Алесь Залеўскі распавядае аб тым, дзе чытае навіны:
Мая працоўная раніца пачынаецца з вечара папярэдняга дня. Ёсць такая катэгорыя падзей, якія мы не можам асвятліць “на хуткую руку” і я стараюся замовіць здымкі заранёў. Напрыклад, у нас ёсць карэспандэнт у Маскве. Калі ўвечары аўторка Дзярждума прыняла нейкі закон, мы замаўляем гэту тэму адразу, і ў сераду я ведаю, што яна ўжо ёсць у мяне ў плане.
Думаю, як і ў большасці маіх калег-навіншчыкаў пятніца – трывожны дзень. Не ведаеш, ці атрымаецца табе сёння раней выйсці з працы, калі а пятай вечара, як любіць Рыгоравіч рабіць, “Белта” паведамляе пра кадравую нараду.
Дома раніцай у мяне тэлевізар ідзе фонам. Уключаю CNN цi BBC, каб ведаць, чым жыве свет. Не факт, што я буду даваць гэтыя навіны ў блоку “Белсата”. Аднак часам эканамічныя звесткі з такійскіх ці нью-ёрскіх біржаў могуць мець наўпроставы ўплыў на кошты на нафту. З гэтым могуць быць звязаны змены ў беларускай эканоміцы. Я трымаю руку на пульсе.
Да таго ж CNN i BBC - часта першапраходцы ў новых тэхнічных формах. У іх заўжды ёсць што падгледзець.
Нешта мэтава па тэлебачанні не гляжу. Колькі можна ўжо тэлевізара?
Радыё… не ведаю, навошта слухаць. Нядаўна ехаў у маршрутцы ў Менску – выпуск навін (па-мойму, радыё “Рокс”, што яшчэ можа граць у маршрутцы?) Першая навіна: намеснік міністра вельмі экзатычнай краіны прыехаў у Беларусь, і не паведамляецца, у якой справе. Другая навіна: у гэтым годзе зафіксавана менш укусаў кляшчэй. Трэцяя навіна: беларускаму прафсаюзу – 110 год. Я нават у кіроўцы запытаўся: “Вы зразумелі, што адбываецца ў краіне?”
Праглядаю стужкі агенцтваў. Не буду хаваць, “Інтэрфакс-Захад” у мяне ў топе. Заўсёды пацверджаная інфармацыя, трошку хутчэй за нашых калегаў з “БелаПАН-а”.
З карысных падпісак адзначу рассылку інфармацыйна-аналітычнага агентцва “Бізнэс-навіны”.
Заходжу на дзяржаўныя тэлеканалы ont.by і tvr.by. Гэта дае адчуванне якім сённяшні дзень хочуць бачыць улады, што, на іх думку, найважнейнае, і што найважнейшым мусіць лічыць беларус.
Сачу за працай Святланы Калінкінай. Яна шукае палітычныя тэмы, якія маюць наўпроставае выяўленне ў сацыяльнай сферы. Часта за асвятленнем палітыкі мы не бачым рэальных наступстваў, хоць яны больш балючыя для людзей, чым паведамленне: “Лукашэнка прыняў такі-та ўказ, бо Пуцін яго нахіліў”.
Звяртаю ўвагу на “Ежедневник”. У нас наогул бяда з журналістамі следчай тэматыкі. “Ежедневник” сур’ёзна займаецца гэтай сферай. Калі нейкага невядомага чыноўніка пасадзілі за хабар, часта пра яго медыі не напішуць. А “Ежедневник” можа капнуць такім чынам, што акажацца, што па ўсёй краіне такая сітуацыя і што гэта ўжо 15-ы арышт.
Для мяне барометрам вагі навіны з’яўляюцца сацыяльныя сеткі. Актыўна карыстаюся сеткай “Facebook”, хоць сам амаль туды не пішу. Калі з’яўляецца цікавая навіна, адразу шукаю яе магчымых актараў і тых, каго яна закранае. Сачу за абнаўленнямі апазіцыйных палітыкаў, эканамістаў, калегаў-журналістаў, блогерамі кшталту Малішэўскага, бо яны аператыўна адгукаюцца.
Сёння медыйным інстытуцыям без сэнсу ганяцца за аператыўнасцю. Але мы можам выкарыстоўваць час, каб грунтоўней падысці да матэрыялу. Напрыклад, мы маем дзве гадзіны на падрыхтоўку адной навіны: замова відэа, мантаж, напісанне тэкста. Мы не ў стане прадставіць гледачу самую апошнюю інфармацыю. Мы можам прадставіць максімум таго, што ўдалося выцягнуць з гэтай навіны: магчымыя падводныя камяні, каментары, перспектывы развіцця здарэння. Каштоўнасць – як хутка ты ў стане прыгатаваць прадукт куды большы за сухую інфармушку, якая з’явілася некалькі гадзін таму.
З папяровых выданняў чытаю польскі часопіс “Press”, беларускі “Абажур”. У Беларусі няма такога яўнага падзелу на журналістку он-лайн і больш элітарную друкаваную. Усё, што ёсць у газетах, ёсць ў інтэрнэце.
Перад сном чытаю толькі кнігі. Як правіла, у мяне іх заўжды паралельна дзве: мастацкая і прафесійная. Мастацкая літаратура для мяне цяпер – сапраўдны бальзам.
Нават у адпачынку ў мяне, як і ў кожнага навіншчыка, дзейнічае правіла: раз на 2-3 дні залезці ў інтэрнэт і прагледезць навіны. Бо потым прыйдзецца шмат часу аддаць, каб прачытаць, што адбылося, пакуль цябе не было.



 
 
		