У кожным рэгіёне Беларусі так ці іначай пачалася перадвыбарчая праца. На дадзеным этапе сябры ініцыятыўных груп кандыдатаў ходзяць па кватэрах і ладзяць пікеты па сбору подпісаў, а СМІ, натуральна, інфармуюць пра гэтую падзею.
Аднак, калі зазірнуць на афіцыйныя сайты райвыканкамаў (а такія сайты выглядаюць візітоўкамі сваіх раёнаў), то можна пабачыць цікавае залюстроўе: выбары без выбару.
Сайт лідскага райвыканкама – 6 навін пра сбор подпісаў за Аляксандра Лукашэнку. Шэсць штук –абсалютны максімум па краіне, у іншых рэгіёнах 1-2 навіны ці увогуле без артыкулаў пра сбор подпісаў. У Лідзе - актывісты БРСМ збіраюць подпісы за Аляксандра Лукашэнку, Федэрацыя прафсаюзаў збірае подпісы за Лукашэнку, і яшчэ пікет за цяперачага прэзідэнта, і зноўку пікет за дзейснага... І ні слова пра існаванне іншых кандыдатаў. На шэсць навінаў не знайшлося нават аднаго сказа, каб пералічыць іх ці хаця б нагадаць пра існаванне .
І Ліда – не ўнікум. На 118 афіцыйных сайтаў райвыканкамаў няма ніводнай навіны з пікетаў у падтрымку хоць нейкага іншага кандыдата акрамя Аляксандра Лукашэнкі. Ніводнага фотаздымку з пікетаў іншых кандыдатаў.
Пераважная большасць афіцыйных сайтаў раёнаў увогуле не палічыла за навіну пачатак сбору подпісаў. На фоне уборачнай, зажынак і фотарэпартажаў пасля Дня Незалежнасці тэма выбараў відавочна яшчэ не набрала сваёй папулярнасці.
Некаторыя абмежаваліся нейтральнымі навінамі кшталту “сбор подпісаў пачаўся” плюс раз’ясненні колькі кандыдатаў можна падтрымаць на дадзеным этапе і якія дакуманты для гэтага патрэбны. Але значная часта нават нейтральных навінаў кшталту “пачаўся збор подпісаў” маюць фотаздымкі з пікетаў за Аляксандра Рыгоравіча. Пералік іншых кандыдатаў сустракаецца ад сілы 10-12 (нагадаю, у нас 118 раёнаў і суадносна столькі ж райвыканкамаў) і тое, у асноўным у перадруку з артыкулаў інфармацыйнага агенцтва БЕЛТА.
Фота сайт Асіповіцкага райвыканкама
Рэдакцыі, якія не палянавалія адправіць сваіх карэспандэнтаў працаваць “у поле” на пікеты ці перадрукавалі падобныя матэрыялы з раённых газет, выдалі цудоўныя рэпартажы пра чэргі, каб паставіць свой подпіс, пра шчасце жыць у такой цудоўнай краіне, пра грамадзянскі абавязак і адказнасць, мірнае неба над галавой і г.д. Дарма, што знаходзяцца ў розных кутках Беларусі, інтанацыя навінаў падобная.
Далей цытаты, якія дазволяць не толькі адчуць як ідзе сбор подпісаў , але і зразумець стылістыку рэпартажаў пра выбары на сайтах райвыканкамаў:Артыкул “Подпісы - без прымусу” (Клімавічы): “У аграгарадку Кодзіна сбор подпісаўправодзіла ініцыятыўная група БРСМ”. БРСМ! Не кандыдата Лукашэнкі ? Здаецца, гэта БРСМ – кандыдат у прэзідэнты. Раённая газета “Прыднястроўная Ніва” гэтую ж навіну падала пад загалоўкам “За стабільнасць і спакой”.
“Сябры РГА “Белая русь” актыўна ўключыліся ў этап перадвыбарчай кампаніі па сбору подпісаў па вылучэнню кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнкі, піша сайт Лагойскага райвыканкама.
