Гарадзенскі журналіст Анджэй Пісальнік атрымаў ўзнагароду Мацея Плажынскага. Ён стаў лепшым у намінацыі «Журналіст паланійных СМІ». Гэтая знагарода –падзяка за артыкулы, якія былі апублікаваныя ў беларускіх польскамоўных выданнях «Magazyn Polski» і «G?os znad Niemna», а таксама - у польскай газеце «Rzeczpospolita».
Mediakritika.by сустрэлася з гарадзенцам і распытала яго пра ўзнагароду, прафесію і стаўленне да сучанай беларускай журналістыкі.
Анджэй, што для цябе гэтая ўзнагарода?
Гэта для мяне першая польская ўзнагарода. Яна для мяне вельмі важная, бо амаль усё маё прафесійнае жыццё звязанае з польскімі медыямі у дадзеным выпадку: са штодзённнікам «Rzeczpospolita», газетай «G?os znad Niemna», «Magazynаm Polskim». Я цешуся, што мяне ацаніла журналісцкая супольнасць у Польшчы. Раней я атрымліваў узнагароды ад БАЖа – прэмію імя Змітра Завадскага. Гэта была беларуская ўзнагарода. Калі я працаваў карэспандэнтам у Расіі, мяне ўзнагародзілі за матэрыял пра Анну Паліткоўскую “Залатым Глаголам”. І вось мая трэцяя ўзнагарода – польская, імя Мацея Плажынскага, які трагічна загінуў у Смаленску.
Чаму, на тваю думку, узнагародзілі менавіта цябе ?
Можа таму, што ў мінулым годзе менавіта дзякуючы маім публікацыям пра пагрозу русіфікацыі польскай школы ў Гродне, бацькам вучняў гэтай школы ўдалося адваяваць яе польскамоўны статус?... Не, не ведаю…
Анджэй, ты сябе ўвогуле адчуваеш беларускім журналістам ці польскім?
Адчуваю сябе палякам, грамадзянінам Беларусі і такім самым журналістам. Гэта – знакамітая дылема пра падвойную лаяльнасць. Але мне такое раздваенне не перашкаджае, бо калі ўзнікае тэма, напрыклад такая, як рэпартаж з Накрышак, дзе праваслаўны святар захоўвае за муром царквы помнік 10-годдзя незалежнасці Польшчы і займаецца даследваннем лёсу польскага роду Стравіньскіх, былых валадароў маёнтку, для меня не істотна апісваю дзейнасць паляка, беларуса, рускага, каталіка, ці праваслаўнага. Галоўнае, каб чалавек быў добры, а хто ён па нацыянальнасці і якога веравызнання, якая розніца? Гэтага ж прынцыпу я стараўся трымацца, калі працаваў у Расеі для газеты «Rzeczpospolita» і калі лічыў што ў вострай польска-расейскай спрэчцы польскі бок не да канца мае рацыю, у сваіх публікацыях імкнуўся адлюстраваць пазіцыю расейскага боку.
Як адчуваеш, ці ёсць для тваіх чытачоў цікавыя і не цікавыя тэмы?
Канешне! І гэта вялікая ўдача патрапіць у чаканні чытачоў. Нават калі гэта не да канца ўдаецца, трэба захаваць аб'ектыўнасць і трымацца самых высокіх стандартаў прафесіі. Бо мой чытач вельмі патрабавальны і хутка заўважыць лухту. І звярне ўвагу на гэта, калі не ў каментары да артыкула, то ў лісце асабіста да мяне, ці нават да майго кіраўніцтва.
А для цябе цябе самога, ці ёсць нейкія забароненыя тэмы?
Забароненых тэмаў няма, а самыя цікавыя - тыя, ў якіх я магу заняцца так званай інтэрвенцыйнай журналістыкі, гэта значыць дапамагчы вырашыць нейкую праблему ці дапамагчы ў шляхетнай справе.
А што для цябе панятак самацэнзуры і ці калі-небудзь прыбягаў да самацэнзуры?
Самацэнзура абмяжоўваецца нормамі права і прафесійнай этыкі. У цяжкіх выпадках спадзяюся на кансультацыю і шчырую параду з боку свайго рэдактара, якога лічу адным з найбольш знакамітых сучасных прафесіяналаў у польскай журналістыцы. Гэта рэдактар Ежы Хашчыньскі, які еў хлеб і замежнага карэспандэнта, і ваеннага рэпарцёра, і гэтак далей.

