальнасці гэтых заяваў;
  3. паведамленні пра посьпехі сілавых структураў у выкрыцці злачынцаў, у якіх адсутнічае баланс думак (акрамя таго, што адсутнічае пазыцыя абароны падазраваных/абвінавачаных) парушаецца стандарт дакладнасці (падазраваных называюць “злаўмыснікамі”, “злачынцамі”). Нас, як гледачоў і тэлекрытыкаў, можа не цікавіць развіццё канкрэтнай крымінальнай справы, але мы павінны мець на ўвазе, што праваахоўнікі часта раскрываюць крымінальныя справы незаконнымі мэтадамі. І, больш за тое, абараняюць неправамоцнае абвінавачванне ў судзе. У такіх матэрыялах акрамя балансу думак парушаецца стандарт паўнаты інфармацыі (не агучваюцца канкрэтныя факты, якія праваабаронцы лічаць доказамі невінаватасці падазраваных) і даставернасці (няма выразна акрэсленых падставаў для абвінавачвання);
  4. матэрыялы, якія асвятляюць складаныя працэсы прыняцця рашэнняў (напрыклад, на сесіі парламэнта альбо на тых жа судовых слуханнях па справах апазіцыйных палітыкаў), не тлумачачы сутнасці аргумэнтаў і контраргумэнтаў апануючых бакоў. Замест таго, каб патлумачыць пазыцыі абодвух бакоў канфлікту, журналісцкі матэрыял базуецца на выкарыстанні эмацыйных сцэнаў (хто каго і як абазваў, хто і як на каго паглядзеў, каго пусьці ці не пусьцілі на такое паседжаньне, хто блякаваў трыбуну і г.д.). Бывае, што пазыцыя абвінавачанага боку імітуецца (то бок, адэкватна не падаецца);
  5. матэрыялы, у якіх незбалансавана і з пазітыўнымі ацэнкамі асвятляецца дзейнасць якой-небудзь бізнэсовай кампаніі альбо распавядаецца пра дабрачыннасць якога-небудзь бізнесмэна ці структуры. Звычайна гэта самапіяр уладальніка пэўнага бізнэсу.

 Для моніторынга няважна, якія абставіны (прычыны) прывялі да згаданых парушэнняў у выпусках тэлевізыйных навінаў. Ці гэта была цэнзура з боку ўладаў, ці самацэнзура журналістаў, ці нізкі прафэсійны ўзровень. Сутнасць праблемы палягае ў тым, што глядач атрымлівае перадузятую інфармацыю, то бок створаную на карысць аднаго з бакоў. Да таго ж, яго пазбаўляюць адэкватнага разумення падзеяў і працэсаў, што адбываюцца ў краіне.

2) Маніторынг замоўчаных тэмаў у навінных выпусках

Значную ўвагу маніторынг надае замоўчванню каналамі тэмаў, фактаў ці думак, якія маюць безумоўную інфармацыйную каштоўнасць для якаснага інфармавання гледачоў (грамадзян). Гэта тэмы, факты і меркаванні, якія закранаюць ці могуць закрануць інтарэсы розных (вялікіх альбо невялікіх) сацыяльных груповак. Такія тэмы выяўляюцца шляхам параўнання інфармацыйных выпускаў, што перадаюць розныя каналы (адны паведамілі пра тэму (праблему), іншыя не праз параўнанне са стужкамі інфармацыйных агенцый – БЕЛТА і БелаПАН.

 3) Маніторынг адпаведнасці стандартам інфармацыйнай журналістыкі.

У гэтай частцы маніторынгу бяруцца пад увагу рэпартажы пра асноўныя грамадска-палітычныя падзеі, якія складаюць інфармацыйную карціну дня, арыгінальныя журналісцкія расследваньні ды расповед (нарыс) пра тыповую чалавечую гісторыю, які ілюструе падзею дня.  Кожны з гэтых матэрыялаў ацэнваецца з пункту гледжання адпаведнасці аднаму з шасьці стандартаў інфармацыйнай журналістыкі:  баланс думак,  аператыўнасць, даставернасць, аддзеленасць фактаў ад меркаванняў, дакладнасць і паўната падачы інфармацыі. Матэрыялы ацэньваюцца ў комплеке (падводка+ сюжэт+адводка для гэтай часткі маніторынга разглядаюцца як адзін матэрыял).

Стандарт балансу думак. У межах кожнага канкрэтнага матэрыялу мусяць быць выразна пададзены пазіцыі ўсіх без выключэння бакоў канфлікту. Пазіцыю калектыўнага боку (пэўнай групоўкі людзей) мусіць агучваць тыповы і адэкватны прадстаўнік. У выпадку, калі матывацыя пазыцыяў бакоў не з’яўляецца відавочнай, неабходна браць пад увагу і аргумэнтацыю гэтых пазыцыяў бакамі. Калі праблема складаная, то для вытрымкі балансу думак неабходная таксама і ацэнка аргумэнтацыі бакоў экспертам.

