Украінскае выданне “Реальная газета” піша пра акупаваны Луганск, з-за вайны нашы калегі вымушаныя былі з’ехаць з роднага горада, але пісаць пра малую радзіму не кінулі. Замест друкаванай версіі газеты цяпер існуе выключна інтэрнэт-версія. Сайт — крыніца інфармацыі пра родны рэгіён для сотняў тысяч бежанцаў, многія з якіх плануюць калі-небудзь вярнуцца назад.
У Беларусі інфармацыйны рэсурс стаў вядомым пасля публікацыі сенсацыйнага інтэрв’ю з беларусам, жыхаром Оршы, які за грошы ездзіў мітынгаваць у Данецк на “Антымайдан”.
Mediakritika.by паразмаўляла з галоўным рэдактарам “Реальной газеты” Андрэем Дзіхцярэнкам пра тэрміновы пераезд рэдакцыі, цяперашнюю сітуацыю ў так званай “ЛНР”, украінскіх патрыётаў, якія дапамагаюць сайту, жывучы на падкантрольнай сепаратыстам тэрыторыі і журналістку Марыю Варфаламееву, якая ўжо год знаходзіцца ў палоне баевікоў.
— Спадар Андрэй, першае пытанне — пра ваша выданне. Калі створана “Реальная газета” і якія мэты яна мела на першы час?
— Мы стварылі “Реальную газету” ў верасні 2013 года. Фактычна яна існавала з 2007 пад назвай “Реальная газета Ижица”, але ў той час належала аднаму з уплывовых палітыкаў. Я й тады меў пэўнае дачыненне да выдання, але скажу шчыра, уплыў гэтага палітычнага дзеяча адчуваўся. У траўні 2013 я даведаўся, што газета была ліквідаваная. Мне было шкада, бо газета ўсё ж выказвала цікавыя думкі, мела сваю вагу і было б няправільна даць ёй знікнуць. Я выкупіў газету, і мы стварылі зусім новае выданне. Ад пачатку мы намагаліся стаць аналітычным выданнем, адсочваць сацыяльныя, палітычныя, эканамічныя працэсы рэгіёну. Луганская вобласць заўсёды была цікавай, палітычнае жыццё тут віравала. І вось варта зазначыць — унутраныя прарасейскія сілы Луганска ўвесь час былі маргінальнымі. Ніякіх унутраных — падкрэслю — унутраных, перадумоў для іх выхаду на першы план не было. А была дужа моцная “Партія регіонів”, істотны ўплыў увесь час мелі мясцовыя камуністы, а таксама існавалі праўкраінскія сілы, якія на Луганшчыне пастаянна былі раздробленыя і вялі барацьбу пераважна паміж сабой. Супернікі, вядома ж, сітуацыяй карысталіся і актыўна падбаўлялі вугаль у печ.
І так атрымалася, што менавіта тады, калі “РГ” стала вядомым выданнем у рэгіёне, сітуацыя ва Украіне пачала імкліва змяняцца. Можаце не верыць, аднак Януковіч сапраўды ўзяў курс на інтэграцыю з Еўразвязам. Даходзіла да таго, што “Партія регіонів” распаўсюджвала сярод дырэктараў заводаў і іншых кіраўнікоў адмысловыя метадычкі, як трэба працаваць у гэтым кірунку. Многія “валадары думак” не прынялі гэты курс, бо вельмі шмат прамысловасці было завязана на Расіі. Напрыклад, луганскі завод па выпуску цеплавозаў, што знаходзіўся ў цэнтры горада, меў расійскіх уласнікаў. Меткамбінат у Алчэўску перайшоў ад алігарха Таруты таксама да расійскага бізнэсу. І было надзвычай цікава назіраць, як пасля знакамітай прамовы Азарава пра кірунак у Мытны саюз, пасля якой і пачаўся Майдан, усе свае метадычкі рэгіяналы хутка замянілі на іншую інфармацыю.
