ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Увага, вас пішуць!

В фокусе

Тэма-бомба “Лукашук — Папова”, дэтанатарам якой стаў выкладзены журналістам у фэйсбук аўдыязапіс няўдалай размовы з калегай, абвастрыла для мяне некалькі прафесійных пытанняў.

Я не пра стаўленне супрацоўніцы дзяржаўнай газеты да беларусаў і мовы (на гэтай дзялянцы не патаптаўся толькі гультаяваты змагар за беларушчыну, хоць, на мой погляд, там не ўсё так адназначна). Я пра тэхналогію нашай працы, тонка знітаваную з правам ды этыкай.

Журналісцкую практыку няпроста ўціснуць у канон, бываюць спрэчныя сітуацыі. Давайце паразважаем разам.

 

Што ўважаць за згоду на запіс?

Лезем у закон аб СМІ. Журналіст абавязаны “атрымліваць згоду фізічных асобаў на правядзенне аудыя- і відэазапісу, кіна- і фотаздымак, за выключэннем іх правядзення ў месцах, адкрытых для масавага наведвання…” і г.д.

Ці было датрымана гэта патрабаванне ў нашумелым сюжэце? Выкладзены аўдыязапіс, заўважце, адлюстроўвае толькі фінал гутаркі.

Зміцер Лукашук у размове з аўтарам гэтых радкоў (які папрасіў у суразмоўцы дазволу ўключыць дыктафон), зазначыў, што пачаў той дыялог са слоў: “Добры дзень, гэта вас турбуе “Еўрапейскае радыё, Зміцер Лукашук. Ці не маглі б вы нам адказаць на пытанне… Мы рыхтуем рэпартаж на такую і такую тэму…”.

Калега ўдакладніў: словы, што зараз будзе ўключаны запіс, не казаліся. Але, на ягоную думку, агульнавядома: цяпер практычна кожны журналіст працуе з дыктафонам, а ў многіх рэдакцыях размовы запісваюцца аўтаматычна. І калі журналіст просіць адказаць на пытанне для радыё, “ці не маецца на увазе аўтаматычна, што каментар будзе запісаны?”.

Падобнай трактоўкі гэтага патрабавання закона прытрымліваецца і намеснік старшыні БАЖ юрыст Андрэй Бастунец. У каментары для Mediakritika.by ён адзначыў, што форма ўзгаднення запісу ў нарматыўным акце не прапісана. І таму калі нехта прадставіўся журналістам, які рыхтуе матэрыял, а тэлефонны суразмоўца падтрымлівае дыялог, то фактычна гэта можна ўважаць за згоду.

Я мог бы на гэтым супакоіцца, але ж вось чытаю на Naviny.by тлумачэнні самой загадчыцы аддзела культуры “СБ — Беларусь сегодня” Вікторыі Паповай, звінавачанай у беларусафобіі на падставе скандальнага аўдыякліпа: Мне падаецца, што ўсё разумеюць, што нянавісць гэтая адносілася не да Лукашука, не да беларусаў, а да стылю, які ўжыў у адносінах да мяне гэты журналіст, не папярэдзіўшы, што ён запісвае”.

Такім чынам, другі персанаж скандальнай гісторыі зусім не падзяляе трактоўку, што згода на запіс дэ-факта была.

Маралітэ: у такіх далікатных сітуацыях лепей перастрахоўвацца, датрымліваць усе “кітайскія цырымоніі”.

Дарэчы, сам я, раз-пораз апынаючыся ў скуры каментатара для СМІ, даўно прыкмеціў: калі тэлефануюць з маскоўскіх радыёстанцый, то заўжды пытаюцца, па-першае, ці згодны я даць каментар, а па-другое, ці можна ўключыць запіс. Адчуваецца вывучка, школа.

 

Як на зоне адказваюць за базар

Тутэйшыя калегі найчасцей гэты нюанс ігнаруюць. А паколькі з некаторымі дачыненні таварыскія і гаворка можа пачынацца нефармальна (“ну як табе сённяшнія ягоныя закідоны…”), то іншым разам трохі напружваешся: гэта ўжо для эфіру ці прэамбула-балбатня, што застанецца між намі?