Чаго, на тваю думку, бракуе беларускай журналістыцы?
Беларускай журналістыцы бракуе вольнага рынку і вольнай канкурэнцыі ў кожным з мажлівых праяўленняў. Ну і падзел на "чэсных" і "нячэсных" вельмі псуе якасць нашай працы.
Якой бачыш перспектыву СМІ ў Беларусі?
На Беларусі перадусім павінен ўзнікнуць медыярынак. Але яго няма, бо сфера медыя сёння маніпалізаваная праз дзяржаўныя медыя, гэта не дазваляе развівацца здаровай канкурэнцыі. І мы мусім прызнаць, што калі не зменіцца палітычная сітуацыя, то і ў сферы медыя ў Беларусі не будзе ніякіх зрухаў. Дкмаю, што ўся інфармацыйная плынь пяройдзе ў інтэрнэт. Дзякуй Богу, інтэрнэт сёння з’яўляецца такім сродкам камунікацыі, што ўлады не маюць на яго вялікага ўплыву. Павялічваецца роля сацыяльных медыяў, розных блогаў, сацыяльных сетак. Менавіта там адбываецца абмен інфармацыяй і думкамі. Такім чынам у пэўны момант мы можам атрымаць сітуацыю, калі далёка не журналісты будуць уплываць на паўстанне нейкіх інфармацыйных трэндаў, ствараць інфармацыйны кантэнт будуць блогеры, сеткавыя актывісты. І гэтыя з’явы будуць нават больш уплываць на змену рэчаіснасці, чым высілкі прафесійных журналістаў .
І я не бачу нічога кепскага ў тым, што пустыя месцы запоўняць актыўныя сеткавыя актывісты. Гэта будзе нейкае выйсце для грамадства, якое так, ці інакш, павінна мець дыскусыйныя пляцоўкі. Інтэрнэт і ёсць такой пляцоўкай...
Ц і бачыш ты сабе месца ў беларускіх медыях?
Я вельмі хацеў бы працаваць у беларускіх медыях, найбольш – у лакальнай гарадзенскай газэце, і займацца ў ёй інтэрвенцыйнай журналістыкай. На жаль, адсутнасць рынку ды ідэалагічная залежнасць легальных гарадзенскіх рэдакцый, роўна як і падзел на "чэсных" і "нячэсных" журналістаў не дазваляе мне спадзявацца, што я магу быць у іх запатрабаваны. Раней я працаваў амаль ва ўсіх недзяржаўных выданнях Гродна, але ніводнае з іх сёння ўжо не існуе.
Наколькі я ведаю, ты навучаеш маладых гарадзенскіх журналістаў?
Так, гарадзенская школа маладога журналіста вось ужо два гады запрашае мяне весьці заняткі з моладдзю, якая спарабуе зразумець і паспрабаваць сябе ў журналістыцы, зразумець, што такое журналістыка. І мне гэта вельмі падабаецца, бо ўжо негледзячы на свой немалы досвед, калі абмяркоўваю нешта з моладдзю, адчуваю свежае паветра, свежы погляд на тое, чым мы займаемся прафесійна. І гэта дазваляе часам на тое, што мы робім з боку гледжання дылетанта, і гэта вельмі важна. Важна, каб мы не забываліся, што мы працуем для нармальных людзей, пішам тэксты не толькі для рэдактара, але, перадусім, для чытача.
Фота з асабістага архіва Анджэя Пісальніка



 
 
		