Наша газета пачала пісаць пра студэнцкі Майдан, які неўзабаве разагналі — я сам прыязджаў на яго апісваць падзеі. Увес час мы думалі больш глабальна, не засяроджваліся выключна на навінах свайго рэгіёну, запытвалі ўплывовых украінскіх і расійскіх экспертаў, аналізавалі сітуацыю. А потым арганізаваліся луганскія Майдан і Антымайдан, наша газета стала ўплывовай і літаральна праз паўгода пасля пачатку выдання яна стала прыбытковай. Аднак гэта неўзабаве скончылася, ужо ў траўні 2014 года рынак медыя ў вобласці фактычна знік, сепаратысты пачалі хапаць нашых журналістаў, саджаць іх у падвалы. Але тое, што мы паспелі зрабіць за гэтыя дзевяць месяцаў, стала своеасаблівым летапісам роднага краю, хронікай пераходу Луганска ад мірнага да паўваеннага стану, а потым і ваеннага. Артыкуламі, якія мы паспелі надрукаваць у той час, я ганаруся.
Адна з вокладак газеты
— Вам давялося пакінуць родны Луганск і пераехаць у Кіеў, а газету замяніла інтэрнэт-версія. Як адбываўся пераезд, колькі часу было на прыняцце рашэння?
— Цалкам прыпынілі выпуск газеты мы толькі ў ліпені 2014 года. Яшчэ ў траўні мне было зразумела, да чаго ўсё ідзе. Акрамя журналісцкай працы даводзілася хадзіць на перамовы, даставаць з падвалаў нашых журналістаў і іншых людзей. У траўні адразу пасля навучальнага года я адправіў жонку з дзецьмі ў Кіеў на цягніку, але жонка неўзабаве вярнулася, бо не магла без мяне. Я, абмінаючы ўжо замінаваныя масты, вывез машыну жонкі з Луганска, а сам вярнуўся назад працаваць. Пачаліся начныя абстрэлы, калі сядзіш у кватэры на пятым паверсе хрушчоўкі і не ведаеш, што будзе ў бліжэйшыя хвіліны. У рэдакцыі працаваць было ўжо немагчыма, мы расцягнулі па дамах усю тэхніку і, як выявілася, зрабілі ўсё правільна. Бо ў іншыя рэдакцыі сепаратысты прыходзілі і забіралі ўсё, што там было, а да нас баевікі прыйшлі ўжо ў пустое памяшканне. Памятная сітуацыя, як мы рыхтавалі апошні нумар друкаванай версіі газеты. Сабраліся раніцай у парку каля кавярні, у якой быў Wi-Fi, хутка правялі планёрку, размеркавалі, што і каму пісаць і разышліся па дамах. У шапіках апошні нумар ужо не прадаваўся, бо сістэма дыстрыбуцыі ў Луганску папросту перастала існаваць. Пасля гэтага нумару я сказаў журналістам: “Раз’язджаемся”.
Я сеў на апошні цягнік да Кіева, у маім купэ было прастрэлена шкло, а праз гадзіну ў суседні з маім дом трапіў снарад. Пачаўся найскладанейшы для Луганска з часоў Другой Сусветнай вайны перыяд. Украінскія вайскоўцы атачылі горад, і прыкра, што не ўзялі яго, хаця гэта магчыма было зрабіць, і зараз бы Луганск жыў нармальным жыццём, як Славянск, Севераданецк, Лісічанск, якія былі вызваленыя. А так у горад увайшлі расійскія танкі і дагэтуль горад жыве пад акупацыяй.
— Колькі журналістаў працавала ў рэдакцыі ў Луганску і ці ўсе пераехалі потым у Кіеў за галоўным рэдактарам?
