З усёй маёй калекцыі газета “Рубон”, напэўна, у найбольшай ступені падпадае пад вызначэнне “самвыдат”. Бо амаль усе іншыя газеты, пра каторыя я пісаў, выдаваліся ў друкарнях. “Рубон” жа выдадзены па іншай тэхналогіі. Гэта проста аркуш тонкай паперы фармата А3, які раздрукаваны на ратапрынце і складзены утрая. Папера неякасная і таму ўжо моцна зжаўцела.
Наколькі мне вядома, выйшаў толькі адзін нумар газеты “Рубон”, у студзені 1990-га. Пазначана, што друкаваўся “у друкарні Пянткоўскага” як “Незалежнае выданне Хаўруса, Менск”. Наклад – 1000 асобнікаў. Пазнее выданне было было перайменавана ў “Незалежную думку”. Паколькі аркуш А3 складзены утрая, атрымліваецца, што газета выдадзена фарматам 1/8 аркуша, але замест чатырох палосаў мае шэсць.
Назва змешчаная ў верхняй частцы газеты. Тытул займае 2/3 шырыні старонкі і выкананы мастацкім шрыфтам чорным колерам. Апошнюю траціну шырыні старонкі займаюць выходныя дадзеныя і подзагаловак (набраны на камп’ютары). Другую частку складаюць эпіграфы: словы Максіма Багдановіча і Цёткі. Газета дзвюхмоўная, беларускамоўныя матэрыялы друкаваныя дарэформавым правапісам.
У нумары змясцілася зусім няшмат матэрыялаў. Так, прысутнічае артыкул А.Хв. пра паўстанне 1863-1864 гадоў, верш “Малітва” Наталлі Арсенневай, “Обращение оргкомитета РБС к рабочим”, размова з адным з лідараў РБС С. Сцепановічам, кроніка. На галоўнай старонцы – артыкул Алеся Крупскага “Ці варты беларусы незалежнасці?”.
У якасці рэдактара “Рубона” пазначаны нехта Алесь Філіповіч. Але, на жаль, мне не ўдалося адшукаць ні яго, ні каго-небудзь, хто меў бы дачыненне да гэтага выдання. У прынцыпе, гэта не дзіўна – усё ж, прайшла ўжо чвэрць стагоддзя...



