ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Пункт погляду: Журналіста АНТ “непакоіць Гандурас”

Варта пагадзіцца з журналістам АНТ Алегам Лепешанковым: медыі сапраўды могуць быць інструментам замбавання. Але сказаўшы “а”, калега не сказаў “б” — не акрэсліў, што ў найбольшай ступені гэта праблема характэрная для несвабодных краін. У тым ліку для Расіі і Беларусі.

У артыкуле “Пункт погляду: у журналістыцы не бывае этычна і каштоўнасна нейтральных сюжэтаў” сп. Лепешанкоў прывёў прыклады, як кепскія медыі, на ягоную думку, завялі Балгарыю на задворкі Еўразвязу; адыгралі адну з галоўных роляў у распальванні Майдана на Украіне. Нарэшце, аўтар згадаў нават не леташні снег, а балканскія падзеі часоў кіравання памерлага ужо ў Гаазе Мілошавіча, калі, маўляў, праз заходнюю прэсу “з дапамогай псіхалінгвістычных тэхнік НАТО апраўдвала свае дзеянні ў Сербіі”.

Можна было б раскласці па палічках кожны з гэтых сюжэтаў і давесці, што роля СМІ ў згаданых драматычных падзеях значна перабольшаная. Скажу толькі два словы аб прычынах Майдана. Ён быў згенераваны не медыямі, а разлажэннем улады, метастазамі татальнай карупцыі. І пра гэта сказаў не хто іншы, як Аляксандр Лукашэнка.

Але найперш для мяне паказальна, што журналіст АНТ, выкрыўшы бандэраўцаў у балаклавах ды праклятых амерыкосаў, ні гу-гу пра сістэмныя заганы медыйнай сферы ў роднай Беларусі ды “саюзнай” Расіі. За савецкім часам такі падыход называўся “мяне непакоіць Гандурас”.

А хлопчыка хто “ўкрыжаваў”?

Для пэўнасці падкрэслю, што я — супраць барыкаднай чорна-белай журналістыкі. Адзін са сваіх артыкулаў на “Медыякрытыцы” я так і назваў: “Журналіст не мусіць станавіцца дэмшызой”.

Я катэгарычна супраць таго, каб журналістаў заганялі ў акопы інфармацыйных войнаў.

Мне не падабаецца, калі падзеі на Украіне ды вакол яе асобныя пасіянарныя СМІ малююць па-маніхейску: вось ваяры Святла, а вось сілы Цемры.

Яшчэ мінулай зімой я пісаў на “Медыякрытыцы” пра заганнасць павярхоўнай біпалярнай схемы пры апісанні Майдана як з’явы, што насамрэч была шматслойнай, неадназначнай, супярэчлівай.

Адказныя медыі сапраўды не мусяць піярыць радыкальны нацыяналізм, гэта з’ява зусім не перадавая і ніяк не адпавядае еўрапейскім каштоўнасцям. Іншая рэч, што, як паказалі травеньскія прэзідэнцкія выбары на Украіне, папулярнасць нацыянал-радыкалаў там невысокая.

Раздзімалі ж міф пра “фашысцкую хунту” найперш расійскія медыі. Вось яны, пачынаючы з “крымскай эпапеі” Пуціна, насамрэч сталі зброяй інфармацыйнай вайны. Прычым тут ужо гаворка не пра нюансы і акцэнты сэнсаў, а пра наўмысную дэзінфармацыю, стварэнне фэйкаў (чаго варты адзін “укрыжаваны бандэраўцамі ў Славянску хлопчык”!).

Ці маральна медыям працаваць паводле адмашкі?

Інфармацыйная агрэсія Масквы — гэта значна свяжэйшы і болей надзённы для нас сюжэт, чым “псіхалінгвістычныя тэхнікі” НАТО ў 1999 годзе, ці не так, сп. Лепешанкоў?

Вось вы згадваеце адмыслоўца ў галіне інфармацыйных тэхналогій Ігара Ашманава, які параўноўвае захаванне інфармацыйнага суверэнітэту краіны з кантролем над уласнай паветранай прасторай.

Добра, узброімся гэтай метафарай (хоць яна і спрэчная). Тады сёння справа выглядае так: у беларускай медыйнай прасторы пануе цяжкая прапагандысцкая авіяцыя Крамля, а тутэйшыя зеніткі бяздзейнічаюць.

Ну пра які інфармацыйны суверэнітэт можна казаць, калі мазгі беларускага абывацеля перманентна прапалоскваюць маскоўскія прапагандысты кшталту Дзмітрыя Кісялёва? Калі незалежная сацыялогія сведчыць, што блізу 60% беларусаў, на якіх вывяргаюцца тэрмаядзерныя дозы расійскага прапагандосу, ухваляюць анексію Крыма.