— У рэдакцыі ў Луганску ў нас працавала 10 журналістаў, але яны раз’ехаліся па розных гарадах. Адзін застаўся ў Луганску, таксама людзі пераехалі ў Днепрапятроўск, Харкаў, адзін супрацоўнік пераехаў, як і я, у Кіеў. Ёсць чалавек з нашых колішніх калег, які працуе ў АБСЕ і ездзіць па акупаванай тэрыторыі разам з міжнароднымі назіральнікамі. Наш вярстальнік Аляксандр Сухарэўскі цэлы год прабыў пад абстрэламі на хутары Макарава, за гэта час ён цалкам пасівеў. Хутар абстрэльвалі з розных бакоў, але справа скончылася для калегі “хэппі-эндам”, цяпер ён таксама пераехаў у Кіеў. Мноства журналістаў, якія падзяляюць нашы каштоўнасці, працягваюць супрацоўніцтва з “Реальной газетой”, прычым цяпер бясплатна, бо ў нас няма ніякіх грантаў, але мы ўсё адно робім матэрыялы. Я таксама працую на “Радыё Свабода”. Але праект не кідаем. Хаця некалькі сайтаў закрыліся, напрыклад, быў шырока вядомы “Інсайдер”, а потым абвесціў, што не можа ў такіх умовах дзейнічаць. Я лаўлю сябе на думцы “а як так?” Я пастаянна загружаны на “Радыё Свабода”, але знаходжу час пісаць і для “Реальной газеты”. Бо ёсць тысячы луганчан, якіх цікавіць становішча на акупаванай малой радзіме, ім патрэбна інфармацыя, мы абавязаныя пісаць пра падзеі!
Баевікі ЛНР у захопленай адміністрацыі
— Ці ўсе журналісты газеты засталіся вернымі Украіне?
— Амаль. Аднак ёсць і адваротныя прыклады. Мой колішні намеснік Глеб Баброў узначаліў так званы “Союз писателей ЛНР”, ён у свой час напісаў кнігу “Эпоха Мертворождённых”, і паўсюль актыўна піша пра тых, хто нібыта “нястомна змагаецца за Наваросію”. У сваім рамане ён апісаў барацьбу прарасійскіх і празаходніх сіл ва Украіне, і калі ўзброены канфлікт сапраўды пачаўся, ён быў у захапленні. Бегаў і крычаў пра дадатковыя наклады кнігі. Усе мы, творчыя людзі, жывем у крыху скрыўленым свеце. Але трэба дакладна для сябе разумець, калі ты гуляешся ў нешта і калі гульня пачынае грацца табою. Перад намі паўстаў выбар — або ты за Украіну, або супраць яе.
Да сепаратыстаў далучыліся хіба некалькі чалавек з нетворчай часткі рэдакцыі. Варта адзначыць, што ў Луганску практычна не засталося журналістаў, якія працавалі ў горадзе да акупацыі. Засталіся пераважна тыя, хто перакінуўся да тэрарыстаў. У тым ліку і даволі моцныя, уплывовыя асобы, якія выдатна пачуваюцца ў іх істэблішмэнце. Напрыклад, Радзівон Мірошнік. У 2006 годзе ён нават быў прэс-сакратаром Януковіча і доўга ўзначальваў Луганскі абласны тэлеканал. Быў правай рукой мясцовага палітыка Аляксандра Яфрэмава. Мірошнік выязджаў з акупаванай тэрыторыі, але потым вярнуўся і няблага паставіў у “ЛНР” медыйную частку. Прыкра, бо як бы да Мірошніка не ставіліся з маральна-этычных меркаванняў, усё-ткі ён вельмі моцны прафесіянал.
— Вы адсочваеце сітуацыю з калегай Марыяй Варфаламеевай?
— Так. Мы здолелі вызваліць усіх журналістаў, якіх затрымлівалі сепаратысты, апрача Марыі. Я да яе скрадання ўвогуле не быў знаёмы з ёй — Луганск не такі маленькі горад, каб ведаць усіх калег журналістаў. Атрымліваецца, Марыя стала ахвярай прапагандысцкага роліку расійскага каналу “Lifenews”. Яна проста перадавала інфармацыю ўкраінскім медыя. Баевікі знайшлі ў яе тэлефоне фотаздымкі са сцягам Украіны на луганскім Майдане, актывісткай якога яна была, і з “візітоўкай Яраша” – смяшынкай-мемам, якая хадзіла па ўкраінскім інтэрнэце. З Марыі Варфаламеевай прапагандысты акупантаў зрабілі “наводчицу батальона “Айдар“, “правосека”. Сказалі пра тое, што яна фатаграфавала будынак для “ўкраінскіх фашыстаў”, а потым гэты будынак трапіў пад абстрэл. А насамрэч яна фатаграфавала гэты дом пасля таго, як яго абстралялі. “Lifenews” у сваім стылі зняў журналістку на відэа, умела змантажаваў яе эмоцыі, дзе яна плача, а голас за кадрам распавёў, што так яна нібыта раскайваецца ў зробленым.
