Упершыню ў рускамоўным тэксце беларускага СМІ пабачыў словы “виленский” і “виленчуки”. Калі наконт граматычнай назвы абітальнікаў горада можна паспрачацца, і ўспрыняць хутчэй як мастацкі ход (кшталту гульні словаў Мінсква і мінсквічы), то вытворнае ад назвы гораду ў мяне аніякіх супярэчанняў ня выклікала.
Я - беларус, а таму я Севярын, а не Сэвэрын, Сэвэрін, Сэвэрыно, Сэвэрынас ці Северін. Ніхто ж не перакладае, напрыклад, Джордж Буш на Георгі/Францыск Куст. Калі ў мяне пытаюцца як па-руску ці па-польску правільна гучыць маё прозвішча -- Квятковский/Кветковский, Kviatkowski/Kwietkowski, я тлумачу, што якое б ні было паходжанне, прозвішча гучыць як Квяткоуски/Kviatkouski. Бо па-беларуску інакш не магчыма, а ўсе варыянты на іншых мовах могуць быць толькі транслітарацыяй. (Хоць мяне ўпарта пішуць Квятковский, тлумачачы правіламі рускай мовы. Хоць рэжысер Polanski чамусці не пераўтвараецца ў Полянского).
Адпаведна Vilnius - па-беларуску Вільня. Але ж у рускай мове свае правілы і традыцыі.
Раней з цікавасцю, а цяпер з лёгкай прыкрасцю назіраю за холіварамі на форумах па тэме назвы Белоруссия - Беларусь. Беларусам усё роўна, што нашу краіну клічуць Уайтраша, Балтарусія, Вайтруслянд, Вітруслянд ці Бьелёрусі. А вось менавіта Белоруссия чапляе і абурае. Парадокс у тым, што беларускія патрыёты ня могуць да канца ўспрыняць Расію як іншую дзяржаву, а таму апелююць як да сваіх: называйце нас правільна!
Гэтак сама, як Беларусь не ўспрымаецца як штосці самастойнае, таму польскага паходжання ангельскае прозвішча Поланскі застаецца ў ангелькай версіі гучання, а ня менш польскага паходжання беларускае прозвішча Квяткоўскі транслітэруецца згодна рускай граматыкі.
Неяк польская памежніца нязвыкла доўга ўглядалася ў мой пашпарт, але нарэшце патлумачыла прычыну свайго інтарэсу:
- Sieviaryn - гэта па-польску Seweryn?
Я вельмі цаню, калі іншамоўныя людзі звяртаюцца да мяне, і да маёй краіны правільна -- у арыгінале: Севярын, Беларусь. Калі Андрэя не перакручваюць на Эндру, а Вольгу, на Ольгу. А калі перакручваюць, то сільна не пераймаюся - яны ж замежнікі.
Іншае пытаннне - унутры Беларусі.
Напрыклад Вільня.
Неяк падчас аднаго з халівараў на тэму Белоруссии -- Беларуси, я прачытаў аргумент расійскага юзера:
- Беларусы, не вучыце нас нашай рускай мове. У нас у мове Белоруссия.
Расійскі карыстальнік схітраваў. Пытанні мовы -- гэта граматыка, фанэтыка, арфаграфія, сінтаксіс і г.д. У кантэксце ўласных назваў, у прыватнасці Беларусі, спрэчка магла б весціся: як правільна па-руску -- Беларусь ці Белорусь?
Я запытаўся: "Калі вы адмаўляеце форму Беларусь як нярускую, то чаму замест рускай формы Вильна, выкарыстоўваеце Вильнюс?
Адказ быў - такія правілы рускай мовы. А як жа Вильна?
На пачатку верасня 1939 году існаваў горад Вільно (Wilno), у канцы 1939 году ў горад завозілі шыльды з надпісамі “Вільня”. Але ўжо праз два месяцы новая – літоўская адміністрацыя вешала шыльды з надпісам “Vilnius”. А ў наступным 1940 годзе з’явілася рускамоўная форма Вильнюс – разам з ЛітССР. Дзеля палікарэктнасці, дакладней, пралетарскай справядлівасці.

Што з пературбацыяў з назвамі Вільні беларусам?
Можна сказаць, маўляў, вы ў беларускай мове пішыце як заўгодна, але ў рускай адкінутая арыгінальная форма Вильна, і прынята Вильнюс, а мы ўсе тут збольшага рускамоўныя, таму кажам Вильнюс.
Нават у Савецкай Украіне уласныя імёны не перакладаліся. Калі раён гораду быў Жовтневи, то і па-руску ён быў Жовтневый. Пытанні мовы датычылі толькі перадачы назвы: - ви, - вый.
І толькі ў Беларусі былі і застаюцца два варыянтыдля адной геаграфічнай назвы - Кастрычнікая/Октябрьская.
Паводле перакладнога падыходу да ўласных імёнаў у Беларусі Джордж Буш мусіў бы быць Георгіем Кустом, а Якуб Колас - Яковым. Змітрок Бядуля - Димкой, Янка Купала - Ванькой, а Пятрусь Броўка - Петькой.
Так і пісаць на мапах у дзвюмоўных варыянтах.
Дадамо сюды адаптаваныя польскамоўныя формы Брэст, Навагрудак, Гродна і Мінск, замест арыгнальных Берасця, Навагародку, Горадні і Менску. Узгадаем польскія формы Козак, замест Казак, Маковік, замест Макавік і д.п., і калейдаскоп уласных імёнаў у Беларусі складзецца ў вясёленькую мазаіку.
А на дэсерт гарадскі пасёлак Акцябарскі, як вяршыня этнанімічнай самаідэнтыфікацыі сучасных беларусаў.
Да чаго тут СМІ, якія, тэарэтычна, адлюстроўваюць, а не ствараюць рэальнасць?
СМІ робяць людзі, якія сваімі версіямі адлюстравання ўплываюць на стваральны (ці разбуральны) працэс.
Літоўцы з палякамі не вядуць холівары на форумах з-за таго, што адзін аднаго клічуць Litwa, а не Lietuva, і Lenkija, а не Polska. Яны робяць па свойму, і паважаюць свойскасць іншых.
Тыя, хто не адчувае сябе культурнай правінцыяй адной з суседніх краінаў, могуць паціху свойскасьць арыткуляваць арыгінальнымі беларускімі ўласнымі назвамі.

Справа не ў традыцыях славеснасці Расіі. Справа ў беларускай галаве, і ў тым, што ў ёй адбываецца. Бо Севярын, Вольга, Беларусь ці Вільня - гэта проста сваё, незалежна ад таго, якой мовай ты карыстаешся.