“Сябры ініцыятыўнай групы – работнікі арганізацый і прадпрыемстваў (сёння гэта супрацоўніцы СШ № 15 і “Дома гандлю”) (Ліда)
“У склад якой увайшлі прадстаўнікі канструктыўных (!!! - заўв. аўтара) грамадскіх аб’янанняў – раённых арганізацый “Белая Русь”, БРСМ, прафсаюзаў – актыўна уключыліся ў сбор подпісаў. (Ляхавічы)
“Людзі актыўна падыходзяць да стала, каб пакінуць подпіс. Яшчэ ні ад аднаго не было негатыўных эмоцый”, – расказвае суразмоўца. – Многія ўжо вызначыліся з выбарам.
Патрымалі гутарку і жанчыны з аптэкі: “Работа ёсць, жыццё спакойнае, нармальнае. Паглядзіце, што ў нашых суседзяў ва Ўкраіне робіцца, а з дзеючым Прэзідэнтам мы ўпэўнены, што такога не будзе. Няхай яшчэ для нас папрацуе”. (Узда)
“Жыхары аграгарадка праявілі актыўнасць, падтрымлівая тым самым, стабільнасць і спакой у нашай краіне” (Аграгарадок Межысеткі)
“Практычна ўсе, хто ставіў свае подпісы за цяперашняга Кіраўніка дзяржавы, падкрэслівалі, што Аляксандр Лукашэнка клапоціцца пра людзей, пра развіццё медыцыны і адукацыі, падтрымлівае маладыя сем'і, таленавітую моладзь, здаровы лад жыцця.”(Быхов)
“Аляксандр Рыгоравіч робіць усё, каб наш народ жыў добра: у крамах прадаюцца якасныя харчовыя і прамысловыя тавары, штогод будуецца новае жыллё, развіваецца прамысловасць і інш. У нашай краіне пануе згода ў грамадстве, парадак і спакой”. (Краснаполле)
“Пра тое, што ў сваёй краіне адчуваюць сябе абароненымі, выказаліся і памочнікі выхавальнікаў Абухоўскага дзіцячага саду Наталля Арцюкевіч і Вольга Мардечко: «Самае галоўнае, што няма вайны. Кругам чысціня і парадак, зарплату атрымліваем своечасова ».(Обухава, сайт Гродзенскага райвыканкама)
“Кампанія ідзе актыўна. Да гэтага дня я наведвала выбаршчыкаў па месцы жыхарства - ніводнага адмовы. Усё настолькі натхнёныя, задаволеныя нават былі, што да іх зазірнулі. Людзі не замкнёныя толькі на свой маленькі маленькі свет, яны думаюць пра будучыню, сваім, дзяцей, унукаў, краіны”. (Карэлічы)
“Жыхары гарадскога пасёлка, якія цалкам раздзяляюць курс палітыкі цяперашняга Прэзідэнта і сацыяльна-эканамічнае развіццё рэспублікі, ставілі свае подпісы на адпаведных падпісных лістах, тым самым, праяўляючы сваю актыўную грамадзянскую і жыццёвую пазіцыі” (Шаркоўшчына)
І гэтак далей, і ў тым жа стылі. Да гэтай карціны хочацца дадаць цытату ад Лідзіі Ярмошыны, знойдзеную на прасторах тых самых сайтаў райвыканкамаў:"У сваю чаргу мясцовыя СМІ павінны даваць аб'ектыўную і падрабязную інфармацыю пра працу выбарчых камісій і працэс падрыхтоўкі выбараў. Тут не павінна быць ніякіх перабораў, таму што праца на карысць аднаго толькі кандыдата будзе негатыўна адбівацца і на выніках выбараў, і на самой працэдуры галасавання".
Настасся Шамрэй, галоўнае фота - сайт Лідскага райвыканкама