Аглядальнік газеты “Белорусы и рынок”, медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі распавядае аб тым, дзе шукае інфармацыю і што чытае у вольны час:
Калі ў 91- годзе я пачынаў працаваць у журналістыцы, купляў газеты штодзень. Тады была завядзёнка: людзі, якія лічылі сябе інтэлігентамі, набывалі шмат усяго. Я працаваў карэспандэнтам у «Чырвонай змене». У нас казалі, што рэпарцёр мусіць сам хадзіць, бачыць усё цікавае і пісаць пра гэта, а астатняе зробіць адказны сакратар: з дапамогай агенцтваў «заб'е дзіркі» ў газеце.
Пазней, калі я працаваў на радыёстанцыі «Крыніца», значную частку эфіру мы рабілі з дапамогай інфармагенцтваў. Тады інтэрнэт толькі-толькі з'яўляўся, агенцтвы былі значна хутчэйшымі.
Зараз мой дзень пачынаецца з таго, што я праглядаю сваю пошту, куды прыходзяць зводкі навін з агенцтваў. З кампутара ці з іншага дэвайса: залежыць, што хутчэй трапіць пад руку. Я чытаю БелаПАН, БЕЛТА і падпіскі навін, сабраныя ў групы. Калі мне трэба хутка прагледзець бягучыя падзеі, я карыстаюся rss-падпіскамі – ў прыватнасці netvibes.com.
Я фактычна перастаў набываць усё друкаванае. У камандзіроўках купляю рэгіянальныя газеты. Мне цікава паглядзець, як выглядае папяровая версія, бо часам яна адрозніваецца ад сайта. Калі-некалі для гэтага я хаджу ў біблітятэку: як ненармальны чалавек, гляжу, які быў наклад, колькі рэкламы, на якіх старонках з'явіліся новыя тэксты. Часам мне бывае цікава давецца, ці прадаюць «Нашу Ніву», «Народную волю» на пошце, ў сетцы «Белсаюздруку» - тады толькі магу купіць. Гэта мая праца не як журналіста, а як медыяэксперта.
Таксама як медыяэксперт адсочваю, што адбываецца на медыярынку ў нас і ў свеце. Усё гэта ў мяне раскладзена па закладках. «Міжнародная асацыяцыя выдаўцоў прэсы» робіць цікавыя падборкі. Не вельмі добра валодаю ангельскай мовай, але спрабую чытаць.
Я маю акаўнты ва ўсіх сацыяльных сетках, якімі толькі карыстаюцца беларусы. Калі патрэбныя палітычныя навіны і абмеркаванні, я іду ў Facebook (ранней з гэтай мэтай - у LiveJournal). Калі трэба даведацца пра надзвычайныя здарэнні – Twitter, знайсці таго ці іншага спецыяліста – “LinkedIn”. “ВКОНТАКТЕ” бываю радзей, звычайна калі пішу пра масавыя рэчы. Аднойчы я пісаў пра гаспадарчы суд Віцебскай вобласці. У іх быў акаўнт в “Одноклассниках” прычым не ў якасці арганізацыі, а як чалавек яны былі зарэгістраваныя.
Мая старая пасія – перадача Севы Навагародцава «БиБиСева» на BBC. Слухаю яе ўжо гадоў 20. Я нават пераймаў у яго «навіны з чалавечым тварам» пэўны час. Я пампую падкасты з інтэрнэта і слухаю з планшэта.
Увогуле за канкрэтнымі імёнамі я сачу ў першую чаргу дзякуючы Facebook. Гэта некалькі скажае карціну свету, бо я бачу толькі тых, каго мае фрэнды палічылі цікавымі. Я чытаю амаль усё, што піша Класкоўскі (хоць не заўсёды з ім пагаджаюся). Ён трымае высокі якасны ўзровень. Адсочваю, што піша Малішэўскі, які лаканічна і вобразна перапрацоўвае цікавыя лічбы ды заўважае сувязь фактаў.
Каго яшчэ адсочваю? Калінкіну. На яе часта спасылаюцца, падзяляючы ці не падзяляючы яе меркаванне. Чытаю блогі Дракахруста, іншых свабодаўцаў. Хоць на маю думку, для калонкі гэта не дапрацавана, а для журналістыкі занадта асабіста. Усе гэтыя псеўдаблогі, якія сталі падзеяй год 5 таму ў Беларусі... Я лічу, журналіст не можа стаць па-сапраўднаму блогерам: ён ведае правілы гульні.
Чытаю таксама, што пішуць Аляксандр Ступнікаў, Міхаіл Валодзін.
Часта карыстаюся пошукавікамі. Стараюся адсочваць невядомыя ў Беларусі СМІ, напрыклад, калі Лукашэнка паляцеў у Венесуэлу ці Казахстан. Але гэтым шмат хто карыстаецца. Часам мы ўсе зрабілі экслюзіўныя матэрыялы, а яны аказваюцца падобнымі.
Калі ў Расіі былі выбары, мне стала цікава глядзець інтэрнэт-тэлебачанне «Дождь» ды параўноўваць, што кажуць іншыя каналы. Калі ва Украіне адбываюцца цікавыя мне падзеі, з дапамогай віджэтаў на планшэце гляжу ўкраінскія тэлеканалы. Беларускія тэлеканалы звычайна завісаюць. Напрыклад, пасланне прэзідэнта Нацыянальнаму сходу паглядзець не ўдалося. Відаць, транслятары з-за наплыву народа не вытрымалі.
Дома наш тэлевізар пакрываецца пылам. Нават дзіцёнак апошнім часам не ўключае. У кожнага свае дэвайсы, нашыя густы не вельмі супадаюць. Я дык са сваім «Еўраньюзам» надакучваю іншым.
Я спажываю інфармацыю вельмі арганізавана. Тое, што робяць інфармагенцтвы, лёгка чытаць: яно не ўтрымлівае вады, адабрана па часе (тое, што здарылася цяпер, а не калісьці), па загалоўку і ліду можна зразумець, ці трэба чытаць далей. У rss-стужках таксама ўсё структуравана: я не заходжу на сайты, я бачу менавіта абнаўленні. У Facebook мае сябры працуюць для мяне фільтрам. Калі я адчуваю, што нечага мне не хапае, я наведваю сайты. Гэта бывае досыць рэдка.
Па вечарах я чытаю кнігі. Карыстаюся для гэта пераважна букрыдарам (нават у ванную цягаю яго з сабой). Я купляю электронныя кнігі на Amazon, «Библио-глобусе», іншых рэсурсах. Забыўся, калі апошні раз набываў папяровыя кнігі. Іх у асноўным атрымліваю ў якасці падарунка ад сяброў на прэзентацыях. Хіба, для дзіцёнка апошні раз купляў штосьці.
У мяне проста не атрымліваецца «выключацца» цалкам. Нават у адпачынку я, можа быць, у меншай ступені, але сачу за навінамі. Часам губляеш не самі факты, а адчуванне, як яны паміж сабой звязаны. Але зусім з кантэксту не магу вырвацца.
Наступным разам чытайце ў праекце «Навінавы» лад жыцця», дзе шукае інфармацыю рэдактар Onliner.by Дзяніс Блішч.



 
 
		