І зноў мне давялося аспрэчваць той падыход да СМІ, які я называю інструментальным.
Дыскусія разгарнулася днямі на міжнароднай канферэнцыі пад эгідай Універсітэта Лазарскага ў Варшаве. Тэма мерапрыемства была сфармулявана так: “Беларусь на авансцэне Еўразіі: між Масквой і Кіевам”, гаворка ж ішла, у прыватнасці, пра ролю грамадзянскай супольнасці, медыяў у пытанні перамен.
Дык вось, гэтым разам у дыскусіі прагучала і такая рэпліка: калі недзяржаўную прэсу ў Беларусі падтрымліваюць спонсары, то ці не варта чакаць і адпаведнай рэдакцыйнай лініі — змагання супраць рэжыму?
Напрацоўваць пласт грамадзян
На мой погляд, недзяржаўныя медыі аб’ектыўна ёсць чыннікам перамен, бо незалежнае інфармаванне, неангажаваны аналіз, плюралізм думак — усё гэта ўжо само па сабе працуе супраць аўтарытарнай, недэмакратычнай сістэмы.
І чыноўнікі шкурай гэта адчуваюць, нездарма ж называюць усе не падначаленыя ім СМІ апазіцыйнымі. Хоць тыя не ёсць органамі партый ці рухаў, а часта крытыкуюць палітычную апазіцыю даволі сурова.
Такім чынам, недзяржаўныя СМІ муляюць рэжыму ўжо таму, што імкнуцца выконваць місію СМІ. Яны ствараюць альтэрнатыўную афіцыёзу плынь інфы, прывучаюць людзей разважаць, то бок спакваля фармуюць грамадзян.
Накідаць жа медыям змагарную місію (пры тым што пэўная рэдакцыйная палітыка, безумоўна, існуе) — прымітыўны ды хібны падыход. Рэвалюцыю так не зробіш (асобнае пытанне, наколькі яна беларусам патрэбная), а толькі сваё рамяство сапсуеш.
Зрэшты, можна і рабоў падбіць на бунт, і нават гаспадара-самадура скінуць, але пабудаваць іншы, болей перадавы лад магчыма толькі з апорай на грамадзян.
На постсавецкім жа абсягу, пры мностве забурэнняў, мала прыкладаў прагрэсу — ці не таму, што бракуе менавіта пласта свядомых, гатовых адказваць за сябе грамадзян? Псіхалогія ж саўкоў — патэрналісцкая, статкавая — непазбежна рэгенеруе аўтарытарызм.
Наіўна думаць, што можна пераскочыць праз этапы развіцця, калі дзяўбці тыя ці іншыя лозунгі.
Фетышызм рознага кшталту: эканамічны, арганізацыйны (я б дадаў сюды і медыйны) паслядоўна высмейвае палітолаг, эксперт НІСЭПД Сяргей Нікалюк. На варшаўскай канферэнцыі ён зазначыў: “Ніякія медыі не могуць нічога стварыць у грамадстве. Яны могуць толькі ўзмацніць тое, да чаго грамадства гатовае”.
Бляск і галеча вербальнага радыкалізму
Паводле таго ж Нікалюка, грамадства можа існаваць у двух станах — дрымотным і ўзбуджаным. Сёння беларускае грамадства спіць, кажа ён. Дадам: і смешна думаць, што, заснаваўшы дзясяткі два кінжальных антырэжымных рэсурсаў, можна стварыць рэвалюцыйную сітуацыю.
Кладучы руку на сэрца, сёння ва ўнутраных праціўнікаў рэжыму элементарна няма патэнцыялу ды зыходных умоў для змены ўлады (чаму — тэма асобнага, паліталагічнага аналізу).
Радыкалізм жа хоць і зручны, каб пакрасавацца, танна ды сярдзіта падтрымаць імідж бескампраміснага барацьбіта, але нядзейсны. Тым болей што гэты радыкалізм у нас сёння чыста вербальны, фэйсбучны. Як кажуць у пэўных колах — кіданне пантоў.
Радыкальная рыторыка страшэнна дэвальвавалася, выклікае ў многіх абывацеляў ды і сур’ёзных людзей з прасунутага слою адно што раздражненне. І ўжыванне яе ў тэрмаядзерных дозах, на мой погляд, толькі яшчэ болей дыскрэдытуе палітычную апазіцыю.
Дарэчы, наконт апазіцыі. Калі вы кажаце, што недзяржаўныя СМІ мусяць яе падтрымліваць, то чыю праўду прапаведаваць — Калякіна ці Пазьняка, партыі зялёных ці кампаніі “Гавары праўду?”. У іх жа вельмі розныя платформы, лозунгі. І ледзь ці не кожная сіла даводзіць: мы — сапраўдныя, а вось тыя — псеўды!
