Вы здесь

Псіхалагічны дабрабыт у рэдакцыі: досвед Kyiv Independent

Псіхалагічная ўстойлівасць у журналісцкай працы дужа важная, і вялікую ролю ва ўстойлівасці асобна ўзятых журналістаў і журналістак грае тое, наколькі спрыяльнае асяроддзе створана ў рэдакцыі. Відавочна, што рэдакцыя не можа ўзяць адказнасць за ўсё, але ёсць тое, што яна можа зрабіць.

Агульныя правілы вельмі простыя. Каб адчуваць базавы камфорт, абавязкова трэба наступнае:

  1. Ясныя працоўныя патрабаванні. Чым лепш чалавек уяўляе, што канкрэтна ад яе ці яго патрабуецца, што ўваходзіць у зону адказнасці і за што давядзецца справаздачыцца, тым прасцей гэтаму чалавеку выстройваць і працоўны рэжым, і стасункі ў калектыве.
  2. Адкрытая камунікацыя ў камандзе. Схема «здагадайцеся самі, а калі не здагадаецеся, вам жа будзе горш», нікому яшчэ не дапамагала ні ў працоўных, ні ў асабістых стасунках. Ветлівая і адкрытая камунікацыя робіць усё нашмат прасцейшым.
  3. Ясныя правілы і сістэма ацэнкі. Чым лепш чалавек будзе разумець, што можна і варта рабіць, а чаго рабіць катэгарычна нельга і па якіх крытэрах ацэньваецца праца, тым менш у працы будзе непатрэбнай фрустрацыі. Адсутнасць яснасці спрыяе таму, што трывога з'яўляецца там, дзе чалавеку на самой справе няма за што хвалявацца, а гэта кепска сказваецца і на псіхалагічным стане, і ўласна на якасці працы.
  4. Зручнае месца для працы. У кожнага чалавека мусіць быць сваё працоўнае месца і асабістая прастора, дзе ён ці яна можа захоўваць нейкія рэчы. У ідэале ў офіс мусіць быць доступ 24/7, асабліва калі медыя працуе «ў полі» і ва ўмовах крызісу. І ў журналістаў, і ў аператараў мусіць быць магчымасць дапрацоўваць матэрыял у офісе ў любы час, а не толькі з 9 да 5 ад панядзелка па пятніцу. Ва украінскіх умовах таксама дадаецца тое, што на працы мусяць працаваць электрычнасць і там павінна быць цёпла.

Але ёсць і больш дэтальныя рэкамендацыі, якімі кіруецца Kyiv Independent, бо псіхалагічны стан – гэта вельмі шырокае паняцце, і ўплывае на яго шмат розных фактараў, кажа Дарына Шаўчэнка, CEO Kyiv Independent.

Дужа важна забяспечыць фінансавую ўстойлівасць:

  1. Выплаты мусяць быць рэгулярнымі, а працэс аплаты – празрыстым і зразумелым.
  2. Перагляд заробкаў трэба праводзіць паводле вядомага графіку альбо ў адпаведнасці з загадзя вядомай працэдурай.
  3. Памер заробку і/ці ганарараў не мусіць быць ніжэй за рынкавы ўзровень.
  4. Добра, калі медыя па магчымасці прадастаўляе сваім журналістам і журналісткам фінансавую падтрымку ў надзвычайных сітуацыях. Напрыклад, калі пачалося поўнамаштабнае ўварванне, вялікім рэдакцыям было няцяжка дапамагчы сваім супрацоўнікам і супрацоўніцам з пераездам у больш бяспечнае месца, а самім людзям ад такой дапамогі было нашмат лягчэй.

Таксама рэдакцыя можа забяспечыць стабільнасць на працоўным месцы:

  • Упэўніцца, што ўсе ведаюць працоўны графік
  • Забяспечыць максімальна магчымую стабільнасць графіку і метадаў працы
  • Забяспечыць стабільнасць і бяспечнасць уласна працоўнага месца
  • Зрабіць офіс камфортнай і даступнай прасторай
  • Арганізаваць стабільную працоўную прастору анлайн: каналы камунікацыі, сістэма арганізацыі файлаў

Важна і тое, каб уся камунікацыя ў камандзе была яснай і адкрытай. Шаўчэнка рэкамендуе ўпэўнівацца ў тым, што ўсе ў камандзе ведаюць мэты кампаніі і разумеюць яе місію, і раіць паведамляць навіны, якія тычацца каманды, своечасова і ўсім без выключэнняў. Таксама добра, калі кіраўніцтва гатовае адкрыта абмяркоўваць з журналістамі праблемы і выклікі, якія паўстаюць перад рэдакцыяй, і разам шукаць рашэнні. І, натуральна, усе мусяць дакладна ведаць, чаго ад іх чакаюць, і атрымліваць рэгулярную зваротную сувязь сам-насам, без прысутнасці іншых чальцоў рэдакцыі.

Асобную ўвагу прапаноўваюць надаваць пазітыўнай атмасферы і па-за працоўнай камунікацыі. Добрай ідэяй могуць быць рэдакцыйныя вечарыны і святкаванні чагосьці. Але і падчас працы добрая атмасфера дужа важная:

  • Не саромейцеся дзяліцца ўласным досведам, які можа дапамагчы іншым.
  • Праяўляйце разуменне: задавайце пытанні і ўважліва слухайце адказы.
  • Нармалізуйце ўзаемападтрымку ў камандзе: ніхто не мусіць саромецца прасіць пра дапамогу ці аказваць яе.

Асабліва калі рэдакцыя працуе ў цяжкіх умовах, надзвычай важна арганізоўваць непасрэдную псіхалагічную падтрымку – ладзіць лекцыі і трэнінгі ад псіхолагаў і псіхатэрапеўтаў, дапамагаць з арганізацыяй індывідуальнай тэрапіі (пакрываць выдаткі, дапамагаць шукаць спецыяліта і інш), нармалізаваць зварот па псіхалагічную дапамогу як такі. Таксама можна арганізоўваць групавую тэрапію для калег з падобным досведам, ладзіць групавыя рэтрыты і проста бавіць час разам па-за працай – рабіць вечары настольных гульняў, хадзіць у бары і на спартыўныя мерапрыемствы.

 

Наста Захарэвіч адмыслова для Mediakritika.by

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в:

Опрос