Марыя не выехала з горада, бо ў яе былі хворыя бацькі. А цяпер яна ў засценках сепаратыстаў, без усялякага суда і следства. Вызваліць яе намагалася Харкаўская праваабарончая група, вяліся перамовы пра абмен Варфаламеевай на “Пасечніка”. Каб было зразумела, “Пасечнік” — дзед, які ў слоіку мёда прынёс на ўкраінскі блокпост выбухоўку, яна ўзарвалася і забрала некалькі жыццяў. Сепаратысты былі не супраць абмену. Я асабіста размаўляў з вайсковым пракурорам Украіны Маціосам, з іншымі чыноўнікамі, намагаўся паскорыць працэс, аднак атрымаў адказ накшталт “Варфаламеева ніякае не журналістка, а Пасечнік сапраўдны тэрарыст, мы ніколі не пойдзем на такі абмен”. Атрымліваецца, што ў нашай турме сядзіць дзед, які неўзабаве ад старасці можа і так памерці, а ў сепаратыстаў у падвале, магчыма ў жахлівых умовах, утрымліваецца сапраўдная патрыётка Украіны, маладая дзяўчына, якой 23 ці 24 гады. Таксама журналістам, якія цяпер працуюць на ЛНР, дасылаўся ліст з просьбай паўплываць на вызваленне Марыі. У Вене на канферэнцыі АБСЕ я асабіста падымаў дадзенае пытанне, і Варфаламееву ўключылі ў спіс асоб, якія знаходзяцца ў палоне. Паводле міжнародных стандартаў, журналіст ва ўмовах вайны абаронены ўсімі правамі.
Не ведаю, ці ўсё я змог зрабіць дзеля вызвалення Марыі, але ўкраінская ўлада, СБУ (Служба бяспекі Украіны), іншыя ўрадавыя арганізацыі зрабілі недастаткова. Шмат зрабілі валанцёры, тая ж Харкаўская праваабарончая група. Спадзяюся, Марыю ўрэшце вызваляць.
Падчас перамоваў са зняволеннымі калегамі
— Вядома, што ў Расіі вялікая ўвага надаецца інтэрнэт-барацьбе, ці адчувае сайт “РГ” атакі на сябе з боку так званых “ольгінцаў” у каментарах, блакаванне на акупаванай тэрыторыі?
— Мы пакуль адключылі каментары, хаця гэта й пазбаўляе нас дадатковага трафіку. Але ж мы ведаем, якая цяпер інфармацыйная барацьба. На акупаванай тэрыторыі наш сайт актыўна блакуецца, на захадзе занятай чужынцамі Луганшчыны ўвогуле немагчыма адкрыць яго. Я папрасіў калег зрабіць інфармацыю для людзей, якія там застаюцца, як абысці блакаванне і прачытаць нашы навіны і іншыя матэрыялы. Сайт падвяргаўся DDoS-атакам увосень 2015 года, калі мы апублікавалі мясцовы “тэмнік” для журналістаў, у якім усе “навіны” былі распісаныя на тыдзень наперад, уяўляеце?! Яго нам перадалі свае людзі. Не ведаю, можа сепаратысты не зарыентаваліся, можа вырашылі “хай сабе будзе”, але мы надрукавалі матэрыял у панядзелак, а яны ажно да пятніцы працягвалі пісаць навіны акурат тыя, якія змешчаны ў гэтым “тэмніку”! Смешна было назіраць, як усе так званыя “пісьменнікі ЛНР” выказваліся менавіта напісанымі ў інструкцыях маскоўскіх куратараў словамі! Спачатку “ополченцы” проста назіралі за сітуацыяй, а потым пачалі нас “досіць”.