Калі ўжо на тое, дык і сёння антырэжымныя лідары маюць шырокую трыбуну ў незалежных СМІ. Тыражаваць жа ўсе іх адозвы, піярыць соймы ды пленумы — ну прабачце!
“Гэта так жа проста, як хлусіць”
Адметна, што ўсе актывісты ў нас выдатна разбіраюцца ў медыйных пытаннях, гэтак жа як кожны заўзятар фенаменальна кеміць у футболе. І ўсе любяць ставіць задачы.
Мне ж згадваецца пры гэтым сцэна з “Гамлета”, калі галоўны герой прапануе свайму візаві сыграць на флейце.

Гільдэнстэрн. Прынц, я не ўмею.
Гамлет. Калі ласка.
Гільдэнстэрн. Запэўніваю вас, я не умею.
Гамлет. Але я прашу вас.
Гільдэнстэрн. Але я не ведаю, як за гэта ўзяцца.
Гамлет. Гэта так жа проста, як хлусіць. Перабірайце адтуліны пальцамі, удзімайце ротам паветра, і з яе пальецца найпяшчотнейшая музыка. Бачыце, вось клапаны.
Гільдэнстэрн. Але я не ведаю, як імі карыстацца. У мяне нічога не атрымаецца. Я не навучаўся.
Гамлет. Глядзіце ж, з якім брудам вы мяне змяшалі. Вы збіраецеся граць на мне. (…)
Дык вось, сайты сёння — ва ўсіх партый ды рухаў. Кожны дзеяч можа стаць блогерам, пісаць колькі ўлезе ў сацыяльных сетках. Праклятыя журналюгі даўно страцілі манаполію на распаўсюд медыйнага прадукту.
Але наведванне партыйных (у шырокім сэнсе) рэсурсаў, як правіла, і блізка не сягае да таго, што маюць “несвядомыя” медыі. Розніца ж у тым, што апошнія робяцца прафесійна. Дык мо варта трохі болей паважаць гэту прафесію?
Адчуваю, цытаванне “Гамлета” справакуе кпіны. Ну, ты параўнаў, скажуць мне. Там прынц дацкі, высокія матэрыі, філасофія, а тут — журналюгі, пралетары пяра. Хто плаціць, той і замаўляе музыку.
І вось тут паўстае далікатнае пытанне: хто плаціць і якую музыку замаўляе. Беларуская медыйная сфера дэфармаваная, няма нармальнага рынку, канкурэнцыі, дзяржава дыскрымінуе “нячэсныя” СМІ, ставіць іх на мяжу выжывання. Шэрагу выданняў, рэсурсаў сапраўды дапамагае выжываць так званае донарства.
Але ці ўсе донары разумеюць, што калі кіраўніцтва рэдакцыі пачынае глядзець ім у рот, выконваць, умоўна кажучы, рэвалюцыйныя ўстаноўкі, то нармальная журналістыка канчаецца? А пачынаецца тая ж прапаганда, за якую мы так бэсцім рэжым, — толькі прапаганда, звернутая ў процілеглы бок.
Я не ведаю добрых узораў барыкаднай журналістыкі, і ніхто мне іх не паказаў. Дзе пачынаецца мачылава, хай нават у імя перамогі сілаў Святла (а хто скажа, што ён на баку сілаў Цемры?), там капут прафесіяналізму.
Вечна жывы Ленін
Хто-кольвек з ідэолагаў татальнага змагання мне ўжо закідаў: маўляў, ты ўсё адно міжволі ўцягнуты ў вайну (трэба разумець, сілаў Святла супраць сілаў Цемры), прычым у ёй ты ёсць прадстаўніком толькі аднаго роду войскаў. І няма чаго накідаць свой абмежаваны падыход усяму войску, а тым болей палкаводцам.
Ну, па-першае, я нікому нічога не накідаю, гэта мяне з калегамі раз-пораз спрабуюць пашыхтаваць, пасадзіць у акоп.
Па-другое, добра, кажу я, хай сабе мой падыход — што прэса мусіць даваць інфу, аналітыку ды зрэз меркаванняў, астатняе ж “ад нячысціка” — хай сабе ён вузкацэхавы, тупы, прымітыўны. Дык выкладзіце ўцямна ваш востры падыход.