Між іншым, у двухсэнсоўнай сітуацыі пры гэтым апынаецца беларускі афіцыйны лідар, які выступае за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны. І на добры лад беларускія дзяржаўныя СМІ павінны былі б гэту пазіцыю адстойваць.

Але яны выглядаюць анемічна, бо няма адмашкі. Палітычнае кіраўніцтва краіны не хоча страчваць расійскія субсідыі, таму не наважваецца даваць адлуп экспансіі “рускага свету”.

Хаця ў перыяды інфармацыйных войнаў беларускія дзяржаўныя медыі выкрывалі расійскі імперыялізм па поўнай праграме. Але цяпер не тая кан’юнктура. Зноў жа: я не заклікаю, каб журналісты распальвалі варожасць да Расіі. Аднак у адказных беларускіх СМІ мусіць быць выразная пазіцыя ў дачыненні да вялікадзяржаўных замашак, шавіністычнай прапаганды. Ну як можна, разважаючы на ўзроўні савецкага палітрука пра ідэалагічныя падкопы дэманізаванага Захаду, не заўважаць рэальнай пагрозы нашаму суверэнітэту з усходняга боку? І ўвогуле, ці маральна медыям працаваць паводле адмашкі?

Калі ж згадаць мінулыя выбарчыя кампаніі, то паводле адмашкі дзяржаўныя СМІ змешвалі з брудам, выстаўлялі купкай адмарозкаў палітычных сапернікаў дзейнага кіраўніка. Зазіралі да іх ў замочную шчыліну, не грэбавалі матэрыяламі спецслужбаў. Гэта да праблемы кансалідацыі грамадства і этычных стандартаў, наконт якіх так пераймаецца прадстаўнік АНТ.

Не блытайце адказную журналістыку з сервільнай

Пры гэтым я зусім не выгароджваю недзяржаўныя медыі, ў якіх таксама багата праблем прафесійнага, этычнага кшталту. На жаль, некаторыя з такіх рэсурсаў фактычна перанялі горшую практыку дзяржаўнай прэсы: тая ж аднабокасць, падтасоўка фактаў, тая ж мова нянавісці ў дачыненні да палітычных апанентаў.

У нас дэфармаваная, нездаровая медыясфера, але чаму? Ці не таму найперш, што яна прыціснута пятой аўтарытарнага палітычнага рэжыму: “чэсныя” СМІ разглядаюцца як ідэалагічная абслуга, а “нячэсныя” дыскрымінуюцца, заганяюцца на маргінэс (дзе асобныя з іх радыкалізуюцца, пераходзяць на рэйкі той самай інфармацыйнай вайны)?

Медыйны рынак, якога ў нас няма, сам па сабе не здымае ўсіх цэхавых праблем, але выводзіць іх на іншы ўзровень. Па вялікім рахунку медыям становіцца нявыгадна хлусіць, бо страта рэпутацыі б’е і па фінансавым стане.

Украінскія СМІ, пра якія згадвае сп. Лепешанкоў — не самы дасканалы ўзор. На іх стан сапраўды ўплывала і працягвае ўплываць алігархічная сістэма. Але ўсё адно там болей плюралізму, чым у нас ды ў Расіі.

Медыйныя сістэмы развітых дэмакратычных краін таксама небездакорныя, але, як той кажа, нам бы іхнія праблемы. Беларуская медыясфера ўвогуле ў каменным веку, прычым найперш праз спецыфіку палітычнага рэжыму.

І яшчэ: не трэба мяшаць боб з гарохам, блытаць адказную журналістыку з сервільнай. Каб аздаравіць грамадства, трэба і разразаць нарывы, а гэта балюча. Адказная журналістыка ёсць лязом хірурга, а не цырульніка з угодлівай мінай “чего изволите?”.

Так што давайце ставіць пытанні па гамбургскім рахунку. І абмяркоўваць найперш тое, што тычыцца нас непасрэдна — як айчыннага журналісцкага цэха, так і краіны ўвогуле: прапагандысцкую экспансію “рускага свету”, хібы дзяржаўнай манаполіі ў медыясферы, падзел СМІ на “чэсныя” ды “нячэсныя” (нагадаць, хто яго ўвёў?) і г.д.

Карацей, давайце падыходзіць з крытэрамі адказнай журналістыкі да нашых уласных болек, добра?

Калі ж вы абіраеце толькі тыя тэмы і прыклады, якія не чапляюць тутэйшае начальства, то атрымліваецца цалкам у духу савецкага анекдота: “Мяне непакоіць Гандурас”. І тады не трэба ля-ля пра адказную і высокамаральную журналістыку.

Оценить материал:
0
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в:

Опрос