DDoS-атака на наш сайт прашла й тады, калі разгарэлася ўнутраная барацьба паміж сепаратыстамі. Тады “МГБ ЛНР” арыштавала так званага міністра паліва і энергетыкі “ЛНР” Пасічныка (гэта ўжо прозвішча, а не мянушка!), кіраўнік акупаванай тэрыторыі Платніцкі на пэўны час праз гэта страціў уладу ў “рэспубліцы”. У той час сепаратысты сталі “досіць” адно аднаго, а заадно і ўсіх, хто пісаў пра сітуацыю. Нас жа атакавалі з асаблівым імпэтам, бо на сайце “Реальной газеты” амаль кожную гадзіну з’яўляліся інсайды, свежая інфармацыя. І я дзякую калегам з сайтаў “Радыё Свабода” і “Острів”, а таксама ўсім іншым, хто перадрукоўваў нашы матэрыялы сабе, бо калі іх немагчыма было прачытаць на нашым сайце, яны прачытваліся ў нашых калег.
— Вы як журналіст з акупаванай тэрыторыі, відавочна, цікавіце журналістаў з іншых краінаў, вас запрашаюць на міжнародныя сустрэчы па тэме Украіны. Ці здараюцца выпадкі супрацьстаяння з расійскімі журналістамі?
— Апошнім часам запрашаюць радзей, бо асноўная ўвага грамадства перайшла на іншыя падзеі. А выпадкі здараюцца. Летась я наведаў Парыж, дзе ладзіўся фестываль расійскамоўнай культуры. І хоць палітыка там зусім не прадугледжана, французы зразумелі, што прыедзе Захар Прылепін, іншыя дзеячы, моцна звязаныя з крамлёўскай ідэалогіяй, і ў любым выпадку прарэкламуюць свае ідэі. Таму запрасілі і мяне, бо я з Луганску, і на ўласныя вочы бачыў, што адбываецца. Разам з французскімі калегамі мы запісалі аўдыёварыянт “Лістоў з акупаванага Данбаса” — праект на “Радыё Свабода”, які я вяду. Гэта лісты звычайных людзей, якія жывуць на акупаванай тэрыторыі. Пра жыццё, пра цяжкасці, пра страх…
І мы проста селі там, на фестывалі, зачытаць тыя лісты. Падыходзілі людзі і дзякавалі нам. Расійскія госці спрабавалі распаўсюдзіць сваю прапагандысцкую інфармацыю, аднак больш слухалі нас, як людзей, якія былі і жылі ў зоне баявых дзеянняў. Увогуле, для расійскамоўных нават у развітым Парыжы было дзіўна чуць тыя рэчы. Бо яны нават там, у Францыі, з пасярэдніцтвам каналаў, якія вяшчаюць па-руску, знаходзяцца пад прэсам прапаганды Крамля. Расійскім прапагандыстам значна прасцей, але іхняя фальш распазнаецца. Тыя ж супрацоўнікі “Lifenews” знялі локшыну пра “распятага хлопчыка” для мільёнаў людзей, якія разумеюць па-руску, у тым ліку і для вас, беларусаў… Прыехалі ў Луганск і з’ехалі, а людзям там жыць, на абрабаванай і няшчаснай тэрыторыі. Прылепіна, дарэчы, так нам і не паказалі. Баяліся, відаць, што ўкраінскія журналісты пачнуць яго біць (смяецца).
Журналісты выдання зрабілі пародую на баевікоў ЛНР
— Паводле вашых ацэнак, колькі людзей выехала з Луганска за ўвесь час вайны і колькі свядомых украінцаў засталося ў горадзе?
