Кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аналітык.
Галіны экспертных ведаў: аналітычная журналістыка, інтэрнэт-журналістыка, журналісцкая этыка, жанры, стыль, рэдагаванне матэрыялаў, арганізацыя працы і прафесійны рост журналістаў, СМІ і ўлада, СМІ і грамадства.
Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта ў 1980 годзе. З трэцяга курса (1978 год) пачаў прафесійна працаваць у СМІ.
Быў рэпарцёрам, аглядальнікам, адказным сакратаром, намеснікам рэдактара ў штодзённых газетах. Рэдагаваў моладзевы часопіс “Рабочая смена” (пазнейшая назва — “Парус”), што выдаваўся мільённым накладам, газету “Знамя юности” часоў перабудовы з накладам да 800 тысяч асобнікаў.
На пачатку 1990-х вёў на тэлебачанні жывыя эфіры са старшынём Вярхоўнага савета Беларусі Станіславам Шушкевічам.
Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by, што стала адным з самых папулярных у краіне грамадска-палітычных анлайн-выданняў. Цяпер кіруе аналітычнымі праектамі інфармацыйнай кампаніі БелаПАН.
Піша пераважна палітычную аналітыку, спецыялізуецца на аператыўных каментарах па гарачых пытаннях унутранай і замежнай палітыкі. У ліку профільных тэмаў — дачыненні Беларусі з Расіяй і Еўразвязам.
Пастаянны аўтар Naviny.by, Mediakritika.by. Выступае як каментатар у праграмах беларускай службы “Радыё Свабода”, “Радыё Рацыя”, Польскага радыё, тэлеканала “Белсат”, шэрагу іншых беларускіх і замежных СМІ.
Сябар Беларускай асацыяцыі журналістаў. Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”.
Цягам шасці гадоў выкладаў курс “Майстар-класы сучаснай журналістыкі” ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня). Мае вялікі досвед правядзення трэнінгаў для журналістаў, рэдакцый, прэс-службаў. Аўтар палітычна-біяграфічнай кнігі “Станіслаў Шушкевіч. Пуцявіна лёсу”, дапаможнікаў па журналістыцы.
Магчымыя тэмы семінараў (трэнінгаў, кансультацый):
* Уключай мазгі: як пісаць аналітыку
* Па законах сеціва: як ствараць матэрыялы для інтэрнэт-СМІ
* Як стаць добрым рэпарцёрам
* Інтэрв’ю: сакрэты жанру
* Складнікі моцнага стылю: як пісаць, каб цябе чыталі
* Прэс-служба: як быць з медыямі на адной хвалі
* Журналісцкая этыка эпохі вэбу 2.0: новыя выклікі
* Журналіст у сацыяльных сетках: пошук інфармацыі, прамоцыя публікацый, этыка
Кантактны e-mail: klaskouski@gmail.com