З аднаго боку, недарэчна зашпільвацца на ўсе гузікі ды адказваць строгімі паліталагічнымі фразамі, калі гэта жартаўлівы міжсабойчык. З іншага боку, калі гэта ўжо інтэрв’ю, то варта “фільтраваць базар”.

А вось прыклад болей яскравы. Калі мой сын сядзеў у турме па “справе аб Плошчы”, ягонай жонцы ў Бялынічы часта тэлефанавалі радыёжурналісты: ну, як там Сашу жывецца на зоне, што казаў на спатканні і г.д. На заканчэнне: ну, трымайцеся і ўсё такое.

Калі я аднойчы паведаміў Наталлі, што яе словы раз-пораз гучаць у эфіры, ды прывёў прыклады, тая была непрыемна ўражана. Не спрактыкаваная ў журналісцкай кухні жанчына наіўна меркавала, што ёй звоняць, каб паспачуваць, падтрымаць, а распытваюць, кажучы нашай прафесійнай мовай, дзеля бэкграунду.

Сын жа пазней распавёў, што некаторыя міжволі агучаныя ў эфіры падрабязнасці побыту за кратамі, мякка кажучы, не паляпшалі ягонага становішча. “Што, смелы стаў, разгаварыўся?”, — запытваліся асобы ў пагонах. Ну а як могуць “прэсаваць” палітвязня, што трапіў у няміласць, вы прыблізна ўяўляеце.

Як бачым, калегі, тое, што для нас “паводле змаўчання”, для іншых можа быць непрыемным сюрпрызам.

Памятаеце агідную сцэну з фільма “Баш на БАЖ”, калі дзяржаўныя прапагандысты з тэлекамерай пераследуюць кіраўніцу Беларускай асацыяцыі журналістаў, закідваюць правакацыйнымі пытаннямі, аж пакуль тая не сядае ў тралейбус? Таксама могуць сказаць: яна ж не крычала “выключыце камеру!”.

 

Лепей падзьмухаць на ваду

“Я выпрацаваў для сябе такую практыку, — зазначыў у інтэрв’ю для Mediakritika.by медыйны аналітык Паўлюк Быкоўскі, — што папярэджваю двойчы: “уключаю запіс”, “уключыў запіс”. І на гэта, натуральна, рэагуе суразмоўца. Мне здаецца, што гэта той падыход, які дазваляе пазбегнуць усялякіх аспрэчванняў”.

На думку Быкоўскага, закон не ахоплівае ўсё мноства рэальных сітуацый і гэта найперш пытанне этыкі — якім чынам дамаўляцца з суразмоўцам, каб упэўніцца: той разумее, што яго запісваюць.

Гэта важна хаця б таму , што часта адбываюцца размовы ці гучаць асобныя заявы  “off the record”, калі сказанае не прызначаецца для распаўсюду, цытавання, адзначыў суразмоўца.

Так, журналістаў у нас часта адфутбольваюць, крыўдзяць, дыктафон у нейкіх выпадках аказваецца адзінай зброяй. Нярэдка красамоўнай дэталлю, фішкай нейкага матэрыялу становіцца фрагмент запісу з адмовай даць інфармацыю, грубым ці недарэчным адказам чыноўніка.

Я ўсё гэта выдатна разумею і найменей хацеў бы станавіцца ў позу пракурора ці дагматыка-маралізатара. Але і прынцып “на вайне як на вайне”, калі ў дачыненні да неўпадабаных персон не выбіраюць сродкаў, — заганны, небяспечны дэградацыяй прафесійнай маралі.

І калі вяртацца да канкрэтнай калізіі са згодай на запіс, то па мне — лепей падзьмухаць на ваду, асабліва калі справа патыхае скандалам.

P.S. Выбухны сюжэт “Лукашук — Папова” завастрыў і іншыя прафесійныя праблемы. Пры выпадку, магчыма, пагаворым і пра іх.

Оценить материал:
0
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в:

Опрос