— Дакладную статыстыку высветліць немагчыма, хто ж яе вядзе падрабязна ў час вайны? Прыблізна ва Украіне зараз 1 600 000 перасяленцаў. Значыць, у цэлым на акупаванай расійскімі і прарасійскімі сіламі ўкраінскай тэрыторыі застаецца каля 2 мільёнаў чалавек. На пачатку баявых дзеянняў утварылася сітуацыя, што Луганск стаяў напалову пусты, многія ў лёгкім адзенні выехалі ў суседнія рэгіёны. Але потым стала зразумела, што горад не будзе вызвалены ў бліжэйшы час, і шмат хто вярнуўся. Нехта не захацеў пакідаць свае кватэры на рабаванне бандытам, нехта не знайшоў працы і жытла ў іншым горадзе, а нехта і не выязджаў з горада з-за ўзросту, напрыклад. Большасць жыхароў цяпер намагаецца не думаць пра палітыку ўвогуле, бо гэта небяспечна. У тых, хто галасаваў на квазірэферэндумах, цяпер нібы пахмелле пасля вялікай п’янкі, калі прачынаешся і пачынаеш асэнсоўваць, што ж ты ўчора натварыў і з чым табе цяпер жыць. Але ў Луганску застаецца і нямала патрыётаў Украіны, я дакладна ведаю гэта, бо штодня размаўляю з рознымі людзьмі.
Тут варта сказаць, што з нашага й так дэпрэсіўнага і рабочага рэгіёну стварылі зруйнаваную ментальна і фізічна тэрыторыю, якая можа існаваць толькі дзякуючы той вайне. Луганшчына цяпер непрыдатная да жыцця нават у мірных умовах, заводы параспільвалі на металалом і вывезлі ў Расею, шахты затапілі, для мужчыны там не засталося якой-кольвечы годнай працы, застаецца хіба ўзяць аўтамат і ісці ў так званую “народную міліцыю” і іншыя атрады, якія кіруюцца з Расіі. Нават калі ў бліжэйшы час Луганск вернецца пад кантроль Украіны, я не ведаю, ці магчыма туды будзе вярнуцца звычайнаму чалавеку раней, чым праз дзясятак гадоў. Я і сам задаю сабе такое пытанне, ці вярнуся я ў родны горад? Хаця Луганск сніцца мне кожную ноч. Горад у расцяжках, мінах, нашпігаваны самай разнастайнай зброяй. Сітуацыя папросту як у кнізе Кіра Булычова “Остров ржавого лейтенанта”.
— Ці шмат у вас “інфарматараў” ў Луганску і ў цэлым на акупаванай тэрыторыі?
— Так, шмат, хоць гэта і небяспечна для іх здароўя і нават жыцця. Але большасць з іх робіць гэта цалкам свядома. Цікава, што журналістам удаецца ўсталяваць кантакт з людзьмі на акупаванай тэрыторыі, а СБУ, напрыклад, гэтага зрабіць не можа. У Луганску СБУ здала ўсё што магчыма. Напрыклад, цяпер у Луганску аднаўляюць старыя “глушылкі”, якімі стваралі перашкоды “варожым галасам” — “Голасу Амерыкі”, “Deutsche Welle” і іншым радыёстанцыям. Я ведаю нават месцазнаходжанне многіх з іх. А СБУ не ведае, а можа і не спрабуе даведацца.
— Якая сітуцыя на акупаванай тэрыторыі цяпер?
— Ёсць цяжкасці з выездам і ўездам, апошні цягнік на Кіеў хадзіў у ліпені. Каб выехаць з тэрыторыі, падкантрольнай сепаратыстам, неабходна даехаць да крайняга блокпаста, прайсці пешкі 2 кіламетры, чакаць у чарзе на ўкраінскі блокпост і толькі потым сесці ў аўтобус. А цяпер зіма, мінус на дварэ, як чалавеку ездзіць, гэта ж пакуты. Каменданцкая гадзіна, страх людзей сказаць нешта лішняе і ў выніку апынуцца ў падвале ў якасці “шпіка “Правага сектару” за незадаволенасць. Але не толькі сепаратысты спрычыніліся да такой блакады, украінскія ўлады таксама адыйшлі ад сітуацыі, прыкрыліся словамі пра тое, што ў “ЛНР” і “ДНР” засталіся выключна “ватнікі, сепаратысты, іншыя здраднікі”. А гэта не так. Зусім не так.