Калі вы кажаце пра войска, генералаў, штаб, то патлумачце дурнеўстойліва: хто галоўнакамандуючы, дзе той штаб (у офісе нейкай партыі-кампаніі-платформы, у Варшаве, Вашынгтоне?), як мусяць выглядаць і выконвацца ягоныя загады?
Ніхто дурнеўстойліва не тлумачыць. І рэч, мяркую, не ў канспірацыі. Проста гэта апрыёры нерэальная задача. А калі б і ўдалося яе ажыццявіць, то, мяркую, гэты антыпод холдынгаў Праляскоўскага ўяўляў бы сабой пачварнае відовішча.
Інструментальны падыход да прэсы, нават у выкананні тых, хто называе сябе дэмакратам, — гэта ўсё варыяцыі на тэму ленінскай працы “Партыйная арганізацыя і партыйная літаратура”.
Журналістыка — гэта ўтаймаванне самога сябе
Пры гэтым хачу згадзіцца: так, у пераломныя гістарычныя перыяды, у форс-мажорных абставінах медыі сапраўды граюць асаблівую ролю.
Так было на сконе СССР, калі мне выпала рэдагаваць выразна перабудовачную (нават, скажу шчыра, фактычна антыкамуністычную) газету “Знамя юности”.
Перабудовачныя СМІ вострай публіцыстыкай, гістарычнай праўдай спрыялі краху жорсткай антыгуманнай сістэмы. Многія журналісты на гэтым зломе эпох сталі грамадскімі персонамі, палітыкамі.
І падчас Майдана, і цяпер, калі ідзе змаганне з сепаратызмам, супрацьстаянне расійскай інфармацыйнай агрэсіі, не маглі і не могуць быць цалкам над схваткай украінскія журналісты. “Мы не можам быць аб’ектыўнымі, бо гэта наша краіна”, — сказаў мне нядаўна ў Кіеве знакаміты калега Мустафа Наем.
Ды і ў сённяшняй Беларусі, пры ўсёй балотнасці сітуацыі, незалежны журналіст, скажам шчыра, болей чым журналіст. У анамальных палітычных умовах у большай ступені запатрабавана грамадзянская пазіцыя.
Але тут існуе тонкая рыса, перайшоўшы якую, ты перастаеш быць прафесіяналам. Ці, можа, становішся профі ўжо іншага кшталту. Дзе гэта рыса — пытанне цяжкае, пакутлівае. Тут няма шкалы, ёсць хіба нейкі ўнутраны камертон.
У гэтым сэнсе трапна выказаўся нядаўна падчас дыскусіі на фестывалі моладзевай журналістыкі ў Гародні ўкраінскі медыйны эксперт Дзмітрый Сурнін: “Журналісцкая дзейнасць — гэта пастаяннае ўтаймаванне самога сябе”.
Ён жа тады падкрэсліў: журналісты не мусяць станавіцца суб’ектамі інфармацыйных войнаў, гэта ўжо іншае рамяство.
Вырвацца з заганнага кола
Не спрачаюся: у дзяржаўных, палітычных, грамадскіх інстытуцый могуць і мусяць быць свае медыйныя стратэгіі. Дадам, што, каб яны былі якаснымі, эфектыўнымі, надзвычай важна павышаць медыйную пісьменнасць лідараў, актывістаў палітычных партый, трэцяга сектара, кшталтаваць кваліфікацыю супрацоўнікаў іх прэс-службаў.
Аднак ідэалогіяй саміх медыяў, паўтару яшчэ раз, мусіць быць выключна прафесійны падыход да сваёй місіі — інфармаваць, аналізаваць, даваць палітру меркаванняў.
Падчас перабудовы нам здавалася: варта зваліць КПСС — і надыдзе рынкава-дэмакратычны рай. Але праз некалькі гадоў пасля распаду Савецкага Саюза маса беларусаў на самых дэмакратычных у гісторыі краіны выбарах прагаласавала за вяртанне ў савок.
Сёння у каго-кольвек падобная ілюзія: варта зваліць Лукашэнку — і… Таму, маўляў, прэсу трэба мабілізаваць для вырашальнага ўдару. На вайне як на вайне, адкінуць чыстаплюйства!
Але з такім бальшавіцкім падыходам сапраўднай перамогі над Драконам (памятаеце казку Шварца?) ніколі не будзе.
Мы павінны фармаваць не чарговы варыянт бальшавіцкай прэсы, а правобраз паўнавартасных, цывілізаваных СМІ. Іначай так і будзем хадзіць па зачараваным коле аўтарытарызму.
Ілюстрацыі: Сцюарт Майлз, coward_lion, Freedigitalphotos.net


