Журналіст і рэдактар парталу TUT.by Алёна Шарамет распавядае пра тры правілы, якіх яна датрымліваецца ў сваёй штодзённай працы.
Не нашкодзь!
Пытанне правілаў у журналістыцы з аднаго боку такое простае (ім жа вучаць з першых крокаў у прафесіі) і такое складанае, калі трэба ўзяць і сфармуляваць іх. Аднак галоўнае маё правіла, якога я максімальна датрымліваюся асабліва цяпер, нямала займаючыся ўкраінскай тэмай, - "не нашкодзь". Тут важна не нашкодзіць ані героям матэрыялаў, ані іх сем'ям, ані нават краінам.
Свежы і жывы прыклад - інфармацыя пра беларускіх добраахвотнікаў, якія загінулі ў зоне АТА. Я не веру ў тое, што беларусы, ваюючы ва Ўкраіне, займелі там яшчэ і запасныя жыцці ці знакамітыя "гермашлемы", якія б баранілі ад раненняў. Мы з калегамі паднялі ўсе магчымыя ўласныя сувязі ва Ўкраіне, каб атрымаць пацверджанне інфармацыі пра 12 забітых беларусаў, якую агучыў у інтэрв'ю калега Зміцер Лукашук. Пацверджанні знайсці вельмі нялёгка, усё, што ўдаецца накапаць нельга публікаваць - крыніцы разумеюць, што гэта нашкодзіць не толькі сем'ям загінулых, але нават краінам. І мы чакаем часу для гэтай інфармацыі і разумеем, што ён можа не надысці ніколі.
Мінімум эмоцыяў
З гэтым найцяжэй. І не толькі ва ўкраінскай тэматыцы. У кожнай. Без эмоцыяў цяжка ствараць нешта, пісаць ці прапрацоўваць тэму ў эфіры, ці на здымках сюжэту. Але эмоцыі нельга ўпусціць да аўдыторыі, у кожнага чытача ці гледача свая гісторыя на кожную тэму. І гэтая гісторыя можа быць палярна адрознай ад маёй. Не пакіну без прыкладаў і гэтае правіла.
Надоечы па просьбе сваякоў паехалі на знакамітыя беларускія Мальдзівы па прыгожыя фота. Яшчэ да выезду я настаяла на тым, што ніякага купання там не будзе - зона тэхналагічная і небяспечная. А па выніку напісала сваё меркаванне пра адапачынак там. Рэдактару здала тэкст толькі пасля двухразовая ачысткі матэрыялу "ад атруты". Ува мне сапраўды было шмат злосьці ад таго, як абыякава ставяцца да сваёй бяспекі і жыцця ў цэлым суграмадзяне. Але тое я паспрабавала заглушыць. Хаця сёння мне здаецца, што ўсё ж не да канца. А пасля кожнага сказу амаль што карцела вялікімі літарамі пісаць: ЛЮДЗІ, МІЛЫЯ, ДЫ БЕРАЖЫЦЕ ВЫ СЯБЕ. ЗРАБІЦЕ ЗДЫМКІ ПРЫГОЖЫЯ (ХОЦЬ І БЕЗ ІХ МОЖНА АБЫСЦІСЯ) І ЕДЗЬЦЕ ДАЛЕЙ АДСЮЛЬ. ТУТ НЕБЯСПЕЧНА!!!
Быць зразумелай
І тут мне яшчэ даводзіцца шмат чаму вучыцца. Ад намеру стаць журналісткай да сённяшняга дня я змагаюся са складанымі канструкцыямі ў сваім мысленні і тэкстах: я люблю даўгія сказы і фармулёўкі. Але ў іх можна пачаць з адной думкі, а скончыць іншай. І гэта замінае таму, каб быць зразумелай.
Таму залатое правіла, якому вучаць з першых крокаў: адзін сказ – адна думка, адзін абзац – адна думка. І для мяне гэта штодзённы інструмент. Ён прыдаецца мне не толькі ў маёй журналістцкай працы, але і ў маёй рэдактарскай працы. Чытач, карыстальнік, глядач не мусіць блытацца ў нашых думках, яму б у сваіх разабрацца, асабліва пасля нашых усё часцей невясёлых паведамленняў.