Але сітуацыя з праездам усё ж крыху палепшылася. Раней трэба было даўжэй чакаць спецпропуск, аўтобусы не прапускаліся. Цяпер ёсць прыватныя перавозчыкі, яны возяць людзей на свае страх і рызыку. Проста людзі хоць неяк зарабляюць, спрабуюць выжыць. Здараецца, аўтобус праязджае адзін блокпост, а другі зачынены і ўсе пасажыры вымушаны чакаць у полі нявызначаны час, калі ён адчыніцца.
Ёсць і праблемы з харчаваннем. Людзі, якія жывуць у Луганску цяпер, кажуць, што якасць расійскіх прадуктаў часта даволі нізкая, а кошты высокія. На беларускія тавары не скардзяцца, а ўкраінскія часта не прапускаюцца на тэрыторыю “ЛНР” менавіта ўкраінскай уладай. Таму большасць украінскага завозіцца туды кантрабандай.
— У Луганску нядаўна ўсталявалі помнік Сталіну. А ці шмат луганчанаў ведаюць пра такое месца ў сваім горадзе, як “Сучья балка”, дзе падчас сталінскіх рэпрэсій расстраляныя ад 5 да 10 тысяч чалавек?
— На жаль, вельмі мала. Але мы стараемся пашыраць інфармацыю сярод людзей. Добра, што ў 90-х была адкрыта частка архіваў КДБ і шмат інфармацыі ўдалося ўзяць адтуль. Па Украіне і ў вас, у Беларусі, шмат месцаў масавых растрэлаў. У Харкаве, напрыклад, “гэбісты” зрабілі на костках людзей санаторый. На “Сучьей балке” ў Луганску расстраляна шмат людзей, потым на тым месцы савецкія ўлады зрабілі скотамагільнік. Каб людзі менш наведвалі месца трагедыі, камуністы абвясцілі, што там нібыта знойдзена сібірская язва, змусілі медыкаў сфальсіфікаваць дакументы, але праўда ўрэшце ўскрылася. А тое, што луганчанам мала вядома пра трагедыю, абумоўлена перадзелам 90-х. У горадзе актыўна дзейнічалі бандыты, дзялілі заводы і фабрыкі, я і сам гэта памятаю, мне было 10-13 гадоў у той час. У тыя часы людзям было не да гістарычнай памяці.
А што датычыцца помніка Сталіну, то ён усталяваны на тэрыторыі колішняга абкама Камуністычнай партыі, на ўскрайку Луганска, а не ў цэнтры горада. Месца ўсталявання помніка ўдалося высветліць не адразу. Ніхто з людзей, якіх я апытваў, нават не ведаў, што ў горадзе паставілі помнік кату. А вырабілі яго ў Паўночнай Асетыі на прадпрыемстве аднаго дэпутата ад КПРФ. І бюсцік тыповы, такі ж самы, які ўсталяваны нядаўна ў Ліпецку. То бок расійскія камуністы ставяць помнічкі свайму ідалу і паступова пакрываюць імі ўсё больш тэрыторыі. Такая сабе сталінская рэканкіста.
— Хочацца, каб як мага хутчэй вайна скончылася і ўсе акупаваныя тэрыторыі вярнуліся пад кантроль Украіны. Але ўсё-ткі: ваш прагноз, як будзе развівацца сітуацыя далей?
— Я баюся, што Луганск і Данецк не вернуцца пад кантроль Украіны да тае пары, пакуль не разваліцца Расія, якая вельмі зацікаўлена ў дэстабілізацыі абстаноўкі тут. Таму варыянтаў два: альбо ў нас карова здохне, альбо ў суседа. Нават калі Данецк і Луганск вернуцца тэрытарыяльна, пытанне, ці зможа іх дзяржава Україна вярнуць ментальна. На ўсёй постсавецкай прасторы павінна змяніцца ментальнасць. Прыклад Расіі паказаў, як за год замежныя санкцыі знішчаюць увесь іх эканамічны рост, а што расійская ўлада зрабіла для народа за ўсе тыя гады, калі нафта была па 100 з нечым даляраў за барэль? Нічога. Вось калі зменіцца ментальнасць, людзі адчуюць змены. І мы, украінцы, і вы, беларусы, і іншыя.
Арцём Сізінцаў спецыяльна для Mediakritika.by