Сучасныя сайты прапануюць процьму інфармацыі сваім чытачам. Але асноўны акцэнт часта робіцца на стужцы навін, якія паўтараюцца на розных рэсурсах і пералічваюць адны і тыя ж падрабязнасці. Што ж важней — стужка навінаў ці іншы кантэнт? Як у будучыні будуць суадносіцца гэтыя складнікі сайтаў?
З такімі пытаннямі Mediakritika.by звярнулася да знаных журналістаў, якіх папрасілі выступіць у ролі экспертаў.
Зміцер Лукашук, журналіст “Еўрапейскага радыё для Беларусі”, лічыць, што нягледзячы на папулярнасць сайтаў-агрэгатараў, для рэсурса важна мець уласны кантэнт:
- Калі глядзець на наведвальнасць сайту, наогул на статыстыку, то стужку навінаў праглядае больш людзей, чым іншыя раздзелы. Тлумачэнні гэтаму простыя – людзі раніцай спяшаюцца на працу, яны на пачатку дня не маюць дастаткова часу, каб нешта ацэньваць, ім трэба не згубіцца ў свеце, быць у курсе, што адбываецца. Таму раніцай яны папросту прабягаюцца па загалоўках, самае цікавае для сябе чытаюць і ў цэлым застаюцца ў курсе палітычных, эканамічных навінаў, падзей грамадскага жыцця. У абед таксама ў людзей не надта шмат часу, яго хапае толькі на прачытанне навінаў.
У той жа час, калі ў чалавека з’яўляецца больш вольнага часу, ён шукае пашыраную інфармацыю. Асабліва пра тыя сферы, якія яго больш за ўсё цікавяць. Напрыклад, курсы валют, яго змены: долар падаражэў, еўра патаннеў, ці далі чарговы крэдыт беларускаму кіраўніку ў Расеі. Чалавек тады чытае не толькі сціслую інфармацыю, але і хоча даведацца, як гэта адлюструецца на яго асабістым жыцці, якія ў бліжэйшай будучыні будуць цэны на газ, электраэнергію. Можна сказаць, матэрыялы грунтоўныя служаць для таго, каб чалавек зразумеў, што гэта можа азначаць, як аукнецца тая ці іншая падзея на яго звычайным прыватным жыцці. Калі чалавек мае больш часу, яго цікавіць таксама, як адбывалася якая-небудзь падзея, чым яна адрознівалася ад папярэдніх, ці варта яму ашчадзіць свой час, каб кудысьці схадзіць.
Сайты з аднымі навінамі можа і маюць у пэўны момант большы трафік, але не варта забываць, што людзі цікавяцца і іншымі, больш сур’ёзнымі матэрыяламі. Сайты павінны даваць як сціслую, так і грунтоўную інфармацыю сваёй аўдыторыі. У кожнага сайту ёсць свой чытач, трэба працаваць з усімі катэгорыямі. Камусьці, напрыклад, захочацца паглядзець фотаздымак, а потым чалавек пажадае ўбачыць і ўсю фотагалерэю, хто быў на імпрэзе ці на дзелавой сустрэчы, што сказаў, з кім гутарыў. А потым пачытае экспертаў, якія дадуць сваю ацэнку жыццёва важным пытанням.
Ёсць яшчэ адзін момант — так званыя сайты-агрэгатары. Іх доля немалая. Такія рэсурсы жывуць тым, што крадуць чужыя навіны і не робяць ці амаль не робяць сваіх матэрыялаў. Яны ганарацца, што ў іх шмат трафіку. Чалавеку, якому проста трэба азнаёміцца, што адбываецца ва ўсіх абсалютна галінах, зручна карыстацца такімі сайтамі. Зручна, бо на “агрэгатарах” збіраецца самае-самае. Але ў людзей давер да такіх рэсурсаў усё ж мінімальны. Іншымі словамі, сайтамі-агрэгатарамі карыстаюцца, але мала іх паважаюць. Чытачы глядзяць, адкуль узятая навіна і толькі потым фарміруюць сваё стаўленне да прачытанага. Калі нейкая “жаўцізна”, я чытаць гэты матэрыял не буду, прынамсі верыць яму. Калі навіна ўзятая з сайту, вартага даверу, тады буду гэтаму верыць.
Падагульняючы сказанае, адзначу, што будучыня за тымі рэсурсамі, якія робяць унікальны кантэнт. Хай у іх і не будзе велізарных скачкоў трафіку, але інфармацыя, здабытая сваімі журналістамі, дазволіць трымаць на сайце пастаянную аўдыторыю і вабіць новых чытачоў.
Віталь Цыганкоў, журналіст “Радыё Свабода”, адзначае, што ў цяперашні час ніводная навіна не “прабягае” міма сайтаў, таму неабходнасць уласнага кантэнту дыктуецца хаця б тым, што трэба нечым адрознівацца ад канкурэнтаў:
- Калі пад кантэнтам разумець блогі, аналітычныя матэрыялы і іншае, у такім выпадку яго значэнне большае за навіны. Усё тлумачыцца проста, навіны на сёння для ўсіх аднолькавыя і пераважна яны паўтараюцца на розных сайтах з тымі ж самымі падрабязнасцямі, фотаздымкамі. А паколькі навіны паўтараюцца і іх можна прачытаць не толькі на адным рэсурсе, але і ў канкурэнтаў, то для поспеху важны якраз кантэнт. Усе разумеюць кантэнт па-свойму, хтосьці робіць стаўку на аналітыку, у некага важным складнікам парталу з’яўляюцца блогі. Безумоўна, сустракаецца розная падача навінаў, розныя сайты, вядома ж, могуць рабіць розны акцэнт на тэматыку, аддаваць чаму-небудзь больш увагі.
Калі разважаць пра навіны, то і тут ёсць прастора для розніцы. У кожнага сайту ў навінах свая спецыфіка, філасофія, так бы мовіць. Дакладней, апрацоўка тых самых навінаў. Проста навінамі ўжо нікога не здзівіш. Няма й такога, каб нейкая навіна засталася незаўважанай. “Радыё Свабода”, “Наша Ніва”, “Салідарнасць” змяшчаюць фактычна адны і тыя ж навіны, і таму розніцу варта шукаць у працы з атрыманай інфармацыяй. Хтосьці робіць акцэнт на каментарах экспертаў, у кагосьці часцей сустрэнеш аўтарскае меркаванне ўласных супрацоўнікаў, дзесьці на асабліва важныя навіны адгукаюцца блогеры.
Нават калі нехта не публікуе, напрыклад, непаліткарэктную навіну, яна ўсё адно выйдзе на тым ці іншым сайце. У ЗША некаторыя навіны не трапляюць на CNN і іншыя вядомыя рэсурсы, затое іх з ахвотай бяруць, напрыклад, на сайты зацятых рэспубліканцаў.
Важную ролю адыгрывае спосаб падачы інфармацыі, яе асэнсавання. У кожнай рэдакцыі ў арсенале свае прымочкі, некаторыя сайты канцэнтруюцца на словах, робяць з навінаў высновы ўжо ў сваім кантэнце – “блогах”, ёсць сайты, дзе вельмі важнай часткай кантэнту з’яўляецца відэа. У далейшым развіцці блогаў, пляцовак для экспертаў, відэа і іншых частак кантэнту і ёсць будучыня сайтаў.
Арцём Сізінцаў спецыяльна для Mediakritika.by