Стандарт балансу думак не лічыцца вытрыманым, калі слова даецца нейкаму баку канфлікта, але гэты бок выказваецца не па сутнасці праблемы, а па нейкіх другарадных абставінах. Гэта ёсць імітацыяй балансу думак. Паўнавартасны баланс думак дасягаецца ў тым ліку і аднолькавай формай падачы думак (меркаванняў) рознымі бакамі (цытата - цытата, сінхрон - сінхрон).

У выпадках, калі бок канфлікту адмаўляецца камэнтаваць тэму, у журналісцкім матэрыяле мусіць быць выразна заяўлена пра факт адмовы з абавязковым высвятленнем (са словаў таго, хто адмовіўся) прычынаў адмовы. 

У выпадках аперытыўнай падачы матэрыялу стандарт балансу думак можа дасягацца паступова. Канал аператыўна падае інфармацыю яшчэ не паспеўшы атрымаць неабходны камэнтар пэўнага боку канфлікта. У маніторынгу такія выпадкі не кваліфікуюцца як парушэнне стандарту баланса меркаванняў, але абавязковай з’яўляецца такая ўмова: у матэрыяле мусіць быць зазначана, што рэдакцыі (аўтару матэрыяла) пакуль не ўдалося знайсці адпаведнага камэнтара, але яго працягваюць шукаць, каб пачуць у выпуску наступнага дня.

Стандарт паўнаты інфармацыі. Яго неабходна датрымоўвацца ў кожным канкрэтным матэрыяле праз вычарпальную падачу ключавых фактаў датычных тэмы. Распавядаючы пра падзею, неабходна дакладна адказаць на класычныя пытанні рэпартажу “Што? Дзе? Калі? Як адбылося?”. 

Развіццё падзеі  (з чаго пачалося, які быў працяг і як закончылася) мае быць зразумела выкладзена гледачу незалежна ад таго, якая кампазыцыя матэрыялу. 

Абавязковай з’яўляецца таксама наяўнасць бэкграўндаў: 1) перадгісторыі, важнай для разумення сённяшняй падзеі, 2) тлумачання ўсіх складаных паняткаў (для гэтага можна выкарыстоўваць тлумачэнні экспэрта – “Што гэта такое? Як гэта працуе?” і г.д.. 

Трэба таксама мець на ўвазе, што парушэнне гэтага стандарту баланса думак можа аўтаматычна зрабіць матэрыял і няпоўным. Выключэннем могуць быць выпадкі, калі абмова боку канфлікту невыразна артыкуляваная альбо прычына адмовы ад камэнтару не названая. 

Стандарт адзялення фактаў ад думак (высноваў, ацэнак).  Гэты стандарт азначае, па-першае, выразнае пазначэнне пачатку і канца кожнай суб’ектыўнай думкі (высновы, камэнтара, аценкі, прагнозу, абвінавачання і г.д.). Па-другое, яснае пазначэнне аўтарства выкладзенай думкі (меркавання): ніводная думка ня мусіць падавацца ананімна. Па-трэцяе, у навінах з прычыны гэтага стандарту непрымальныя ацэнкі і высновы журналіста (вядоўцы ці рэпарцера).

Стандарт даставернасці інфармацыі. Даставернасць азначае выразнае ўказанне крыніцаў кожнага пададзенага факта і выразную аўтарызацыю кожнай думкі. Як выключэнне некаторыя факты (толькі факты!) могуць быць пададзены з указаннем на ананімную крыніцу.  Пры гэтым неабходна зазначыцькампетэнтнасць крыніцы (у якім ведамстве працуе той чалавек) і тое, што крыніца пажадала застацца ананімнай. У адрозьненне ад фактаў любое меркаванне падаецца з указаннем на канкрэтную асобу – аўтара думкі. З гэтага пункту гледжання недаставернымі з’яўляюцца агульныя і размытыя канстатацыі кшталту “праваахоўнікі сцвярджаюць”, “экспэрты лічаць” і г.д.

Стандарт дакладнасці падачы інфармацыі. Гэты стандарт вымагае адпаведнасці кожнага падаванага факта рэчаіснасці ды даслоўнасці цытавання (або переказу) думак. Дакладнасць у гэтым выпадку вызначаецца праз зварот да адпаведнай інфармацыі падрыхтаванай якой-небудзь прафэсійнай інфармацыйнай агенцыяй.

Стандарт аператыўнасьці падачы інфармацыі. Любую навіну дня трэба падаваць у той жа дзень.  Ці датрымоўваецца нейкі канал гэтага стандарту можна выявіць праз параўнанне з іншымі каналамі, а таксама праз параўнанне са стужкай інфармацыйнай агенцыі, дзе гэта навіна прайшла.

 

Оценить материал: распечатать Обсудить в:

Опрос